Рэцэпт даўгалецця

0

Гэты дзень восені настаў неяк нечакана. Яна разумела, што ён вось-вось прыйдзе, але хацелася, каб не так скора. Бо пасля гэтага дня наступіць жыццё, пустое амаль да вясны, без занятку.

Увесь свой жыццёвы шлях яна правяла ў працы: спачатку школьніцай дапамагала матулі на калгаснай ферме, пасля самастойна даіла статак кароў. Нават калі былі малыя дзеці, не пакідала ферму, бо на той час на вёсцы цяжка было знайсці ёй падмену. Дзеці выраслі і разышліся, у вёсцы не стала фермы, а яна па-ранейшаму толькі ў працы знаходзіла радасць свайго існавання. Цяпер вырошчвала агародніну, большасць з якой раздавала людзям. І ніяк не разумела, чаму гэтыя байбусы, што засталіся ў вёсцы, маладыя, здаровыя, нідзе не працуюць, вечарамі гуртуюцца і швэндаюцца па вуліцы п’янымі. Дзівілася, за што п’юць і дзе бяруць грошы. Але бывала, што і cама звярталася да іх за дапамогай. Таму заўсёды мела пляшку віна ці гарэлкі.
Калі Парасачка раніцою выйшла з хаты на вуліцу, густы туман стаяў над агародам. І яна зразумела, што гэты дзень настаў і прыйшла пара ўбіраць апошняе. Капуста вырасла на дзіва вялікая, лапушыстая.
Каля склепа стаяла вымытая дзежка, напоўненая качанамі. Апусціць у склеп дапаможа сусед Сяргей: нездарма ж учора яму налівала віна. Толькі трэба яго пазваць. Пасля ўчарашняга ён яшчэ не выходзіў з хаты. Парасачка доўга хадзіла па агародзе, цікуючы суседа.

Реклама

З’явіўся Сяргей увечар, памераўся з дзежкай сілай і прамовіў: «Зараз не дапамагу, трэба спачатку „паправіць“ здароўе». Парасачка здагадвалася, што з гэтага ўсё пачнецца, таму ўвесь мацунак быў ужо на стале: пляшка з недапітым учора віном, кіслыя гурочкі і скрылікі сала. Яно, гэтае сала (цягучае — не ўкусіць), было з магазіна, бо сваё даўно звялося. Кульнуўшы першую чарку, сусед старанна закусіў, адрэзаў сала малымі кусочкамі і, добра не разжаваўшы, глытаў. Калі дапіў віно ды даеў закусь, спытаў: «Доўга жыць збіраецеся, цётка, што так шмат капусты соліце?».

— Доўга. Навошта паміраць, столькі нарасціўшы гародніны, насаліўшы? Вядома, адной не спатрэбіцца столькі. Вось трэба да вясны дажыць абавязкова: што сама з’ем, што добрым людзям раздам. Вось і ты прыдзеш, папросіш, як не раз рабіў. Вясною навошта паміраць? Трэба зноў агарод сеяць. А пасееўшы, толькі дурань памірае. Навошта пакідаць такое багацце, калі трэба яго спажываць? Увосень зноў да мяне прыдзеш, дапаможаш капусту ў склеп апусціць. Чаму ж ты нічога не сееш, агарод зарос? Твой сябра таксама нічога на рабіў на градзе, памёр маладым.
— У вас, цётка, рэцэпт даўгалецця: пасееў, вырасціў, сабраў і зноў пасееў. Такі кругаварот. Не, я так не магу. Навошта мне гэта аднаму? Жонка ўцякла ў горад да другога, дык няхай той сее, збірае. А я адзін як-небудзь пражыву. А сябра памёр таму, што цыроз нейкі яго загубіў.
— Ты еш, Сярожка, бо гэта мо і вячэрай будзе, ды хадзем.

Парасачцы здалося, што ад выпітага і з’едзенага сусед у твары пачырванеў, стаў больш рахманы.
На двары сусед справіўся з дзежкай спраўна, нахіліў, і тая сама пакацілася да склепа. Не скмеціла Парасачка, як па дошцы дзежка з’ехала ў склеп. Засталося толькі паказаць месца, дзе яна будзе стаяць усю зіму. Калі справа была скончана, сусед смела спытаў: «Дык тут і мая капуста?».
Вось так жывуць па-суседску старая жанчына, якой скора споўніцца восемдзесят, і яшчэ дужы, малады пенсіянер, які атрымаў пенсію па гарачай сетцы і перасяліўся з горада ў вёску. Другіх жыхароў тут няма.

Уладзімір Дамель

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии