Слуцкі камедыхаўз

1
Реклама

260 гадоў таму ў Слуцку з’явіўся прафесійны тэатр. Заснаваў яго слуцкі князь Геранім Фларыян Радзівіл. Гэта быў адзін з першых прафесійных тэатраў на тэрыторыі Беларусі.


ПАРТРЭТ. Князь Геранім Фларыян Радзівіл, заснавальнік першага прафесійнага тэатра ў Слуцку.

З боку мецэната ён меў значную фінансавую падтрымку. Тут працавалі мясцовыя і замежныя акцёры і музыканты, рэпертуар быў скіраваны на еўрапейскія ўзоры. І каб не заўчасная смерць слуцкага князя, у сувязі з чым гісторыя першага слуцкага тэатра скончылася, магчыма, закладзеная ім традыцыя ў выпадку больш доўгага існавання прывяла б да ператварэння нашага горада ў адзін з тэатральных цэнтраў краіны.

Нельга сказаць, што жыхары горада і края не былі знаёмы з тэатральным мастацтвам раней. Увогуле пачатак гэтага мастацтва сягае ў язычніцкія часы, дзе тэатральныя дзеянні з’яўляліся элементам язычніцкіх культаў. У славян удзельнікі такіх дзеянняў называліся скамарохамі. У часы пашырэння хрысціянства скамарохі не карысталіся павагай духавенства. Іх музыка і пляскі ператвараліся ў элемент народнай культуры. З часам узнік від народнага лялечнага тэатра — батлейка, рэпертуар якога ўжо складаўся пераважна з сюжэтаў на царкоўныя матывы.
Моцныя тэатральныя традыцыі былі закладзены ў Старажытных Грэцыі і Рыме. У краінах Заходняй Еўропы, якія з эпохі Рэнесансу актыўна выкарыстоўвалі дасягненні антычнай культуры, пачаў развівацца і прафесійны тэатр. З часам гэты від мастацтва ў выніку культурных кантактаў з Захадам з’явіўся ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.
Гісторыя тэатральнага мастацтва ў Слуцку пачынаецца з арганізацыі школьных тэатраў. У 1686 годзе быў арганізаваны тэатр у кальвінскай гімназіі. З 1715 па 1756 год дзейнічаў школьны тэатр пры Слуцкай іезуіцкай калегіі.

Реклама

Аднак першы прафесійны тэатр у Слуцку быў заснаваны па ініцыятыве князя Гераніма Фларыяна Радзівіла ў 1751 годзе. Увогуле ХVІІІ стагоддзе — гэта перыяд росквіту ў культуры і мастацтве стылю барока, эстэтыка якога патрабавала пышнасці, эфектнасці, незвычайнасці, пастановачнасці. Магнатэрыя і на жыццё глядзела як на суцэльны спектакль. У сапраўдныя тэатральныя дзеянні ператвараліся розныя жыццёвыя падзеі: сустрэчы гасцей і баляванне, нараджэнне, вяселле, зборы на паляванне і вайсковая выправа, нават пахаванне. Таму тэатр становіцца амаль галоўным відам мастацтва свайго часу.

У Слуцку для пастановак па загадзе князя ў 1751 годзе прыстасавалі манеж — будынак, які, па словах самога князя, даўжынёй і вышынёй быў роўны з вялікім касцёлам. Крыху пазней пачалі выкарыстоўваць памяшканне збройнай палаты, што знаходзілася ў замку.
У 1752 годзе пад тэатр перабудавалі «судны дом», які стаяў у Старым горадзе за бернардзінскім касцёлам. Спектаклі тут ішлі да 1756 года.
У 1758−59 гады замест гэтага будынка, які разабралі, на тым жа месцы быў ўзведзены новы «дом для оперы і камедыі» — камедыхаўз. Пабудавалі яго з чэсаных брусоў, накрылі гонтавым дахам. Аб’ём тэатра складаўся з двух частак: неглыбокай сцэны, з месцам для аркестра перад ёй і ступенчатага партэра, вакол якога другім ярусам ішоў балкон. Там жа было і месца для хора. Сцены вышэй за балкон праразаліся 36-цю вокнамі з каляровым шклом. З балкона быў зроблены выхад на галерэю, што звонку апаясвала ўвесь будынак па перыметры і мела прыступкі на падворак. За сцэнай меліся два пакоі з печкамі для артыстаў.
Звонку камедыхаўз меў характар камерны, яго дэкарыроўка была даволі сціплай. Вядома, што балюстрада галерэі галоўнага фасада была размалявана.

Больш увагі надавалася аздабленню інтэр'ера: столь была абабіта палатном і расфарбавана, роспіс упрыгожваў дзверы і рамы. На сценах глядзельнай залы віселі люстэркі. Сама зала асвятлялася дзевяццю шклянымі люстрамі. Для простых гледачоў меліся абабітыя каляровым сукном лаўкі, а для знатных — адмысловыя ложы, упрыгожаныя галунамі, бахрамой і тасьмой.
Па баках тэатральнага будынка сіметрычна размяшчаліся два аднолькавыя дамы для акцёраў - «афіцыны». Камедыхаўз і афіцыны разам складалі адзіны архітэктурны ансамбль. Увесь комплекс фронтам быў павернуты да вуліцы.
Пры тэатры з 1753 года дзейнічала балетная школа, дзе вучыліся будучыя артысты з ліку дзяцей слуцкіх мяшчан. Па ўспамінах сучаснікаў, самыя лепшыя выступленні слуцкага балета адбыліся ў снежні 1759 года.

З 1753 па 1758 год дзейнічаў тэатр марыянетак. Паказы суправаджаў прыдворны аркестр (капэла), у склад якога ўваходзілі пераважна замежныя музыканты. Для капэлы таксама рыхтаваліся музыканты з ліку гарадскіх і вясковых жыхароў у спецыяльна створанай музычнай школе.

«Гмах вялікі, як для операў, гэтак і для камедыяў, — так пісаў пра свой бельскі тэатр князь Геранім Фларыян Радзівіл, — другі, яшчэ лепшы, ёсць у Слуцку, дзе оперы і камедыі ўпраўляю я з пахвалою, пацяшэннем ды ўсялякаю выгодаю як для актораў, так і для панства і спектатараў».
Афармленнем сцэны і дэкарацыямі займаліся замежны мастак Іаган Фрыдрых Дзіц і прыгонны радзівілаўскі мастак Стэфан Цыбульскі. Дакументы таксама захавалі спіс рэпертуару слуцкага тэатра. Вядомы многія прозвішчы і імёны акцёраў і музыкантаў. У масавых сцэнах, акрамя іх, прымалі ўдзел салдаты слуцкага гарнізона.
З-за таго, што Геранім Фларыян быў вялікім педантам і паклоннікам прускай муштры, то і ў тэатральным жыцці, і на сцэне вітаў дух прускай казармы.

Пасля смерці Гераніма Фларыяна Радзівіла ў 1760 годзе новы ўладальнік горада князь Мікалай Караль Радзівіл Слуцкі тэатр закрыў. У маі таго ж года акцёры, музыканты, дэкарацыі і іншыя тэатральныя атрыбуты былі адпраўлены ў Нясвіж. З часам не стала і тэатральнага будынка — камедыхаўза.

Ігар Ціткоўскі

Реклама

1
Комментарии: будем признательны за ваши отзывы.

Пожалуйста, авторизуйтесь чтобы добавить комментарий.
1 Авторы комментариев
master

очень хорошая статья, спасибо, Игорь Адамович)