Расстрэльны век вёскі Заграддзе

2

Першы раз трагедыя ў Заграддзі адбылася зімой 1908 года, калі ў невялікай (двароў на сто) вёсцы на Случчыне сяляне-беднякі адмовіліся плаціць так званы мірскі збор — падатак за зямлю, нарэзаную ім па няўдобіцы, дзе, акрамя буячніку і моху, на купінах нічога не расло. Не плацілі болей года. Для канфіскацыі маёмасці ў неплацельшчыкаў са Слуцка ў вёску прыехалі валасны начальнік, ураднік, 50 конных і пешых стражнікаў са зброяй.

Сяляне перагарадзілі вуліцу, не даючы магчымасці «гасцям» падыходзіць да хат неплацельшчыкаў. Яны выкрыквалі: «Не дамо адбіраць апошняе ў нядоймшчыкаў - яны галадаюць!» Некаторыя жанчыны і мужчыны прыхапілі калы з платоў, качэргі з дому і сталі адцясняць стражнікаў. На загад урадніка Ешмана разысціся ніхто не рэагаваў. Стражнікі, каб папужаць людзей, далі стрэлы ўгару, але гэта не дапамагло. І тады прагучала каманда ўрадніка: «Па бунтоўшчыках — агонь!» Грымнулі стрэлы вінтовак. Упалі мёртвымі шасцёра: браты Фама і Ціхан Ганчары, Павел Юрчэня, Міхаіл Ясінскі, Сцяпан Дробыш і Іван Сеўрук. Сямёра былі паранены. Пазней 16 удзельнікаў бунту судзілі ў Вільні, некалькі чалавек апраўдалі, рэшту прыгаварылі да высылкі ў Сібір, адкуль мала хто вярнуўся.
У 60-я гады на тым месцы, дзе пралілася кроў бязвінных, быў усталяваны гранітны помнік з прозвішчамі загінуўшых. За сто з лішнім гадоў вёска перажыла не адну акупацыю. Сёння ў ёй са 180 даваенных двароў жылых засталося толькі 48. Шмат пустуючых хат было знесена. Вёску прызналі «неперспектыўнай».

Але старажыхары не забылі рэпрэсіі 20−30-х гадоў, што абрынуліся на Заграддзе. Хоць тут не было «кулакоў», таму як зямлі ворнай вакол было мала, на двор прыпадала па 2,5−4 гектары. Аднак новая ўлада, мусіць, прыпомніла сялянскі бунт 1908 года і перад масавай калектывізацыяй вырашыла пачысціць вёску ад «неблаганадзейных». І ўжо ў 1929 годзе на высылку ў Сібір на 3−5 гадоў адсюль было адпраўлена аж 24 чалавекі, з іх 15 жанчын! У раённай кнізе «Памяць» занатаваны іх прозвішчы. Выбраў найболей старэйшых: Усціна Сцяпанаўна Дробыш, 53 гады; Ганна Францаўна Казак, 50 гадоў; Вольга Ёсіпаўна Выскварка, 50 гадоў. Астатнія жанчыны былі ва ўзросце 20−26 гадоў. Не ўсе яны вярнуліся ў родную вёску. А пяцёра сяльчан у 1933 годзе былі расстраляны, у іх ліку 72-гадовы калгаснік Сава Мікалаевіч Чаркоўскі, яго два жанатыя сыны — 39-гадовы Анатоль Савіч і 38-гадовы Іван Савіч, Людвік Сцяпанавіч Казак, Павел Макаравіч Зеньчык, 56 гадоў. Рэабілітаваны яны былі толькі ў 1991 годзе.

Реклама

З усёй гэтай трагічна-драматычнай гісторыі напрошваецца выснова: ці не прыйшоў час паблізу помніка шасцярым расстраляным у 1908 годзе заградцам узвесці і помнік 29 сасланым у Сібір, а таксама пяцярым расстраляным — другі помнік? Каб нашчадкі ў чацвёртым і пятым «калене», хто вырас тут і яшчэ з’явіцца на свет, не забылі пра загінуўшых, пакуль вёска канчаткова не састарэла.

Міхаіл Тычына

2 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
настоящая!!!!
настоящая!!!!
6 октября 2011 01:12

А это моя деревня… круто…а я даже не знала такую историю.

моля
моля
11 октября 2011 14:13

фигасе)
и моя тоже 🙂