Скарбонка талентаў рэгіёна

0

У панядзелак, 21 лістапада, у салігорскім Цэнтры дзіцячай творчасці прайшла выстава–конкурс, якая падвяла вынікі мінулага навучальнага года сярод навучэнцаў пазашкольнай адукацыі. У выставе ўдзельнічалі школьнікі сямі раёнаў: Слуцкага, Салігорскага, Капыльскага, Старадарожскага, Любанскага, Нясвіжскага і Клецкага. Вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, малюнкі, рэзьба па дрэве, вырабы з саломкі і іншыя працы ўпрыгожвалі залы Цэнтра.
У размове з карэстандэнтам “ІК” Тамара Анашчанка, старшыня журы, метадыст навучальна-метадычнай установы “Мінскі дзяржаўны абласны навучальна-метадычны кабінет”, сказала: “Многія дзеці зрабілі вялікія поспехі ў дадатковых занятках. А гэта гаворыць аб тым, што расце майстэрства і мастацкі густ іх педагогаў. На выставе ў гэты раз былі прадстаўлены мастацкія вырабы з новых матэрыялаў, а таксама ў новых накірунках. Напрыклад, упершыню дэманстраваліся вырабы лёгкага адзення гурткоўцамі Клецкага цэнтра дзіцячай творчасці, якія маюць практычную каштоўнасць. Вырабы рэзчыкаў па дрэве слуцкага Цэнтра высокамастацкія, на прафесійным узроўні”,
На мерапрыемстве прагучалі і ноткі нездавальнення ад кіраўнікоў устаноў пазашкольнай адукацыі. “Наша сфера дзейнасці трымаецца на ініцыятыве і энтузіазме кіраўнікоў гурткоў. Установы пазашкольнай адукацыіі не фінансуюцца дастаткова, таму сярод педагогаў становіцца ўсё менш мужчын. На гэты раз няма прац майстроў рэзьбы па дрэве з Любанскага, Старадарожскага раёнаў. Будзе шкада, калі маладое пакаленне згубіць традыцыйнае майстэрства старэйшых”, — паведаміў Уладзімір Грышын,  дырэктар Слуцкага цэнтра тэхнічнай і прыкладной творчасці вучнёўскай моладзі.
Прац на выставе-конкурсе было вельмі многа. Лепшыя з іх будуць дастаўлены да Новага года  на абласную выставу.

Уладзімір Амяльчэня

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии