Капыльскія інвестыцыі ахопліваюць розныя сферы

0

Суб’ектамі гаспадарання, якія знаходзяцца на тэрыторыі Капыльскага раёна, сёлета заключана шэсць інвестыцыйных дагавораў, чатыры з якіх ужо рэалізуюцца.
Такія звесткі прагучалі на апошняй сесіі раённага Савета дэпутатаў.
Па дадзеных аддзела эканомікі райвыканкама, у Капылі будзе весціся рэканструкцыя кандытарскага цэха ТАА «Саліта». Будаўніцтвам гандлёвых радоў у горадзе зоймецца ПГУП «Колмакс-Строй». Вытворчасць паліўных гранул з саломы каля вёскі Чарнагубава будзе ажыццяўляць ТАА «Копыль Био».
Летась заключаны тры інвестыцыйныя дагаворы паміж Мінскім аблвыканкамам, СТАА «БетонБокс», ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі», СТАА «Экапанцэрс». З апошнім дагавор скасаваны, бо за працяглы час яшчэ не пачата яго асваенне.

Як было адзначана на сесіі, у раёне праводзіцца работа па прыцягненні ў абарот нявыкарыстанай маёмасці камунальнай уласнасці. У мінулым годзе на аўкцыёне за адну базавую велічыню прададзены два аб’екты, якія пэўны час не эксплуатаваліся: будынак былой Грозаўскай школы і будынак з незавершаным будаўніцтвам гандлёва-грамадскага цэнтра ў вёсцы Слабада-Кучынка. Уласнік будынка ў Грозаве — унітарнае прадпрыемства «Даумонт» з Салігорска — плануе арганізаваць Дом адпачынку. На аб’екце ў Слабада-Кучынцы работы пакуль не вядуцца. Будынак выкупіла ТАА «Балтыйская рэгіянальная кампанія» з Мінска, якая плануе тут размяшчэнне вытворчасці мыючых сродкаў.

У верасні прададзены два будынкі КУП «Капыльская ЖКГ», якія размешчаны ў аграгарадку Скабін. Пакупнік — ТАА «Аграбеет». Выкарыстоўваць пляцоўкі плануецца для перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі. У лістападзе адбыўся аўкцыён па продажы будынка лазні ў вёсцы Дусаеўшчына. Пераможца аўкцыёна — замежнае ўнітарнае прыватнае прадпрыемства па аказанні паслуг «Рымянский остров».
Пэўную інвестыцыйную дзейнасць вядуць і мясцовыя прадпрымальнікі. Прыватнае прадпрыемства «ДеликатесТорг» сёлета ўвяло ў дзеянне міні-кафэ на 19 пасадачных месцаў. Адкрыта цырульня «Гламур» прыватнага прадпрыемства «Милашка». Прыватнае ўнітарнае прадпрыемства «Евроторгмаркет» пачало будаўніцтва магазіна з кафэ ў цэнтры горада. Праведзены выбар зямельнага ўчастка і выдадзены дазвол на будаўніцтва прыдарожнага кафэ прыватнаму ўнітарнаму прадпрыемству «Айсбергпродукт».
Аднак, як было адзначана на сессіі, «выбар патэнцыяльных інвестараў не заўсёды з’яўляецца эфектыўным. Маюць месца выпадкі недастатковага фінансавага забеспячэння інвестыцыйных праектаў, незацікаўленасці асобных інвестараў у ажыццяўленні практычных дзеянняў».

Реклама

Аддзел навін

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии