Пецярбургскія гравюры са слуцкімі матывамі

0

На старонках «Кур'ера» з матэрыяламі па гісторыі нашага краю чытачы не раз бачылі графічныя партрэты слуцкіх князёў Аляксандра Алелькі і Юрыя Алелькавіча. Па ніжнім краі малюнка размяшчаецца прозвішча аўтара: «А. Зубчанинов». Аматараў слуцкай даўніны, несумненна, магла зацікавіць як асоба мастака, так і пытанне: на падставе якіх матэрыялаў ён зрабіў праўдзівыя вобразы герояў слуцкай мінуўшчыны?


СЛУЦКІЯ РАРЫТЭТЫ. Партрэт Юрыя Алелькавіча. Гравюра: Аляксандр Зубчанінаў. Справа — партрэт чатырох слуцкіх князёў. Невядомы аўтар XVII стагоддзя

Аляксандр Іванавіч Зубчанінаў - рускі мастак-графік, майстар ксілаграфіі (гравюры на дрэве), чыя дзейнасць прыходзіцца на канец ХІХ — пачатак ХХ стагоддзяў. Працаваў ён у Пецярбургу і перш за ўсё быў вядомы як майстар рэпрадукцыйнай гравюры.
Зубчанінаў - аўтар і ўласных графічных кампазіцый, і ілюстрацый, зробленых па малюнках іншых мастакоў, а таксама па фотаздымках. Ён супрацоўнічаў з пецярбургскімі выданнямі. Для часопіса «Север» гравіраваў ілюстрацыі з натурных фотаздымкаў, для штотыднёвага часопіса «Всемирная иллюстрация» зрабіў серыю гравюр «Сялянскі быт» па малюнках мастака П. Каверзнева. Ці не самай значнай стала праца над ілюстрацыямі да двух тамоў «Мастацкай энцыклапедыі» Фёдара Булгакава, якія выйшлі ў 1886−1887 гады? Для іх было выразана больш за тысячу гравюр.

Реклама


Партрэт чатырох слуцкіх князёў. Невядомы аўтар XVII стагоддзя

У 1888 годзе ў Пецярбургу выйшла гістарычнае даследаванне Пампея Бацюшкава «Волынь. Исторические судьбы Юго-Западного края». Адной з ілюстрацый тут з’яўляецца вышэй згаданы гравіраваны Зубчанінавым партрэт князя Аляксандра Алелькі. У аналагічным даследаванні «Исторические судьбы Северо-Западного края», якое пабачыла свет крыху пазней, змешчаны партрэт Юрыя Алелькавіча, зроблены тым жа мастаком. Праўдападобнасць вобразаў разам з уважлівай прапрацаванасцю дэталяў іх касцюмаў сведчыць пра тое, што мастак падчас работы бачыў нейкі старажытны арыгінал альбо яго здымак. Нас, аднак, цікавяць пытанні: якімі відэаматэрыяламі ён карыстаўся, як да яго яны трапілі і лёс гэтых рарытэтаў. Таксама можна выказаць меркаванне: магчыма, слуцкай тэматыцы мастак прысвяціў не толькі згаданыя два партрэты.
Вядома, што з ХVІ стагоддзя ў Слуцку меліся жывапісныя партрэты князёў Алелькавічаў і іх сваякоў. Некаторыя з іх да ХІХ стагоддзя апынуліся ў радзівілаўскім зборы ў Нясвіжы, частка асела ў іншых месцах. Некаторыя захоўваліся ў Слуцкім Троіцкім манастыры.

У значнай меры пытанне праясніла выдадзеная ў Варшаве ў 1996 годзе польскай даследчыцай Марыяй Каламайска-Саед кніга «Партрэты і помнікі старадаўнасці князёў Алелькавічаў у Слуцку», зробленая па матэрыялах польскага мастака і гісторыка Юзафа Смалінскага, які працаваў у Троіцкім манастыры ў 1904 годзе. Сярод прыведзеных у кнізе ілюстрацый бачым здымак калектыўнага партрэта чатырох слуцкіх князёў: Аляксандра Уладзіміравіча і трох апошніх прадстаўнікоў роду — Юрыя, Сімяона і Аляксандра Юр’евічаў. І выявы першых двух кампазіцыйна адпавядаюць гравіраваным выявам, зробленым Зубчанінавым.

Наўрад ці Зубчанінаў прыязджаў у Слуцк, каб капіраваць з карціны. Ён хутчэй карыстаўся зробленымі ў Слуцкім манастыры здымкамі. І здымак партрэта чатырох князёў быў значна лепшай якасці, чым зроблены Смалінскім. Калі б заказ для Зубчанінава выконваў слуцкі фатограф, то падобныя здымкі маглі быць вядомымі ў Слуцку. Верагодней, што гэта быў пецярбургскі фатограф і ён мог зрабіць здымак не аднаго толькі партрэта.

Нашы спадзяванні ўзмацняе яшчэ адно выданне. У 1896 годзе ў Вільні выйшла кніга Ф. Серна-Салаўевіча «Древнерусский город Слуцк и его святыни» з гравіраванымі ілюстрацыямі. У іх ліку — від на манастыр, інтэр'еры Благавешчанскай царквы і сабора з саркафагам княгіні Сафіі. Яны зроблены па фотаздымках. У кнізе Каламайска-Саед якраз прыводзіцца фотаздымак саркафага княгіні Сафіі, ідэнтычны вышэй згаданай ілюстрацыі. Ён знаходзіцца ў бібліятэцы Вільнюскага ўніверсітэта. Аўтар гравюр тут не пазначаны, аднак па тэхніцы яны нагадваюць манеру Зубчанінава. Хутчэй за ўсё, што ён і з’яўляецца аўтарам. Згадаем, што тая ж гравюра з відам на манастыр прыводзіцца як ілюстрацыя ў выдадзенай у 1909 годзе ў Пецярбургу кнізе «Православные русские обители. Полное иллюстрированное описание православных монастырей в Русской империи и на Афоне».

Такім чынам, можна сказаць, што Зубчанінаў зрабіў серыю гравюр з відамі слуцкіх старажытнасцяў. І карыстаўся ён зробленымі ў Слуцку фотаздымкамі. Для аматараў гісторыі Слуцка сапраўдным падарункам стаў нядаўна выдадзены фотаальбом «Слуцк. Путешествие во времени». На думку аўтара, тыя здымкі, што прадстаўлены бібліятэкай Вільнюскага ўніверсітэта, маглі паходзіць з серыі здымкаў, якімі карыстаўся Зубчанінаў. Гэта сведчыць, што зробленыя ў Слуцку здымкі да гэтага часу могуць захоўвацца не толькі ў русскіх архівах, прычым некаторыя з іх нам невядомы. А значыць, нас могуць яшчэ чакаць цікавыя адкрыцці відаў колішняга старога Слуцка.

Ігар Ціткоўскі

Даведка «IК».

Пасля вынаходніцтва кнігадрукавання ў тэхніцы ксілаграфіі ствараліся ілюстрацыі ў кнігах. Прымянялася тады тэхніка абразной гравюры. У ХІХ стагоддзі стала папулярнай гравюра тарцовая. Выдатным яе майстрам у Расіі стаў Л. Серакоў. Ён падрыхтаваў вучняў-гравіроўшчыкаў, сярод якіх быў Зубчанінаў.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии