Урэчча: зацёсы 30−40-х гадоў

0

Сёння гэтае мястэчка ўваходзіць у Любанскі раён, а з 1924 па 1962 гады яно было прапісана ў Слуцкім.

Улетку, калі паспявалі на градках клубніцы, жыхары нашай вёскі Боркі везлі прадаваць іх не ў Слуцк, да якога кіламетраў дваццаць грунтовай дарогі, а ва Урэчча.
Туды на рынак і я не раз ездзіў з бабуляй у драбінках, запрэжаных калгасным канём. Дзевяцікіламетровы шлях пралягаў праз вёску Паўстынь, вакол якой праглядвалася не меней за дзесяць хутароў. У 1939 годзе іх насільна ссялялі ў вёску, хоць мала хто адабраў такі самасуд-прымус.

Реклама

Першыя ўражанні ў дзевяцігадовага хлапчука ад таго мястэчка былі не вельмі яркімі. Незабрукаваная шырокая доўгая вуліца з абодвух бакоў глядзелася невялікімі хацінамі, некаторыя нават былі пад саламянымі дахамі.
Праз крокаў колькі пасля ўезда ў мястэчка нас спынілі жанчыны-яўрэйкі і спыталіся: «Баба, куры прывезла?». У палукашы на драбінках ляжалі дзве курыцы з перавязанымі нагамі. Іх тут жа забіралі, разлічваліся, а мы ехалі далей, да цэнтра, дзе і быў рынак.
Першы раз за жыццё я там убачыў, як з размешчанага паблізу Урэчча палявога аэрадрома ўзляцеў двухкрылы самалёт У-2, ледзь не закранаючы няўбранымі коламі дахі дамоў. Палёты двух ці трох самалётаў працягваліся мо з гадзіну, і кожны дарыў мне захапленне.

А тут яшчэ па брусчатцы плошчы прагрукацела вузкімі гусеніцамі прыземістая танкетка з кулямётам над маленькай вежай. Справа ў тым, што ўжо ў канцы 20-х гадоў на ўскрайку мястэчка пачалося будаўніцтва вайсковага гарадка, у які пазней, ў пачатку 30-х гадоў, завезлі па чыгунцы і лёгкія танкі.
Невыпадкова, што першымі пакупніцамі бабуліных клубніц былі жонкі камандзіраў той часці. Рускамоўныя, добра апранутыя, з белымі бярэткамі на галовах. Праз гадзіны дзве кашы ягад былі раскуплены імі.
Бабуля за выручку купляла ў магазіне батон, пару боханаў хлеба, пячэнне, пачак солі, і мы вярталіся пад вечар у вёску.

Па даваеннай статыстыцы, працэнтаў пяцьдзясят жыхароў тут былі яўрэі - шаўцы, краўцы, цырульнікі, аптэкары (у мястэчку знаходзілася амбулаторыя з ложкамі для хворых), гандляры, кавалі, рабочыя на чыгуначнай станцыі, аэрадроме, у вайсковым гарадку.
Мала хто з іх у пачатку вайны (а немцы Урэчча занялі ўжо 28 чэрвеня 1941 года) здолеў выбрацца ў бежанцы, бо цягнікі ўжо не хадзілі, а да шашы-«варшаўкі» адтуль было пятнаццаць кіламетраў лясной дарогі.
Таму болей за тысячу яўрэяў немцы і паліцаі расстралялі ў лесе, узбоч дарогі на пасёлак Кучына. Там пасля вайны ўсталявалі помнік-абеліск на брацкай магіле.
Сёння ва Урэччы жыве ўсяго адзін яўрэй-пенсіянер.

У акупаванае мястэчка я трапіў з сябруком-аднавяскоўцам 30 чэрвеня 1941 года. Мы ішлі туды, не ведаючы нічога пра немцаў. Проста захацелася там пабываць. Як толькі зайшлі ў цэнтр таго мястэчка, немцаў нідзе не заўважылі. Але над намі з пранізлівым свістам пранёсся знішчальнік «Месершміт-109» з чорнымі крыжамі на вузкіх крылах. Ды так нізка, што праз шкло кабіны бачна была галава пілота ў шлеме! Ад незнаёмага хлапца нашага ўзросту, які стаяў ля магазіна, мы пачулі вестку, што ўжо 29 чэрвеня на аэрадром прызямлілася некалькі гэтых знішчальнікаў.

Бабруйск быў узяты немцамі 28 чэрвеня, а мост праз Беразіну ацалеў, і на яго сталі налятаць савецкія бамбардыроўшчыкі. Урэцкія знішчальнікі ляталі туды (па прамой — кіламетраў 70), збівалі з паветра непрыкрытыя самалёты і вярталіся назад. А восенню 1943 года, калі фронт наблізіўся да Парычаў, Глуска, на ўрэцкі аэрадром прызямлілася эскадра аднаматорных пікіруючых бамбардыроўшчыкаў «Ю-87», якія аж да лета 1944 года рабілі адтуль налёты на пазіцыі савецкіх воінаў.
І толькі 25 чэрвеня 1944 года, калі першы Беларускі фронт перайшоў у наступленне падчас аперацыі «Багратыён», «Ю-87» падаліся бліжэй да франтавых аэрадромаў. Пакінутыя склады авіябомбаў немцы ўзарвалі. Магутныя выбухі, ад якіх павыляталі шыбы ва ўсіх урэцкіх дамах, сатрасалі наваколле ў радыусе дваццаці кіламетраў.

Той візіт у мястэчка 30 чэрвеня завяршыўся для нас з сябрам тым, што мы заглянулі ў пакінуты прадаўцамі даволі буйны прадуктовы магазін, які ўжо быў разрабаваны раней жыхарамі мястэчка. Узялі па пачку папяросаў «Красная звезда», па кульку цукерак і пайшлі дамоў. А знішчальнікі ўсё яшчэ ляталі наверсе.

Даведка «Kур'ера»

Год заснавання Урэчча невядомы, верагодна, у XV-XVI стагоддзях. Яно ўваходзіла тады ў межы ўладарання слуцкіх князёў Радзівілаў, Алелькавічаў. Ужо ў 1734 годзе ва Урэччы працавала шкляная мануфактура, пазней, у 1841 годзе, іх стала дзве: па вырабе рознага шклянога посуду і нават люстраў. Вельмі пацярпела мястэчка ў вайну 1812 года ад войскаў Напалеона. Зараз тут працуюць заснаваны яшчэ да рэвалюцыі 1917 года спіртзавод, прыватнае прадпрыемства па вырабе абсталявання для салігорскіх шахтаў. У мястэчку, па перапісе 2009 года, пражывала 3,2 тысячы чалавек.

Міхаіл Тычына

ПАДЗЯЛІСЯ. Свае ўспаміны аб вайне дасылайце на адрас: г. Слуцк, а/я 53, ці прысылайце на электронны адрас «Кур'ера» — info@kurjer.info.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии