Герой-артылерыст

0

На Алею герояў у Капылі штогод прыходзіць моладзь і ветэраны, каб пакланіцца тым, хто прынёс нам Перамогу. Пачэснае месца на Алеі займае імя Героя Савецкага Саюза Арсенія Аляксеевіча Нячаева.


АРСЕНІЙ НЯЧАЕЎ. Фотаздымак 1970-х гадоў. Фота з фондаў Капыльскага краязнаўчага музея

Нарадзіўся будучы герой 10 снежня 1910 года ў вёсцы Блеўчыцы. У метрыках хлопчык запісаны як Арсенцій Нячай, але, калі стаў дарослым, франтавы пісар запісаў яго прозвішча Нячаеў, і той не стаў папраўляць. Бацька яго быў добрым цесляром, навучыў Арсенія гэтай справе, а таксама, як сеяць хлеб і даглядаць пчол.

Реклама

Давялося яму вучыцца ў Цімкавіцкай сямігодцы разам з вядомай асветніцай Зінаідай Іосіфаўнай Раманенка. З цеплынёй успамінаў дырэктара школы Шахлевіча, які для многіх вучняў стаў другім бацькам. Пасля заканчэння сямігодкі Нячаеў працаваў на будаўніцтве сталічнага завода «Энергія». Тут даведаўся, што яго блізкіх рэпрысіравалі і як ворагаў народа выслалі ў Казахстан. Ён вельмі перажываў ды хваляваўся, бо так званыя добразычліўцы дабраліся і да яго. Але ад арэшту яго выратаваў прызыў на вайсковую службу ў 1932 годзе. Нячаеў скончыў ваеннае артылерыйскае вучылішча.

Афіцэр-артылерыст вайну сустрэў пад Ціхвінам. У баях гінулі тысячы нашых салдат. Фашысты з самалётаў скідвалі бомбы на батарэю Нячаева. Уцалела адна гармата і некалькі артылерыстаў, якія трымаліся па-геройску. Подступы да вышыні былі ўсеяныя трупамі гітлераўцаў. Абарвалася тэлефонная сувязь з палком, але сувязісты змаглі яе наладзіць. У тэлефоннай трубцы Нячаеў пачуў загад: «Знішчыць гармату і адысці да сваіх». Сціснулася сэрца ў лейтэнанта, бо шкада было гаўбіцу. Яна ж падбіла пяць танкаў, а колькі варожых салдат знішчыла! «З артылерыстам Пятроўскім будзем стаяць насмерць, а астатнім — падабраць параненых і адвесці ў лес», — прыказаў Нячаеў.
Гармата падбівае адзін танк з чорнымі крыжамі, затым другі. Заканчваюцца снарады, і вось ужо фрыцы крычаць: «Рус, здавайся!». Раптам чуецца дружнае «Ура!». Дапамога прыйшла своечасова. Радаваўся наш зямляк, калі пагналі гітлераўцаў з Ціхвіна, а затым удзельнічаў у прарыве блакады Ленінграда. Вызваляў Тарту, Рыгу, Данцыг, фарсіраваў Одэр, чатыры разы быў паранены.

Дайшоў да Берліна. І тут паўтарылася нешта падобнае, як пад Ціхвінам. У час масіраваных атак гітлераўцы фаўст-патронамі пашкодзілі гарматы. За ўцалелай гаўбіцай засталося два байцы. Капітан Нячаеў з наводчыкам адбілі новую атаку, але вораг адкрыў агонь па смельчаках з усіх сваіх гармат. Разарваўся побач снарад, і Нячаева моцна кантузіла, адкінула ў бок. З цяжкасцю наш зямляк змог падняцца і зарадзіць гармату, каля якой ляжаў забіты наводчык. Немцы ўжо баяліся ісці ў атаку і пачалі страляць з кулямёта з гарышча дома. Капітан трапна паслаў снарад, які разнёс дах з кулямётам. І раптам Арсеній Аляксеевіч страціў прытомнасць ад папаўшага ў яго фаўст-патрона. Ачухаўся ў шпіталі толькі ў Дзень Перамогі. На вуліцах крычалі «Ура!», грымелі салютныя выстралы.

Аднойчы, калі ён працаваў у Лысьве Пермскага краю загадчыкам аддзела райвыканкама, заўважыў на стале газету «Красная звезда».
На першай старонцы сярод прозвішчаў Герояў Савецкага Саюза знайшоў і сваё. А праз некалькі дзён яго выклікалі ў Маскву і ўручылі залатую Зорку Героя і ордэн Леніна. Да выхаду на пенсію Арсеній Аляксеевіч працаваў сакратаром гаркама партыі і намеснікам старшыні гарвыканкама. Як успамінаў Сцяпан Паўлавіч Сергіеня, герой-зямляк не забываў родныя Блеўчыцы. У час прыезду ў яго доме, а таксама ў доме стрыечнай сястры Любові Варвашэні збіраліся аднавяскоўцы, якія любілі пагаварыць з ім, успомніць сяброў юнацтва.
Не забыў Арсеній Аляксеевіч і Мінск — горад свайго юнацтва, адкуль яго прызвалі ў Чырвоную Армію. Заўсёды прыходзіў на Плошчу Перамогі і спыняўся з непакрытай галавою каля Вечнага агню.

Іван Ігнатчык


ПАМЯЦЬ АБ ГЕРОЮ. Бюст Арсенія Аляксеевіча ў 1982 годзе быў усталяваны на Алеі герояў у горадзе Лысьва Пермскага краю (Расія), дзе ён жыў і працаваў пасля вайны.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии