Невідушчую «кулачку» пакінулі ў хаце

0

Аксеня і Кузьма Дубоўскія былі нашымі суседзямі: жылі праз вуліцу. Драма іх небагатай сям'і тыповая для 20−30-х гадоў. Усё пачалося з таго, што ў 1920 годзе іх старэйшы сын Іван пры адступленні палякаў збег у Польшчу, а праз адзінаццаць гадоў, перайшоўшы мяжу, што была ў 30-ці км ад нашай вёскі напрамкі, вярнуўся дамоў. Хтосьці з вясковых стукачоў выдаў яго, і ноччу да хаты Дубоўскіх пад’ехала павозка з пагранічнікамі. Яны ачапілі сядзібу і загадалі Івану здавацца, а ён праз сенцы і павець шмыгануў у агарод. Услед раздаліся стрэлы. Адна куля прабіла яму нагу. Івана прынеслі пад рукі ў нашу хату, маці разадрала ўздоўж белы ручнік і перавязала акрываўленую нагу, а потым яго вынеслі на вуліцу. Там яму як «польскаму шпіёну» далі не меней за дзесяць гадоў ссылкі, бо дамоў ён ужо не вярнуўся.

Кузьму ў 1935-м годзе з-за сына — перабежчыка мяжы — залічылі ў спіс «неблаганадзейных» і з двума малодшымі сынамі выслалі за Котлас. Жонку Кузьмову — Аксеню — не забіралі, бо яна была … сляпая на абодва вокі. Было ёй крыху болей за 50 гадоў.
Маці казала тады, што Аксеня сама насіла са студні ваду, паліла ў печы, гатавала нейкую страву. Пабірацца па вёсцы, вядома, не магла — суседкі прыносілі ёй хто збанок малака, хто кош бульбы.

Так і жыла яна адна мо з год ці два, пакуль сельсаветчыкі не разабралі яе хату і гумно. Як склаўся лёс Аксені далей — засталося тайнай, бо на сёння ў вёсцы Кутнеў са старажылаў амаль нікога няма: усе адыйшлі ў іншы свет па старасці або хваробах. Адзінае, што засталося на былой сядзібе Дубоўскіх, — таўшчэзная, у чатыры абхваты, ліпа ўзбоч вузкай вуліцы — гэтакі жывы помнік ахвярам таталітарызму.

Міхаіл Тычына