Прымацкае сяброўства

0

Эстафета жыцця перадаецца ад пакалення да пакалення. І заўсёды сталыя людзі клапоцяцца, каб маладыя жылі лепш за іх. Аб гэтым можна чуць і сёння: “Мы пражылі. А як будуць жыць маладыя?”

У вёсцы М…, што да новага тысячагоддзя апынулася зусім блізка ля Салігорска, жыла адзінокая жанчына, якая гадавала трох дачок. Яшчэ да той праклятай вайны ноччу да дома падыйшла машына, прыехаўшыя энкэвэдысты забралі мужа, і ён быццам праваліўся ў рэчку, на беразе якой стаяла яго хатка. За ўсё жыццё жанчына не атрымала пра яго ні вестачкі. Суседзі часта спачувалі ёй: “Як ты адна з трыма дзеўкамі?”. Ды за гэта была яна ўдзячна людзям, што не адвярнуліся, пыталіся. “Як-небудзь”, — адказвала. А сама разумела, што людзей цікавіла зусім іншае. Калі побач з вёскай стаў будавацца горад, суседскія дзяўчыны то адна, то другая выходзілі замуж, а яе дачкі хадзілі на калгаснае поле. Бо ўладкавацца на працу ў горад яе сірацінкі не мелі магчымасці. Але бог літасцівы:   за  адзін год у хату паслаў слаўных дзядзюкоў, якія ні то смехам, ні то на самрэч прасіліся ў прымы.

Реклама

Першым быў міліцыянер, зваўся Іван. Праз нядзелю пасля прымаў забраў дачку ў горад, а скора атрымаў кватэрку. Не прайшло і паўгода, як у хату завітаўся Кальян — назваўся будаўніком. Нядоўга ў цешчы жыў і гэты, хоць зваў сябе прымаком. Да святых Пакроваў завітаў у хату трэці прымак. Першыя двое былі не вельмі гаваркімі, зато трэці – Ваван — любіў гаварыць, ад чаго ў цешчы адразу да яго з’явіўся нейкі недавер. “Несур’ёзны ён у цябе”, — сказала аднойчы маці малодшай дачцэ, але тая засмяялася. “Партыйны. Начальнік партыйцаў саўгаса”- смяючыся, адказвала яна. Цешча старалася ўсім дагадзіць. Павясялеўшая, часта казала суседкам: “Гэта мае прымакі”. А мужчыны згаворваліся, прыязджалі ў хату да цешчы, і тады было цесна, але весела. Міліцыянер прывозіў глячок самагонкі, партыйны кіраўнік з саўгаса — свежыну, будаўнік з горада — некалькі боханаў хлеба (у мясцовым магазіне было не купіць). У хаце тады станавілася гучна: Іван любіў танцаваць, Ваван — спяваць, і толькі Кальян спакойна сядзеў за сталом.

Першым увесну стаў будаваць дом свайму брацельніку міліцыянер. Гэта ён дамовіўся ў лясгасе наконт лесу: нарэзалі, распілавалі на дошкі, прывезлі. Прараб арганізаваў падвоз бетону на фундамент, парторг прывёз ліставое жалеза на страху з Мінскага аўтазавода. Да прыходу зімы дом стаяў гатовы. Што ні лета, прымакі будавалі жыллё. Каб улады не прыдзіраліся, афармлялі іх на сваякоў. Цешча  глядзела на маладых мужчын і радавалася, што тыя клапоцяцца аб сваіх нашчадках. Настаў час цешчынай хаты: абшалявалі, і яна зазяла вясёлкай ад свежай фарбы. Але жыццё вечным не бывае: цешча адышла ў другі свет. Адна без гаспадара вырасціла дачок,  з’явіліся добрыя зяцькі, і ў кожнай сям’і цудоўныя дзеці.

Прайшло многа гадоў. Былыя  прымакі жылі паміж сабою дружна, дапамагалі адзін аднаму пры патрэбе, будавалі кватэры ўжо ўнукам. На працы дасягнулі поспехаў: вялікімі начальнікамі выйшлі на пенсію. І раптам не стала Івана. На памінальнай вячэры яго супрацоўнікі — маёры і падпалкоўнікі — вельмі хвалілі таварыша па службе: аднаму дапамог будаваць дачу, камусьці — дастаць андатравую шапку. Ваван сядзеў і дзівіўся: быццам яны невядомыя яму прымакі. Цераз год не стала Кальяна. На пенсіі ён прабыў чуць больш за месяц, як зноў запрасілі на працу працягнуць кіраваць службай матэрыяльнага забяспячэння вялікай будаўнічай фірмы.

“Не стала шчырага спецыяліста, добрага чалавека, — казаў адзін. — Ён ніколі не адказваў у дапамозе, калі я будаваў жыллё ўнуку”, — гаварыў аб ім другі паплечнік на жалобнай вячэры. А нехта падказаў: “Гэта пра катэдж?”. Вавану здавалася, што гэты паплечнік таксама прымак, якога ён толькі не ведае. “Не, не звяліся прымакі, яны дбайныя, пра будучае пакаленне клапоцяцца. Эстафета жыцця працягваецца”. Ваван слухаў, што гаварылі пра яго швагруся, і згаджаўся.

Уладзімір Дамель

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии