Качалаўская рапсодыя

0

Дабрацца ў Качалава, ціхую, з вузкай вуліцай, абсаджанай векавымі клёнамі і ліпамі вёсачку, можна прыгарадным аўтобусам, што спыняецца метраў за дзвесце ад яе.

Праведаў я Качалава год таму са знаёмым слуцкім пенсіянерам, які мае тут дачны дом і сядзібу пры ім. Да вайны двароў у вёсцы было не болей за чатырнаццаць, абжытых, хоць і парадзелых. У 1930-м годзе адсюль на поўнач выслалі тры сям'і самых гаспадарлівых сялян — Русецкага, Варэніка, Слоніма.

Реклама

А ў 1939 годзе днём машына «чорны воран» спынілася ля хаты Аляксандра Шкоды, калгасніка. Двое ў форме зайшлі ў хату, забралі гаспадара і павезлі ў слуцкую турму. Там па рашэнні «тройкі», што вяршыла ў тыя гады лёсы соцень людзей, Аляксандра Шкоду выслалі, а можа, і расстралялі, бо ніякіх вестак жонка, што засталася з трыма малымі дзецьмі, не мела ад улад.

З сынам Аляксандра Уладзімірам зімой 1945 года мы былі прызваны на службу ва Урэчча за Мінскам, адтуль пасля васьмімесячнай муштроўкі на вучэбных палетках трапілі ў Балтфлот, у горад-крэпасць Кранштат. Мяне адправілі ў школу сувязі, якую я праз паўгода закончыў радыстам, потым трапіў на вучэбны карабель «Эмба». Уладзіміра для праходжання службы вызначылі на лінкор «Октябрьская революция» камендорам (па сухапутным статуце — артылерыстам) у 3-ю вежу 302 мм гармат. З Уладзімірам мы зрэдку сустракаліся ў горадзе, калі мелі звальненне, пілі піва.

Што больш за ўсё засталося ў маёй памяці аб тым лінкоры 1915 года пабудовы, дык гэта стрэльбы з усіх дванаццаці 302 мм гармат па караблі-мішэні, што стаяў на якары за 15 кіламетраў ад Кранштата. Па чарзе білі ўсе тры вежавыя гарматы.
Відовішча было надзвычайнае, бо лінкор стаяў метраў за пяцьсот ад берага і непадалёку ад нашай «Эмбы».
То былі апошнія стрэльбы ўцалелага ў часы вайны лінкора, бо праз два ці тры гады яго спісалі на металалом і адправілі ў Ленінград.
Пасля дэмабілізацыі ў 1951 годзе нашы жыццёвыя шляхі з Уладзімірам Шкодам разышліся: ён паехаў у сваю вёску, уладкаваўся рабочым на Слуцкі завод эмальпасуды. Адтуль выйшаў на пенсію і вярнуўся да роднага парога.

Нядаўна пазваніў яму і даведаўся, што пасля смерці жонкі Уладзімір Аляксандравіч застаўся адзін у доме. У дзяцей свае сем'і і клопаты. Яны яго праведваюць, а ён іх.
Толькі пасля смерці Сталіна, калі ў СССР патыхнула «адлігай» ў грамадстве, бацька Уладзіміра даслаў пісьмо з Калымы, дзе палітзняволеныя здабывалі золата для дзяржавы.

Пасля адбыцця тэрміну былым зэкам выязджаць у Беларусь было забаронена. Аднак яму дазволілі застацца на рацэ Зеі і працягваць працу золатаздабытчыкам. Там Аляксандр Шкода ажаніўся другі раз, займеў дваіх дзяцей — сына і дачку.
Ужо дарослы яго сын — таксама Уладзімір — прыязджаў у Качалава ў госці да Шкодаў. Маці Аляксандра была вельмі рада сустрэчы з яго сынам, тварам схожым з яе мужам-гарэтнікам.

Госць перадаў, што бацька вельмі хацеў, каб хто з дзяцей прыехаў да яго, бо той пакінуў іх малымі і вельмі сумаваў па іх.
Маці параіла паехаць на Зею старэйшаму сыну Віктару і дачцэ Таісе. У рэчавую сумку паклала пару кавалкаў кубловага сала, тры лычкі пальцам пханай каўбасы і нешта з адзежы палатнянай.
Вярнуліся яны адтуль з цёплымі ўспамінамі ад сустрэчы з пастарэлым бацькам і яго другой жонкай-сібірачкай. І зразумелі, праслухаўшы сумны сповед бацькі ў слязах, што невяртанне яго на радзіму было наканавана тагачаснай дзяржаўнай сістэмай.
Вось так перапляліся лёсы людскія ад Беларусі да Калымы.

Міхаіл Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии