Каханне на ўсё жыццё

0

З тэлевізара несліся «охі» ды «ахі». «Цьфу, ты!» — у сэрцах вымавіў дзед, які ляжаў на ложку ля дзвярэй, — хіба ж гэта любоў - адна срамата!". «Дзед, а гэта ж сучасная любоў», — засмяяліся маладыя хлопцы. Дзеянне адбывалася ў палаце адной лячэбніцы. «Эх», — толькі і ўздыхнуў дзед і адвярнуўся тварам да сцяны.

Фільм па тэлевізары хутка скончыўся. «Дзед, а ты раскажы, як кахалі ў твой час», — папрасіў адзін з маладых.
«А што ж, і кахалі, і мы былі маладымі, але не так, як зараз. Куды ні глянь — у аўтобусе, на астаноўцы, на лаўцы — прыліпнуць адно да аднаго і ліжуцца. Срамата! Хіба ж я змог бы так са сваёй Настулькай на людзях… Не, не сучасная гэта любоў, а адна паказуха, таму і разыходзяцца праз год-два.

Реклама

Мы з Настуляй пачалі сябраваць яшчэ ў школе. Я быў на два гады старэйшы за яе. Першага мая сорак першага мы распісаліся ў сельскім савеце. Але нядоўгім было наша шчасце: грымнула вайна. Я тады быў камсамольскім важаком у калгасе і першым пайшоў у ваенкамат. Настуля не плакала — ведала мой характар. Толькі сказала, што вельмі моцна мяне кахае і будзе чакаць.

Адступалі мы аж да Магілёва. Шмат там палягло маладых салдат, там і мяне раніла. Пасля шпіталя паслалі ў армейскую школу разведкі. Потым у чыне малодшага лейтэнанта камандаваў асобным разведатрадам, даслужыўся да маёра. Але гэта было ў Германіі. Набіў аднаму падонку морду, і, каб не наш камісар, сядзеў бы. Адабралі ўсе ўзнагароды, і я зноў стаў малодшым лейтэнантам. У сорак пятым адправіўся на далёкі Усход. Дадому вярнуўся толькі ў сорак восьмым. Мая Настулька, мабыць, малілася за мяне і дачакалася.

Сваіх дзяцей у нас не было, але мы выгадавалі дзвюх Насціных пляменніц, бо іхніх бацькоў забілі фашысты. Дзяўчынкі сталі для нас роднымі. Мы з Настуляй моцна кахалі адно аднаго, і шмат хто нам зайздросціў. Але на шасцідзясятым годзе жыцця мая каханая пакінула мяне. Я да гэтага часу нашу ёй на могілку валошкі. Яна вельмі любіла гэтыя палявыя кветкі. І адно мяне цяпер суцяшае: праўнучка Насцечка, якая вельмі падобна на сваю прабабку».

Дзед уздыхнуў і замоўк. У палаце стаяла цішыня, кожны пераварваў толькі што пачутае. А ў мяне нарадзіўся верш. Я прысвячаю яго гэтаму мужнаму чалавеку, які праз усе жыццёвыя выпрабаванні пранёс сваё каханне.

Мікола Корань

Зноў я да цябе прыйду

Ну вось ізноў я да цябе прыйшоў.
Даруй, запыхаўся я трошкі.
Ты ж ведаеш, што мне ўжо 80 гадкоў,
Але не забываю да цябе дарожку.

Сляза ізноў прабегла па маршчынках,
Стаю над роднаю магілкай, дзе ты ляжыш, мая любоў.
Не трэба плакаць, я ўсё ж такі мужчына,
А вочы самі па сабе макрэюць зноў.

Ужо два дзясяткі год хаджу я да цябе,
З табой дзялюся кожнай навіною,
А ты прыходзіш да мяне ў сне,
Гамонку там са мной заводзіш.

А памятаеш, стаялі пад бярозай,
Касу ты церабіла ў руках.
Ужо сонца ўзыходзіла над вёскай.
І першы пацалунак на губах…

Прайшлі гады, і выраслі ўжо ўнукі,
Цябе, мая любоў, я не магу забыць.
Навошта, Божа, даў такія мукі,
Як змог з табой так рана разлучыць?

Ужо два дзясяткі год нясу сюды я кветкі,
І боль, і радасць да цябе нясу.
«Ён, мабыць, з глузду з’ехаў», — шэпчуцца суседкі.
А я ўсё роўна да цябе іду.

Ну вось, пагаманіў з табою трошкі,
Як быццам цяжкі камень зняў з душы.
Ты ведай: не забуду я сюды дарожку,
Зноў я прыйду, пакуль яшчэ жывы!

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии