Калядачкі, бліны, ладачкі

1

Калядкі, або Стары Новы год — цудоўнае свята, асабліва для малечы. Размалёваныя і пераапранутыя хто ў што, дзеці ходзяць з каляднымі песнямі і вершамі па кватэрах і накалядоўваюць па добрай торбе цукерак і іншых прысмакаў.

Гадоў трыццаць таму калядоўшчыкі, асабліва на вёсцы, гатаваліся да свята за тыдзень. Рабіліся «каза», «сонца», розныя вырабы з кавуна. Хтосьці з калядоўшчыкаў іграў на гармоніку ці іншым музычным інструменце. Збіралася чалавек дзесяць, ішлі да чыёй-небудзь хаты, спявалі калядныя песні, жадалі гаспадарам добрага ўраджаю і шчасця ў доме. Тыя адорвалі калядоўшчыкаў і чаркай, і скваркай, і рознай выпечкай.

Реклама

Але былі і такія, што зачыняліся і не пускалі да сябе калядоўшчыкаў. Тады яны пападалі ў няміласць на працягу ўсяго года.
Моладзь дакучала такім гаспадарам амаль што ўвесь год: то пакладуць што на комін, і гаспадыня ніяк не можа распаліць у печы, бо дым верне на хату, а то прывяжуць гусінае пяро ў коміне — там атрымліваецца завіруха, і дым часам то ў комін, то ў хату.
А быў выпадак, што аднаму такому скнарыстаму гаспадару тоўстым дротам завязалі дзверы і падперлі тоўстымі бярвеннямі. Бедалагу прыйшлося вымаць дубэльты, выбіваць шыбіну, паўднёўку, разбіраць завал з бярвенняў ды спільваць той дрот з дзвярэй. Але і гэта яшчэ не ўсё. Дзядзькаву брамку зацягнулі на дрэва, і прыйшлося яму плаціць выкуп, каб яе адтуль знялі. На другі год той гаспадар частаваў калядоўшчыкаў як трэба. А яшчэ быў такі прыкол. Хлопцы збіралі з-пад страхі вераб’ёў, якія замываліся туды ад марозу, і ішлі ў тую хату, дзе жыла дзяўчына на выданне, і выпускалі птушак. Пакуль гаспадары лавілі іх, мітусіліся па ўсёй хаце, хлопцы хапалі падушкі з ложкаў і ўцякалі, а потым дзяўчына прыносіла за кожную з іх выкуп.

Весела праходзілі калядкі. Збіраліся хлопцы і дзяўчаты ў каго-небудзь у хаце, накрываліся сталы, частаваліся тым, што накалядавалі.
Спявалі песні і танчылі амаль што ўсю ноч. А раніцай бацькі па пасыпаных попелам ці па палітых фарбамі сцежках маглі спазнаць, з кім кахаюцца іхнія дзеці.
Вось так праходзілі калядкі раней, гадоў сорак таму.
Жадаю ўсім здароўя ў шчодры вечар і на ўвесь 2012 год!

Мікола Корань

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
Алексей
Алексей
11 января 2012 19:19

А 30 лет назад дружинники и бдящие училки в Слуцке гоняли колядовщиков и даже ловили их (школьников), фотографировали и на доску позора в кинотеатре Центральный (счас молодёжный центр). А счас эти дружинники небось в церковь ходят. Дела…