Паварот жыцця

4

У доме Ігната Пятровіча і Анастаіі Яўстратаўны надышоў трывожны час пасля тэлефоннага званка ад дачкі з Мінска: «Забярыце мяне з радзільнага дома з дзіцем». Дачка — яшчэ года няма, як скончыла ўніверсітэт замежных моў - ніяк за доўгі час не магла прыехаць да бацькоў. Яшчэ студэнткай пачала працаваць перакладчыцай, атрымлівала грошы, большыя, чым бацька ў калгасе, працуючы механізатарам. І дома звыкліся з тым, што дапамагаць ёй не трэба. Ігнат Пятровіч хваліўся не раз сваёю дачкою на стане сярод механізатараў, а Анастасія Яўстратаўна — сярод настаўнікаў. Асабліва прыемна было ім пасля таго, як дачку адправілі ў камандзіроўку на доўгі час у Іспанію і яна некалькі разоў перадавала ім адтуль грошы. У хаце бацькі не раз паміж сабою вялі размову, што пара дачцэ замуж, але на гэтым іх жаданне і канчалася. Сама дачка пра гэта ніколі не гаварыла і не любіла, калі нагадвалі бацькі. Так у доме звыкліся, што дачка жыве адна. Людзям казалі: «Працай занята, што не да замужжа».

І раптам такая навіна. Толькі паспела Анастасія Яўстратаўна запісаць адрас радзільнага дома, як дачка адключыла тэлефон. Некалькі разоў маці спрабавала дазваніцца да яе, але безвынікова. Давялося такую хвалюючую навіну казаць мужу, калі той вярнуўся позна вечарам дамоў.
Ігнат Пятровіч выслухаў моўчкі: ніяк не быў гатовы пачуць такое. Пасля доўгага маўчання спытаў: «А бацька хто?». У адказ Анастасія Яўстратаўна толькі паціснула плячыма. Пасля вячэры Ігната панясло: з яго вуснаў вадападам зрываліся непрыемныя словы ў адрас дачкі, а пасля — і мацеры. Вось толькі ў яго жыцці не хапала такога сораму, каб адзіная дачка нарадзіла байструка! Не раз ён марыў пра той час, калі дачку будзе аддаваць замуж, а зяцю падорыць свой аўтамабіль «Лада», які атрымаў з рук Прэзідэнта на дажынках. Навошта яму машына ў вёсцы, пражыве без яе. Ён прыглядаўся к маладым спецыялістам, што прыязджалі ў гаспадарку, прымерваў іх на ролю зяця. Але тыя не паспявалі адпрацаваць два гады і ўцякалі. Дачка ж не ехала, усё адказвала, што няма часу: пасля вучобы працуе на перакладах з іспанскага, за што атрымлівае добрыя грошы. І калі паведаміла, што з мінулага года яе, яшчэ студэнтку, залічылі ў штат Цэнтра па перакладах, ён узрадаваўся: «Вось якая таленавітая!». З гэтага часу яго надзеі на вяртанне дачкі дамоў, у родную школу, сталі знікаць. І калі яе адправілі ў камандзіроўку ў Іспанію, ён зразумеў, што яна не вернецца. Але такога, каб без бацькі нарадзіла дзіця, не чакаў і ніколі пра гэта не думаў.

Реклама

Сабраўся спаць на канапе ў зале. Глядзеў тэлевізар, але нічога не разумеў, сорам засланяў вочы. А калі жонка запрасіла класціся спаць на ложак, узарваўся: «Гэта ты вінавата! — крычаў на Анастасію Яўстратаўну. — Ты ніколі не цікавілася яе замужжам, не ведала, з кім яна водзіцца. Ах, геніяльная! Будзеш няньчыцца з байструком цяпер. Сорам на ўсю ваколіцу. З радзільнага дома павінен забіраць немаўля бацька. Я не паеду».
Анастасія Яўстратаўна маўчала, але калі муж стаў папікаць яе і дачку байструком, не вытрымала: «Ты ўспомні, якую пакінуў мяне, цяжарную, а сам збёг. Абяцаў, што будзе вяселле, аб гэтым уся вёска ведала. Што я павінна была рабіць? Ты вярнуўся, калі дачцэ было больш за год. Перад ад’ездам казаў людзям, што паехаў зарабляць грошы. А сам уцёк ціха, ні пра якія грошы я не ведала. Замест грошай ты прывёз вошы. Чаму ты не прыехаў забраць мяне з дачкою з радзільнага дома? Прымі спакойна такі паварот жыцця».

На досвітку Анастасія Яўстратаўна праснулася ад холаду. Ігната Пятровіча ў зале на канапе не было. Накінула на плечы цёплы халат, адзела тапачкі і пайшла на кухню. Адтуль праз вакно можна было бачыць увесь двор. Яна адвесіла фіранку. Вароты ў гараж былі расчыненыя."Значыць, паедзе, — падумала яна. — Трэба ўставаць, рыхтаваць сняданак".
Праз некаторы час Ігнат увайшоў у хату з бярэмкам дроў. «На дварэ першы прымаразак, трэба запаліць грубку, — сказаў ён. І Анастасія Яўстратаўна зразумела: «Ігнат Пятровіч паедзе па дачку з дзіцем».

Уладзімір Амяльчэня

4 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
wolf
wolf
3 декабря 2011 18:54

Гэй, даражэнькiя, гэта усе было заусёды. Ужо гадоу 30 назад нiхто аб гэтым i не гаворыць дужа. Што казаць, калi ёй гадоу за 30, то мацяркi многiя кажуць:"Зрабi дзiцятка, выхаваем."Гэта я насамрэч кажу, сам не раз чуу. Што зробiш, мужчынау мала, а маладыя п’юць.У iх гены дрэнныя. З-за бацькоу. Нарадзiла, дык хай гэтае немаулятка добрым чалавекам стане…

Irina
Irina
5 декабря 2011 18:05

Даў Бог дзіця, дасць і на дзіця.

wolf
wolf
5 декабря 2011 21:07

Прауду Iрына кажа. А то не выхаваю, цi кiне. Аборт-дзiця забiць. З цягам часу мы усе разумеем, што гэта забойства жывой душы. А калi мужчыны дзеля свайга супакою цi iншага гэта забойства жанчыну зрабiць вымушаюць, то i яны удзельнiчаюць у забойстве жывой душы. Помнiце аб гэтым…

Child
Child
5 декабря 2011 21:21

Типичный поворот жизни. Но это даже и не поворот, просто батя по-другому воспитан.