У родным лесе

0

Маё вясковае дзяцінства знітавана з лесам, які спрадвеку расце побач з вёскаю, дзе я нарадзіўся і вырас. Для мяне і маіх равеснікаў лес гэты быў школай жыцця і адпачынку. Ён сам і ўсё, што было ў ім, з дзіцячых гадоў паступова, недакучліва, трывала западала ў нашы сэрцы свядомасці.

Кожная вясна пачыналася з гэтага лесу. Ён ужо жыў сваімі актыўным багатым вясновым жыццём: стракаталі сарокі, стукаў дзяцел, адзываўся дрозд у хвойніку, буркаталі галубы-вяхіры. Мурашнік ажыў пасля зімовай спячкі: мурашкі варушыліся, выпаўзалі, грэліся кволыя на сонцы. Цёк сок-бярозавік, і светлыя бярозавыя пні былі мокрыя. Бралася навакол зеляніна…
Лес гэты я ведаў на памяць, помніў, дзе растуць магутныя дрэвы, усе старыя і новыя надзейныя, не раз правераныя, грыбныя і ягадныя мясціны. І перш чым зайсці ў лес, я прыпыняўся на лужку перад ім. Гэты лужок увесь быў пакрыты кветкамі (белымі, чырвонымі, жоўтымі, блакітнымі), тут расло шмат шчаўя. Як гэта смачна: чорны акранец хлеба з маладзенькім лугавым шчаўем!

Реклама

Амаль усё лета была тут яміна з чыстай вадой. Мы, хлапчукі, не праміналі гэтае прывабнае для забаў месца. Чым бліжэй да лесу, тым цікавей. Зелянеюць бліскучай лістотай хмызнякі, вольхі, асіны, стойныя гонкія бярозкі, цягнуцца ўвысь стройныя грабы, клёны, прапускаюць, нібы праз дробныя сеткі, сонечнае святло ясені, стаяць зараснікі дзікай маліны і ажыны. Паветра насычана мядовым пахам ліпы і хваёвай смалы. Утульна і сцішана ў лесе ў гарачы летні дзень, быццам і жыцця ў ім няма. Але лес толькі знешне выглядае ціхім. Вельмі багатае птушынае царства, але не менш і жывёльнае. Не спыняецца, верце, цікавае жыццё ў лесе.

Там я мог блукаваць амаль цэлы дзень, прыхапіўшы з дому акраец хлеба, агурок, яблыка, а ягад вакол хапала. Доўгае блуканне не надакучала і не абцяжарвала, тым болей не страшыла. Каго мне баяцца ў мірным родным лесе? Толькі зрэдку можна было сустрэць лася ці дзіка, убачыць гадзюку. Прызнаюся, больш за ўсё ў лес любіў прыходзіць адзін, асабліва ў ліпені, жніўні, калі адшумелі цёплыя дажджы, а ўночы ападалі туманы. У нас, вясковых хлапчукоў, былі свае грыбныя мясціны, і хацелася паспець да іх першымі. Шмат было арэхаў. У цяні лістоты зялёныя, а на сонцы, наверсе — медна-чырвоныя, у вусатых званочках — цэлыя гронкі па тры-пяць штук. У мяне быў свой «арэхавы» закон: з кожнага куста я спачатку зрываў толькі адзін арэх — для пробы. Калі ён не паспеў - куст не чапаў.

А вось маленькая ўтульная палянка. Асцярожна ступаеш сюды: ведаеш, што тут абавязкова знойдзеш грыбы. Але які ён будзе, гэты першы лясны падарунак? Штосьці жаўцее сярод травы і моху. Згінаешся — ну вядома ж, баравік! Крамяны, мокры ад расы. Стараешся прадоўжыць ціхае паляванне — шчаслівае адчуванне ўдачы. А баравік жа ніколі не расце адзін. Багаты лес і на падасінавікі, падбярозавікі, сыраежкі, лісічкі, грузды, апенькі…
Сёння мой лес ужо не той, што быў калісьці: зарос крапівою, маліннікам. Па-драпежніцкі знішчаюцца гаі: піляць і рэжуць дзе папала. А праз бураломы, што ляжаць гадамі ў розных мясцінах, не прайсці чалавеку.

Міхаіл Масюк

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии