Жменя жвіру з Мамаева кургана

0

Ці многія сёння ведаюць, што Дзень ракетных войскаў і артылерыі адзначаецца 19 лістапада ў сувязі з важнай падзеяй Вялікай Айчыннай вайны. У гэты дзень 69 год таму, 19 лістапада 1942 года, пачалася аперацыя «Уран». Яе вынікам стаў разгром нямецкіх войскаў пад Сталінградам.

Горад-герой Валгаград у складзе групы турыстаў з Беларусі я наведаў у 1968 годзе. Перажытае ад убачанага на колішнім рубяжы абароны горада ўздоўж Волгі было такім, як, напэўна, у вернікаў у Іерусаліме ля царквы гроба Гасподняга.
Асабліва ўразіла высачэзная скульптура Радзімы-маці ў абліччы жанчыны з 70-мятровым мячом у руцэ на Мамаевым кургане, які мае вышыню 102 метры.

Узыйшоўшы на курган, я каля падножжа скульптуры згроб жменю жвіру — на памяць. Высыпаў у поліэтыленавы пакет, а ў каюце цеплахода рассыпаў на газету і налічыў аж 17 асколкаў снарадаў, мін, куль!
Вярнуўшыся ў Слуцк, занёс той пакет у сярэднюю школу № 6 паблізу майго дома. Там у кабінеце гісторыі быў музейны куток, які заснаваў Анатоль Калядка — выкладчык гісторыі, вельмі цікавы чалавек.
На жаль, не захавалася тая свінцова-сталёвая жменя ваенага жвіру: пасля смерці настаўніка гісторыі ўсе экспанаты забраў яго сын, які жыве ў Маскве. Але гэта было потым. А там, на Мамаевым кургане, на бетоннай сцяне, што вядзе да падножжа кургана, я прачытаў выкладзеныя бронзавымі літарамі мятровага памеру словы пісьменніка-франтавіка Васіля Гросмана, які бываў у горадзе ў дні баёў: «Железный ветер бил им в лицо, а они всё шли и шли, и уже враги недоумевали — люди ли это, смертны ли они?».

Реклама

А ў Пантэоне Славы, купал якога ўзвышаецца направа ад дарожкі ў бок кургана, на высокай сцяне, што паўкружжам агінае ўзнятую па цэнтры будынка белую мармуровую руку з факелам вечнага агню, выкладзены прозвішчы каля 40 тысяч воінаў, што загінулі ў баях за горад. Ад мелодыі, поўнай пякучага смутку, што даносілася з-пад высокага купала, на вочы набягалі слёзы.
Міжволі позірк шукаў там нашы, беларускія прозвішчы — і знаходзіў: Самцэвіч, Некрашэвіч, Няронскі, Мірановіч, нават так знаёмы случчанскі Жук, хоць Жукавых, Івановых, Пятровых, Міронавых на той сцяне былі сотні, калі не тысячы.

Ад экскурсавода, немаладой жанчыны, якая дзяўчынай перажыла ў Сталінградзе вогненны ад, турысты даведаліся, што загінула ў горадзе і вакол яго звыш за 800 тысяч савецкіх воінаў.
З успамінаў абаронцаў горада, военачальнікаў даведаўся, што Мамаеў курган за пяць месяцаў баёў больш чым дваццаць разоў пераходзіў з рук у рукі пад шквальным агнём. Там загінула болей за 30 тысяч савецкіх воінаў, не меней склалі галовы і салдаты 6-й арміі генерала Паульса, якая потом была акружана і разбіта.

Міхаіл Тычына
Слуцк

НА МАМАЕВЫМ КУРГАНЕ. Случчанін Міхаіл Тычына, апынуўшыся на гэтым кургане ў 1968 годзе, быў настолькі ўражаны ўбачаным, што прыязджаў сюды яшчэ раз — у 1987 годзе.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии