Іх было чацвёра музыкаў Чайкоўскіх

0

Жылі яны ў вёсцы Хацінаў Любанскага раёна. Пасля сталыпінскай рэформы ў пачатку ХХ веку выкупілі на Случчыне сярод балот ладны грудок гектараў на чатыры, які стаў ім сенажаццю. Улетку ўсе чацвёра Чайкоўскіх — Юрась, Кастусь, Трафім і Якуб — прыязджалі туды на сенакос, сушылі духмяны мурог, складвалі ў стагі. А ў вольную часіну ішлі ў недалёкую вёску Боркі на вечарынку. Адзін з іх — Якуб — пазнаёміўся з мясцовай дзяўчынай Юліяй Жаўрыд. Пакахалі адзін аднаго, і ён забраў яе да сябе ў Хацінаў.

Усе чацвёра былі музыкантамі: Юрась іграў на кларнэце, Кастусь — на гармоніку, Трафім — на трубе, Якуб — на скрыпцы. Іх запрашалі на вечарынкі, вяселлі нават у суседнія вёскі. А калі ў 1931 годзе брата Якубавай жонкі Юлі Андрэя Жаўрыда, што пражываў у Борках, выслалі за Котлас як кулака (пад гэты хапун тут трапіла аж сем сем’яў), а хату яго камбедчыкі-актывісты разабралі і вывезлі пад клуб у вёску Мялешкі, дзе мясціўся сельсавет, то Якуб з жонкай, жанатым сынам Міхаілам і яшчэ халастым Мікалаем, перавезлі сваю хату ў Боркі на тую апусцелую сядзібу. Уступілі ў калгас. Што здзівіла тады ўмудронага жыццём 51-гадовага Якуба, дык гэта адсутнасць у вёсцы (26 двароў) пажылых (яго равеснікаў) мужчын. Перад вайной у 1941-м толькі дваім тут было па 60 гадоў - яму (Якубу) ды суседу Міхаілу Малевічу. Астатнія мужчыны маладзейшыя, іх ваенкамат на другі дзень вайны прызваў у войска. Засталося чалавек пяць хворых ці не прызыўнога ўзросту.

Реклама

Фактычна з раскулачваннем вёска страціла самы працавіты, гаспадарлівы касцяк мужчын: семярых мудрых дарадчыкаў, вопытных земляробаў, якія шмат чаго маглі падказаць-параіць і маладым калгаснікам. А паколькі Міхаіл Малевіч не вызначаўся ветлівасцю, гаварлівасцю з вяскоўцамі, да яго рэдка хто заходзіў у хату. Таму дзядуля Якуб быў на падхваце ў многіх вяскоўцаў. Я жыў з ім і бабулей Юлей у 30-я гады і добра памятаю, як да яго прыходзілі жанчыны-ўдовы ці адзінокія кабеты і прасілі набіць касу, каб можна было скошваць траву ў агародзе. Хтосьці заказваў вырабіць рэзгіны — адмысловую прыладу, у якую селянін укладваў у гумне ладную ахапку сена і нёс у хлеў для каровы. Умеў дзядуля на каменьчыку-крэмні кавалкам зламанага напільніка «адсекчы» рожу — чырвоную пухліну на руцэ. Пры гэтым нешта шаптаў. То чалавек той болей не прыходзіў: пухліна знікала!

Калі вясной 1942 года ў вёсцы падзялілі калгасную зямлю і людзі сталі засяваць свае надзелы паасобку, то ўвосень, калі збожжавыя былі звезены ў гумны, жанчыны, чые мужыкі ваявалі на фронце, прыходзілі не раз з просьбай зрабіць цапы для абмалоту снапоў. Дзядуля ішоў да бліжняга імшака, вышукваў пару-другую маладых дубкоў, выкопваў іх, прыносіў дамоў, выстругваў, пакідаючы карнявы набалдашнік. Потым падшукваў арэхавую палку, на канцы на выразанную канаўку чапляў скручаны «ашыйнік», да якога прытарочваў гатовы біч. Жанчыны аддзячвалі яго тым, што прыносілі яму шматок добрага тытню-мультану на самакруткі.
Не закінуў дзед і сваёй скрыпкі, якая вісела на цвіку, убітым у сцену. У дні праваслаўных свят пад чарку за сталом ён іграў на ёй вясёлыя і сумныя мелодыі. І мне было весялей.

Прыгадаць яшчэ аб адным высілку дзядулі ў гады нямецкай акупацыі, калі ён станавіўся пахавальнікам забітых людзей. Восенню 1943 года адзін партызан, які смела насіў форму нямецкага салдата, нават пілотку, выйшаў на шашу-«варшаўку» ля вёскі Вясея і перахапіў дзве падводы з бежанцамі, якіх акупанты высялялі з прыфрантавой паласы, што праходзіла тады за Бабруйскам і Магілёвам. Прыгнаў іх у нашу вёску. На павозках сядзелі двое мужчын з жонкамі і малымі дзецьмі. Тых мужчын партызаны вечарам і расстралялі. Памятаю дзве аўтаматныя чаргі, на якія ў вёсцы ніхто не звярнуў увагі. Але раніцой дзядуля Якуб, калі гнаў кароў на пашу, убачыў узбоч дарогі акрываўленыя трупы тых мужчын. Ён вярнуўся ў вёску, узяў рыдлёўку і закапаў іх паблізу дарогі. Жанчыны-бежанкі так і не ведалі, куды павялі партызаны іх мужоў.
Ужо ў ліпені 1944 года, калі вярнуліся нашыя воіны, у лесе дзядуля ўбачыў два трупы прыстрэленых партызанамі параненых нямецкіх салдат, якіх ноччу кінулі пехацінцы вермахта з разгромленага за Бабруйскам «катла», у які трапіла пяць іх дывізій. То і іх давялося закапаць дзядулі.

Пражыў ён 78 гадоў і памёр зімой 1957 года. Здарылася гэта, калі ваенкамат накіраваў мяне на вайсковыя зборы ў латвійскі горад Ліепая. Таму прыехаць на пахаванне я не змог. Праз пяць гадоў адыйшла ў іншы свет і бабуля Юля. Апусцелая іхняя хата ужо гадоў дваццаць стаіць з вокнамі, забітымі дошкамі і прагніўшым ганкам. Як і сем іншых такіх хат у вёсцы.

Міхаіл Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии