Лазневы дух

0

Раз на тыдзень, у суботу, я прачынаюся з адчуваннем светлай спяваючай радасці: сёння лазневы дзень! А як жа інакш, калі гэта адна з нямногіх уцех у жыцці і абарона ад усялякіх жыццёвых бед!
Вясковая лазня — гэта рэч асобая і дзіўная: там ты ў адзін момант становішся чыстым і здаровым. Выхо- дзіш з лазні - ні стомы, ні ўсялякіх гнятлівых думак. Быццам усё змыў і нанава на белы свет нарадзіўся. Цела зробіцца бязважкім — гатова ўзняцца і ляцець.

Вельмі часта ўспамінаю лазню ў вёсцы Папоўцы. Яна была драўляная, стаяла за вясковым клубам у канцы агарода. Яе старанна і сумленна даглядаў і паліў дзядзька Апанас — ён быў добрым парыльшчыкам. Хутка маці збярэ белізну, уціральнік, мыла, рыгожку, а бацька возьме венік (тут і бяроза, і дуб, і ліпа, і крапіва), тазік і вядро. У студні дзядзькі Сямёна возьмеш вядро халоднай вады і крочыш у лазню. За клубам пачуеш галасы мужчын і хлопцаў, заўзятых ахвотнікаў папарыцца, якія, каб не прапусціць першай пары, збяруцца загадзя.

Слязліва міргаючы чырвонымі вачыма, Апанас Гаўрылавіч вынясе вядро жару ды галавешак, вернецца назад, прыгаворваючы: «Горыч вон, а слодач — у нашу лазню». Абліе вадой чорныя закапцелыя сцены, палок, квартай кіпню акоціць распаленыя камяні і тады гукне: «Хто самы смелы і шустры — заходзь!».

Реклама

Мужчыны распранаюцца. У многіх угледзіш на целе то шрам, то рубец — адмеціны вайны ці нейкага мірнага занятку.
Раней за ўсіх, вядома, шмыгнуць парыцца дзядзька Апанас і дзядзькі Гаўрыла, Фёдар, Фама, Іван. Нехта з іх чабурдыхне кварту вады-другую. Вухне печ.
— О-го-го, — данясецца чыйсьці голас. — А-я-я, — зойдзецца падлетак Вова.
— У-у-ух, — захёхае з венікам у руках Апанас. — А-га-га! Во дзе рай! Яшчэ б трошкі паддаць!
— Хопіць! — ледзь не млеючы, прахрыпіць старэйшы Іван.
Чырвоныя, што апараныя ракі, разгарачаныя, паспытаўшы здаровы пах бярозавых венікаў, напаўняючы прымальнік вільготным парам-цяплом, выляцяць мужчыны.
Затым настае час падлеткаў. Пасядзяць яны, пагамоняць, астынуць. Калі аслабіцца палок, зноў накіруюцца ў парылку — выганяць хваробы, разаграваць кроў і расслабіцца.

Пасля мужчын каля лазні ўжо збіраюцца жанчыны, сярод якіх таксама шмат ахвотнікаў «пагрэцца».
Гэтую лазню закрылі, а ў Мялешках пабудавалі мураваную на два аддзяленні. Яна добра працавала шмат гадоў. Тут ужо было больш яе наведвальнікаў з навакольных вёсак. Любіў «пагрэцца» і старшыня калгаса Сяргей Сямёнавіч Паляшчук, які заўсёды залазіў на верхнія палкі. Але не стала Сяргея Сямёнавіча, і лазня заняпала. Цяпер яе рамантуюць, і невядома, калі адкрыюць.
Успаміны маленства прыходзяць калі-нікалі прыгожымі снамі і ўстаюць, як воблакі на пачатку лета. Гэтыя моманты і тыя пахі - незабыўныя і самыя лепшыя, як успаміны пра дотык бацькоўскіх рук, пра іх голас. Іх нікому не паўтарыць, нікому не сказаць табе тых самых ласкавых, самых шчырых слоў любові, адзінай і вялікай, якой могуць адарыць цябе толькі бацькі.

Часта прыходзіць імгненне, калі нясцерпна хочацца пабачыць тыя мясціны, дзе калісьці хадзіў у маленстве. З вялікай любоўю ўспамінаю свой родны край, дзе нарадзіўся, правёў дзяцінства, вучыўся, працаваў, потым пайшоў адсюль у свой жыццёвы шлях. Дзе б я ні быў, куды б ні закінуў мяне лёс, сэрца рвецца дадому, у родную вёску, дзе кожная пядзя зямлі схо-джана тваімі нагамі. Нідзе не было добра, як тут…

Міхась Масюк, Слуцк

ПІШЫЦЕ. Вашы жыццёвыя гісторыі і гісторыі кахання прысылайце на адрас: 223 610, Слуцк-9, а/с 53 ці прыносьце ў рэдакцыю: г. Слуцк вул.Камсамольская, 1

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии