Лёс ваўка Важака

1

Халоднай, студжанай парой пара ваўкоў ціхмяна прабіралася з лесу да чалавечага жылля ў вёсцы Ізбудзішча. Самец — высозны, статны, з трохі абвіслым хвастом, вагой з добрае цяля. Самка — напалову меншая, зграбная, з маленькімі вушкамі. Яны сустрэліся на балоце, так і засталіся адно каля аднаго. Быццам не па воўчых гэта законах: важак павінен быць вольным. Ён жа да яе нікога не падпускаў. Тым больш ведаў, што вясной будуць ваўчаняткі. Уяўляў, як навучыць паляваць і быць незалежнымі.
Мінулай ноччу Важак пранюхаў, што ў крайняй ад лесу хаце ёсць кральчатнік. Але блізка не падыходзіў: акрамя паху кральчатніка, жывёльным інстынктам чуў порах.

…У хаце жыў Міхаіл — дурань і п’яніца, меншы сын у бацькоў, пасля смерці якіх хата засталася яму. Дзве яго сястры жылі ў Мінску. Раней прыязджалі ў вёску, пакуль брат не пачаў піць і выганяць з хаты жонку з дачкой. Цяпер жа наведваліся толькі на Радаўніцу.
Вераніка, Жонка Міхаіла, прыгажуня і выдатніца, пайшла замуж прама са школьнай парты. У час выпускнога была ўжо на другім месяцы цяжарнасці. Мацеры нічога не казала: ведала — не адобрыць. Бацькі ў дзяўчыны не было: згарэў на пажары пасля аварыі на ЧАЭС. Міхаіл у той час, прыйшоўшы з арміі, меў круты нораў і любіў выпіць і пабіцца. Нейк спакусіў дзяўчыну. Вераніка паступіла ў Салігорскі горна-хімічны каледж, але вымушана была ўзяць акадэмічны. Увосень згулялі вяселле. Міхаіл усе растраты ўзяў на сябе: працаваў трактарыстам і добра зарабляў.

Реклама

Дурны нораў праявіўся хутка пасля вяселля. Міхаіл пачаў не толькі прапіваць зарплату, але і Вераніку папракаць. Казаў: «Бацькі мне і хату аставілі з мэбляй. А твае што далі? Галадранка!».
Дзяўчына паспрабавала адзін раз сысці да маці, якая жыла ў завулку, але муж, не застаўшы яе дома, прыгразіў: «Замкну і запалю. Толькі паспрабуй яшчэ раз збегчы!». Так і жыла, баючыся. А калі з’явілася дачушка, той яшчэ боль азвярэў: «Мне ўставаць рана, а выспацца не даяце! Заткні ёй рот!».

У той вечар Міхаіл прыйшоў позна: зімой працы было менш. Уваліўся ў сенцы на добрым падпітку. Прычапіцца не было прычыны, дык наўмысна абярнуў цэбар з вадой, які Вераніка не паспела вынесці. «Жраць хачу! — зароў з парога. — Ты што, аглухла?».
Раптам (нібы маланка пранізала цела) яна ўбачыла, як Міхаіл кінуўся да жалезнай шафы. У наступнае імгненне ў яго руках апынулася ружжо.
«Такога раней не было. Няўжо канец?» — падумала гаротніца, але хутка, згробшы малую ў коўдру, у тапках, рынулася ў дзверы. Выратавала тое, што патроны былі асобна, а п’яная рука не адразу патрапіла ў ствол.

…Важак ужо амаль падкраўся да хаты. Стаіўся за калодзежам на супрацьлеглым баку. Ваўчыцу пакінуў у канцы агарода. Засталося зрабіць крок да кралёў, як раптам злева з бразгатам расчыніліся дзверы і з парога зляцела жанчына са скруткам у руках, з якога чуўся плач. Важак ад нечаканасці сеў. Тут жа ў дзвярах паказалася п’яная постаць, а ў руках…

Воўк пачуў пах пораху і рэзка ўзняўся. Чалавек з паднятым ружом накіроўваўся да жанчыны з дзіцём.
У той жа момант Міхаіл убачыў перад сваім тварам ашчэраную воўчую пашчу. Удар лапамі ў грудзі быў настолькі нечаканы і балючы, што ён адляцеў, ляпнуўся патыліцай аб цэбар і страціў прытомнасць. Важак куляй рвануў у канец агарода. Самка кінулася да неглыбокай ракі, што аддзяляла вёску ад лесу.

Перад самай ракой Важак абагнаў сяброўку. Магчыма, думаў, што па ўбітых слядах ёй, цяжарнай, лягчэй будзе бегчы. Раптам, скокнуўшы на лёд, ён трапіў пярэднімі лапамі ў рыбацкую лунку. Яна была невялікая, але воўчая вага зрабіла сваю справу: Важак пайшоў на дно. Самка трымалася метраў за тры ззаду і паспела адпрыгнуць ад вадзяной прорвы. У наступны момант над паверхняй паказалася выцягнутая пашча звера. Пярэднія лапы цяжка абрынуліся на край лункі, кіпцюры ўпіліся ў лёд. Самка, убачыўшы марнасць намаганняў сябра, рэзка крутанулася і падставіла свой хвост. Воўк раскрыў пашчу, каб ухапіцца, але ў апошні момант, мабыць, зразумеў, што сцягне яе, а ваўчаняткі… І толькі пашча ўпустую ляпнула над яе хвастом так, што рэхам аддалося ў паветры. Самка азірнулася — Важак пайшоў на дно з адкрытымі вачыма. Ён незваротна адыходзіў і, хутчэй за ўсё, так і не разумеў, чаму ў людзей скруткі плачуць.
Яго сяброўка да ранку хадзіла вакол лункі. Ляжала побач. Калі пачала прымярзаць, устала. Паглядзела на ўжо замёрзлую паверхню ракі і, схіліўшы нізка галаву, пабрыла ў пустое логава.

…Улетку, гуляючы з ваўчаняткамі на ўскрайку ельніку, ваўчыца бачыла жанчыну. Побач, ляпаючы ножкамі па пыльнай дарозе, бегла дзяўчынка з кветкамі ў руках. Людзі ішлі на могілкі.

Станіслаў Жывіцкі, Слуцк

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
wolf
wolf
14 декабря 2011 19:15

Цiкава. Але на малюнку воук больш падобны на ваукалака…