Слуцкія ўлады забаранілі пікет у падтрымку палітзняволенага Мікіты Ліхавіда

2

Слуцкі райвыканкам адмовіў у правядзенні пікетавання ў падтрымку ўдзельніка паслявыбарчых пратэстаў 19 снежня, актывіста зарэгістраванага «Руху «За свабоду» Мікіты Ліхавіда. Мерапрыемства планавалася правесці 29 жніўня на пляцоўцы гарадскога стадыёна.
Падставай для рашэння стала тое, што Ліхавід з’яўляецца асуджаным. Грамадскія актывісты абскарджваюць рашэнне ўлад у пракуратуры Слуцкага раёна.

На думку заяўніка пікета Віталя Амяльковіча, забарона правядзення пікетавання з’яўляецца незаконнай.

«Райвыканкам даслаў мне адказ з адмовай у правядзенні пікета, — распавёў грамадскі актывіст у размове з карэспандэнтам «ІК». — Пры гэтым у «тлумачальнай» да адмовы пазначана: «За здзяйсненне правапарушэнняў і злачынстваў грамадзяне прыцягваюцца да адміністратыўнай і крымінальнай адказнасці ў адпаведнасці з дзейсным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і абгрунтаванне выкарыстання да грамадзян захадаў крымінальнай і адміністратыўнай адказнасці даецца ва ўсталяваным Законам парадку ўпаўнаважанымі на гэта органамі Рэспублікі Беларусь». З адказу вынікае, што райвыканкам забараніў правядзенне пікета толькі на падставе таго факта, што Мікіта Ліхавід з’яўляецца асуджаным. Іншых прычын адмовы ў адказе не пазначана».

Реклама

Адзначым, што па ўсёй краіне актывісты «Руху «За свабоду» падалі больш за сотню заявак на пікеты ў падтрымку Ліхавіда, але на ўсё ўлады адказвалі адмовай. Як адзначыў Юрась Губарэвіч, намеснік старшыні «Руху «За свабоду», адказы пісаліся па надуманых схемах. «Падставай для адмовы нават была такая: ніякіх палітвязняў на тэрыторыі раёна няма», — дадаў суразмоўца.

Нагадаем, праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Ліхавіда вязнем сумлення.

Мікіта Ліхавід быў сярод удзельнікаў акцыі пратэсту 19 снежня, якая адбылася ў дзень выбараў прэзідэнта. Студэнт быў першапачаткова затрыманы за адміністрацыйнае правапарушэнне, але потым супраць яго была распачата крымінальная справа.
Суд прызнаў Ліхавіда вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках, нягледзячы на тое, што сведкі-спецназаўцы на судзе заявілі, што не ведаюць Мікіту і прэтэнзій да яго не маюць. Ліхавіда асудзілі да трох з палавінай гадоў калоніі строгага рэжыму.

Таццяна Гусева

2 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
Змицер
Змицер
5 сентября 2011 11:34

Гэты Амялькович лучше бы работать шёл, чем фигнёй всякой заниматься. /… удалено — Админ…/

Kron
Kron
5 сентября 2011 23:46

Активист? -Вредитель! Призывающий к пикетам за рецидивиста.