Памяці Анатоля Белага

0
Реклама

У Мінску 14 лістапада ў выніку цяжкай хваробы памёр Анатоль Яўхімавіч Белы — вядомы грамадскі дзеяч, вучоны і калекцыянер.


Анатоль Яўхімавіч Белы на сваёй сядзібе ў Старых Дарогах.

Ён нарадзiўся 10 снежня 1939 года ў Старых Дарогах. У 1967 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
Член Саюза мастакоў Беларусі, Саюза беларускіх пісьменнікаў, прафесар, дыпламат Міжнароднага Кембрыджскага цэнтра, Акадэміі Еўразіі. Заснавальнік Мінскага гарадскога культурна-асветніцкага клуба «Спадчына», адзін з заснавальнікаў таварыства «Бацькаўшчына» і беларуска-амерыканскага часопіса «Полацак» (Кліўленд, ЗША).

Быў удзельнікам устаноўчых з’ездаў Партыі БНФ, грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны». Дзякуючы намаганням Анатоля Белага ў дворыку БДУ ўсталяваны шэраг помнікаў дзеячам нацыянальнай культуры — Ефрасінні Полацкай, Кірыле Тураўскаму, Міколе Гусоўскаму, Францыску Скарыне, Сымону Буднаму і Васілю Цяпінскаму.
Анатоль Белы сабраў вялікую калекцыю твораў жывапісу, графікі, медальернага і дэкаратыўнага мастацтва (каля трох тысяч адзінак). На яе аснове ў 1990 годзе заснаваў, а ў 1999-м адкрыў на сядзібе ў Старых Дарогах прыватны музей выяўленчага мастацтва.

Реклама

За сваю дзейнасць на ніве нацыянальнага адраджэння і захавання беларускай спадчыны Анатоль Белы быў узнагароджаны ордэнам Кірылы Тураўскага, дзвюма граматамі мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, а таксама медалём імя Яна Масарыка Міністэрства замежных спраў Чэшскай Рэспублікі.
Анатоль Белы будзе пахаваны 17 лістапада ў Старых Дарогах.

Калектыў газеты «Інфа-Кур'ер» выказвае шчырыя спачуваннi родным i блiзкiм Анатоля Яўхімавіча Белага.

Реклама