Бліснула маланка

1

Май 1955 года выдаўся парным і дажджлівым. То спачатку пякло сонца, то адкуль ні вазьміся вецер наганяў цёмныя аблокі і ліў дождж. А з неба секлі, як пугай, маланкі, і грымацела, быццам стралялі тысячы гармат. Потым зноў налятаў вецер, разганяючы аблокі, і на небе зіхацела сонейка. І раптам рознакаляровыя вясёлкі радуюць вока.

Кастусь любіў гэтую пару года, таму што пачыналіся летнія канікулы. А яшчэ за тое, што можна цэлае лета праводзіць ля коней. Ён дзень і ноч прападаў ля сваіх любімцаў. Бацькі не стрымлівалі хлопца, ведаючы пра ягоную любоў да коней, нават дазвалялі хадзіць ноччу са старым пастухом Іванам. Маці выдавала яму лусту хлеба, кавалак сала, застаўляла ўзяць з сабою цёплую вопратку, бо ночы былі яшчэ халаднаватыя. З вечара дзед распальваў вогнішча. На прутку скварчэла сала, і гарачы тлушч капацеў на лусту хлеба. Смакатэча! Ні з чым не параўнаеш паджарыстае сала, цыбуліну і хлеб з тлушчам.
Пад раніцу Кастусь прачнуўся ад дзедавых штуршкоў: «Слухай, Кастусь, да нас, мабыць, прыбіўся чужы конь, я два разы пералічваў, мо памыліўся. Скоч на Буланку, пералічы».

Реклама

Кастусь у імгненне вока апынуўся на кабылцы і паскакаў. Пералічыў усіх коней, і сапраўды атрымалася на адну галаву болей. Тут пад’ехаў і дзед Іван: «Ну што? — і раптам мацюкнуўся. — Дык гэта ж лось прыбіўся да коней і пасецца сабе спакойна». Лось, пачуўшы чалавечую гамонку, кінуўся ў бок ад чаргі, сігануў праз канаву і пашыбаваў па полі ад вёскі Сярагі.
На трэці дзень пасля гэтага здарэння дзед Іван крыху занядужаў, і Кастусь быў на пашы з Міхасём, пляменнікам дзеда, старэйшым за Кастуся гады на чатыры. З раніцы пякло сонца. Хлопцы былі басанож, а з вопраткі меліся толькі трусы ды майкі. Пад поўдзень пачалі збірацца невялічкія воблачкі. Міхась сказаў: «Я злётаю за вопраткай, а ты паглядзі за конямі». І пагарцаваў у вёску. Праз чвэрць гадзіны неба пачало марэць, аблокі згрудзіліся, закрыўшы ўсё наваколле. Недзе ўдалечыні грымнула, заімжэў маленькі, але халодны дожджык. Бліснула маланка, перахрысціўшы небасхіл напапалам, і пачалося…

Коні збіліся бліжэй адзін да аднаго, пасталі хвастамі ў бок ветру. З неба паліў дождж як з вядра.
Кастусь падлез пад Буланку, учапіўшыся за пярэднія яе ногі. Буланка таксама дрыжэла, ці то ад холаду, ці то ад таго, што наваколле грукатала і бліскала. Неўзабаве раптам усё сціхла, дождж яшчэ трохі намарасіў, неба праяснілася. Прыехаў Міхась з вопраткай, прывёз кавалак каўбасы і пляшку малака з хлебам. «Глянь, што гэта?» — штурхнуў Кастуся Міхась.
У бок вёскі Сярагі апускаўся залацісты дыск велічынёй з футбольны мячык. Хлопцы стаялі як заварожаныя: яны ўпершыню бачылі такую з’яву. Праз некалькі хвілін над вёскай паказаўся дымок, паваліў чорны дым, затым да паўнеба ўзняўся агонь — гарэла вёска Сярагі. Лю- дзі казалі, што ў той дзень згарэла шмат хат, таму што стаялі яны вельмі шчыльна адна каля аднае. Праз два тыдні Кастусь і сам пацярпеў ад маланкі.

Падышла пара абганяць бульбу, шмат сельгасработ выконвалася коньмі. Старэйшыя хлопцы ішлі за сошкай, а малыя паводзілі коней, каб тыя не выходзілі за радок. Неба захмурыла, і хлопцы, выпрагшы коней, схаваліся ў канюшню. Дзверы былі адчынены насцеж. Ішоў дожджык. Кастусь стаяў каля вушака і паглядаў, як бліскае маланка. Недзе побач бліснула. Кастуся падхапіла гарачая хваля… Ачуняў ад таго, што над ім галасіла маці, а побач з ёю стаяў дзядзька ў белым — гэта быў доктар з хуткай дапамогі. Кастусь быў увесь у гразі, бо нехта з хлопцаў прапанаваў закапаць яго ў зямлю, каб адцягнула. Так раней рабілі старэйшыя, калі чалавека біла маланка.
Праз тры дні Косціка выпісалі з бальніцы. Ён зноў быў каля сваіх любімцаў і дзяліўся з Буланкай кавалкам хлеба, частаваў яе цукрам.

Мікола Корань

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
сергей
сергей
23 сентября 2011 10:07

Интересно, это истории из жизни или художественный вымысел?