Хаджэнне за сенам у марозную ноч

0

Зіма 1940 года была шматснежнай і вельмі марознай: у сярэдзіне студзеня слупок тэрмометра апускаўся уначы да 39 градусаў. Ды і ў хатах, якія ў вёсцы абаграваліся толькі з дапамогай печы, яе верхнім чараном, было холадна, спалі пад тоўстымі ватнымі коўдрамі, аўчыннымі кажухамі. Хлеб на стале яшчэ быў, а вось карову не было чым карміць, бо калгас летам 1939 года, як і раней, сенажацяў на пракорм уласнай каровы не выдзяляў - кармі, чым хочаш! Хаця на год здаць дзяржаве 600 літраў малака павінен быў кожны падворак. Калі ў хаце быў мужчына, ён мог абкасіць канаву на балоце ці траву ўзбоч дарогі, бульбоўнік пасля адцвіцення. Гэта ж, дарэчы, рабілі і жанчыны, чые мужыкі былі прызваны ў войска летам 1939 года.

Тады жыхары нашай невялікай вёскі ўспомнілі, што кіламетры за два на балоціне плошчай гектараў пад сто, якая належала калгасу з вёскі Хацінаў Любанскага раёна, стаіць шэсць ці сем стагоў сена. Нарыхтоўваць яго хацінаўцы прыязджалі на падводах тыдняў на два, там і начавалі ў наспех зробленых будынках, варылі на кастры ежу і касілі. А зграбаць сена, ставіць яго ў копны прыязджалі ў дапамогу жанчыны з Хацінава. Забіралі сена з тых стагоў зімой, напрадвесні, калі на дарогах ужо ўлёгся снег.
Вось да тых стагоў у марозныя студзенскія ночы і скіроўваліся нашы вясковыя жанчыны з дзецьмі-падлеткамі. З рэзгітнамі, тканымі посцілкамі яны крочылі па цаліку, бо пасля рэдкага ў тую зіму пацяплення і зноў наступіўшага моцнага марозу снег не правальваўся пад нагамі. Хадзіў і я з маці да тых стагоў. Сена скублі ашчадна, з усіх бакоў, каб замесці след таго крадзяжу паняволі, бо ў хляве карова мычэла ад голаду. Пры святле месяца ў поўню ля недалёкіх стагоў праглядваліся постаці нашых жанчын-суседак, чые мужчыны былі прызваны ў войска. А тыя, што засталіся без гаспадароў, баяліся хадзіць, бо ведалі пра ўказ аб дванаццаці каласках, зжатых вяскоўцам на жытнёвым калгасным палетку, за што можна было трапіць на пяць гадоў у турму.

Реклама

Таго хацінскага сена хапіла ненадоўга: недзе ў лютым, пасля Стрэчання, стагі забралі іх гаспадары з далёкага Хацінава.
…Цяпер тыя сенажаці, пасля меліярацыі ў 60−70-я гады, адыйшлі мясцоваму калгасу, зямля стала ворнай. Зараз на ёй вырошчваюць збожжавыя, культурныя травы, рапс. Забыты не толькі тыя стагі з белымі шапкамі ў зімовую пару — даўно зніклі балотныя птушкі: чыбісы, кулікі, драчы, вальдшнепы, курапаткі. Вясной, як растане снег, можаш хадзіць цэлую гадзіну ўздоўж таго палетку і не пачуць ніводнага птушынага голасу. Ад гэтага на душы робіцца маркотна і сумна, нібы пасля вялікай згубы.

Міхась Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии