Навагодні палон Яна Міцкевіча

1

Яна Данілавіча Міцкевіча на Случчыне ў 30−60-я гады мінулага веку ведала і паважала не толькі моладзь, але і старажыхары — за высокае майстэрства як музыканта, якога нямала вёсак запрашала на вечарынку ці вяселле. І ён ніколі не адмаўляў.

Пад яго баян «танчылі» нават вясковыя бабулі. Баян музыкант меў самы дасканалы — падарунак за ўдзел у нейкім абласным конкурсе баяністаў. А ўсяго іх было аж тры ў хаце!

Реклама

Мне давялося сустракацца на вечарынках з Янам Міцкевічам не толькі ў сваёй вёсцы, але і ў яго лясной вёсцы Круглае, што за чатыры кіламетры ад шашы-«варшаўкі» ў бок мястэчка Урэчча. У 60-я гады я пісаў пра яго нарыс у абласную газету. Музыка таксама быў цікавым суразмоўцам. Аднойчы ён паведаў гісторыю свайго навагодняга палону на паліцэйскім блок-пасту ля пасёлка Кучына 31 снежня 1943 года.

Пад вечар ля яго хаты, што стаяла другой на краі вёскі, пад’ехала санная павозка, з яе сышлі двое з вінтоўкамі і пастукалі ў дзверы. Ян Данілавіч падумаў, што партызаны — яны часцяком наведваліся ў яго вёску, звычайна ноччу. Але ў хату зайшлі салдаты з размешчанага ля пасёлка Кучына блок-паста. У шэрых шынялях з нарукаўнай нашыўкай «РОА», што азначала «Русская освободительная армия», якую ў 1943 годзе стварыў небезвядомы генерал Уласаў, які трапіў у палон летам 1942 года. Гэтыя двое былі маладымі па ўзросце, адразу выказалі мэту свайго візіту: «Нам стала вядома ад жыхароў пасёлка, што вы, Ян Данілавіч, выдатны баяніст, таму запрашаем вас на блок-пост сыграць нашым што-небудзь пад Новы год». Гаспадар стаў тлумачыць, што за такую паездку партызаны, калі хто данясе ім, расстраляюць яго як варожы элемент. Жонка раздзяліла трывогу мужа, але госці адступаць і не думалі, што адчувалася па тоне іх размоў. Запэўнілі, што прывязуць яго назад ноччу, калі ўсе ў вёсцы будуць спаць, і ніхто нічога не пачуе.

Праз паўгадзіну язды сані спыніліся ля ўвахода ў блок-пост. Вартавы з ручным кулямётам на брустверы прапусціў іх у даволі прасторную зямлянку, дзе за доўгім сталом пры святле керасінавай лямпы сядзела чалавек восем вайскоўцаў у шэрых мундзірах з ужо знаёмымі нарукаўнымі нашыўкамі. На стале праглядваліся бутэлькі спіртнога, горкі нарэзанага хлеба, іншая закуска. Запрасілі і Яна Данілавіча да стала, далі выпіць і закусіць, самі не раз прыкладваліся да алюмініевых кубачкаў. А калі захмялелі, загадалі іграць мелодыі даваенных савецкіх песень, так знаёмых Яну Данілавічу: «Кацюша», «Тры танкісты», «Раскинулось море широко».

Салдаты падпявалі хорам, на вочы двух, што сядзелі паблізу баяніста, набеглі слёзы. З адным з іх Ян Данілавіч потым выйшаў у калідорчык пры ўваходзе пакурыць, дастаў свой капшук з самасадам, салдат — нямецкія цыгарэты. Ён падзяліўся тайнай свайго прыходу ў гэтае войска: трапіў у палон з тысячамі чырвонаармейцаў восенню 41-га пад Бранскам, дзе ў акружэнні апынулася цэлая армія. Разам з сотнямі ваеннапалонных прыгналі ў лагер у Бабруйск, дзе людзі паміралі ад голаду і хвароб, за ноч з барака выносілі дзясяткі трупаў.

Недзе ў студзені 1943 года ў лагер завітаў прадстаўнік ад арміі Уласава, стаў агітаваць за ўступленне ў яе шэрагі. І ён даў згоду: падумаў, што ачуняе там і ўцячэ да партызанаў. Хацелася жыць — яму было толькі дваццаць два гады. І вось апынуўся тут, на блок-пасту. Адзін іх салдат падаўся да партызанаў, але чулі, што яго там расстралялі. Таму ён пабаяўся ісці да іх.
За поўнач на саннай павозцы адзін з тых дваіх, што прывезлі Яна Данілавіча на блок-пост, адвёз яго дамоў, пакінуў банку тушонкі і буханку хлеба.

Летам 1944 года з тым уласаўцам, што прывёз яго зімой дамоў, Ян Данілавіч сустрэўся зноў, ужо калі той быў партызанам нейкай любанскай брыгады. Завітаў у хату, і яны распілі бутэльку добрай хлебнай самагонкі, а на развітанне Ян Данілавіч сыграў яму мелодыю «Тры танкісты».
…Цяпер у вёсцы Круглае жыве ўсяго сямёра пенсіянераў, якім ужо за семдзесят. За аселіцай на могілках помнік Яну Данілавічу стаіць побач з магілай яго жонкі Лізаветы Міхайлаўны, якая на пятнаццаць гадоў перажыла мужа. У іх не было дзяцей, і яна пры жыцці заказала сабе помнік, які суседзі і паставілі пасля яе смерці.

Міхась Тычына

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
wolf
wolf
27 ноября 2011 18:05

Пра гэтуэ гiсторыю «Кур'ер» ужо пiсау. Толькi лёс гэтых людзей як бы iншы быу, а мо не так помню? Як быццам, частка гэтых людзей загiнула.