У полі жыта душу лечыць

1

Таямніцы чалавечых сноў, як лічаць вучоныя, так дагэтуль і не разгаданы ці захоўваюцца як адбіткі перажытага, жыццёвага, у глыбіні мозгу, ці нешта павязана і з чалавечым сэрцам. Яго біццё, як вучыць рэлігія, — гэта стук Божы ў дзверы душы.

Таямніцы сноў адчуваеш падчас ярка і памятна, асабліва ў сталым узросце, калі нейкая падзея ў тваім мінулым прыносіць замілаванне і радасць, хоць здарылася яна паўстагоддзя таму!

Реклама

Нядаўна падобную радасць у сэрцы, прачнуўшыся, адчуў ад убачанай у сне карцінкі. Быццам сярэдзіна лета, я, малады, еду на веласіпедзе па вузенькай дарозе, што пралегла пасярод жытнёвага палетку, у бок невялікага ляснога ўрочышча, па-мясцоваму «Баравінка», што ў кіламетры ад нашай вёскі. Калоссе жыта якраз у цвіценні, у твар патыхае хлебны водар, гэткі знаёмы кожнаму сяльчаніну. Сінеюць кветачкі васількоў у тым жыце, над ім звініць жаўрук, а неба сіняе-сіняе, з рэдкімі хмурынкамі…
Такі сон — нібы падарунак, бо здараюцца сны і непрыемныя. Але што мне прыпомнілася — па той вузкай дарожцы, пракладзенай коннымі павозкамі, я праязджаў на бацькоўскім веласіпедзе ў 1953 годзе. І якраз там быў жытнёвы палетак ва ўсёй сваёй красе. І вось праз шэсцьдзясят гадоў тая паездка пракруцілася ў сне ў тым жа ракурсе!

Той дарожкі, якую вяскоўцы называлі сценкай, даўно няма і следу. Яна пралягала па бугры, схіл якога выходзіў да лужка, дзе раслі арэй, вербы, вясной квакалі лягушкі. У перыяд меліярацыі бульдозеры бугор зрэзалі, той лужок засыпалі зямлёй і цяпер там роўны палетак. Летась заглянуў туды ў надзеі ўбачыць жытнёвы клін, а там — кукуруза. Стала сумнавата на душы, нехта з вяскоўцаў-старажыхароў падказаў пашукаць жытнёвы палетак паблізу вёсачкі Ліпнікі, што ў двух кіламетрах ад нашай, за Барэцкім лесам, праз які я калісьці з вясковымі дзецьмі хадзіў у пачатковую школу. Іду па зрэзанай коламі трактароў дарозе, глыбокія каляіны ад іх запоўнены вадою — легкавік тут не праедзе. А калі выйшаў з лесу, то абрадаваўся, убачыўшы абапал вузкай дарожкі, што вяла ад лесу да Ліпнікоў, жытнёвы палетак ва ўсёй летняй раскошы, калі прыйшла пара цвіцення каласоў. Усхадзіўся лёгкі ветрык, каласы сталі гойдацца з боку ў бок і лашчыць мой твар, напаўняць сэрца мілатою і спакоем. Я хадзіў міма палетку мо з паўгадзіну ў надзеі, што сустрэну каго з вяскоўцаў ці прыезджых, але дарэмна. У тых Ліпніках засталася адна сям’я з чатырох душ ды хтосьці з гарадскіх дачнікаў заглядвае летам. А мне прыпомніліся словы вядомага беларускага паэта, класіка Пімена Панчанкі, сказаныя ў адным з яго празаічных твораў: «Калі за лета не ўбачу жыта — зраблюся хворым». Мне па душы гэтыя словы.

Міхаіл Тычына

ПІШЫЦЕ. Вашы жыццёвыя гісторыі і гісторыі кахання прысылайце на адрас: 223 610, Слуцк-9, а/с 53 ці прыносьце ў рэдакцыю: г. Слуцк вул.Камсамольская, 1

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
Серж
Серж
5 февраля 2012 20:55

Сон А мне сёньня прысьнілась жыцьцё… Мітуслівай няслось каруселькай У бязспынным, бязглуздым круценьні… Мне вось сёньня прысьнілась жыцьцё. А мне сёньня прысьнілась жыцьцё. Праляцела, як бязглуздая п’янка, Што прыходзіць бывае ў ранку Апахмельлем і падзей забыцьцём. А яшчэ прыснілась рака… Вялізарная і круты берага, Ды вады — на самым на дне, Але маніць і цягне мянене… Зацягнулася дно ўжо пяском, Што падобны быў чамусьці на багну. Да вады я спусціцца ўсё прагну, Ды занадта круты ўжо склон. А мне сёньня прысніўся я сам. Як дзівосны адбітак ў люстэрцы. Я бяззубум, сівым увесь стаў, Я сябе зусім не пазнаў, — Што паднесла жыцьцём на талерцы. А мне сёньня прысьнілася сьмерць! Ў сваім жудасным дзіўным абліччы. Ёй хацелася ўсё і ўсіх зьнішчыць, — Ў вочы ёй немагчыма… Подробнее »