Крыж

0

У абласным ваенкамаце яны засталіся ўдваіх, астатніх прызыўнікоў «купцы» разабралі: каго ў дэсант, каго ва ўнутраныя войскі, каго ў ракетчыкі. Нарэшце, і іх зазвалі ў кабінет, дзе за сталом сядзеў малады лейтэнант з зялёнымі пагонамі.

— Ну што, байцы, прыроду любіце? — запытаў ён. — Тады будзеце служыць на мяжы, але спачатку навучымся.
Сяргея і Валодзю прывезлі ў Віцебскую вучэбку. На тэрыторыі стаяў «вэрхал»: кармілі сабак.
— Ну вось, — сказаў лейтэнант, — будзеце вывучаць характар сабакі, яго паводзіны, а ваш чацвераногі сябар будзе вывучаць вас — гэта вельмі хітрая навука.

Реклама

Сяргею дастаўся аўчар па мянушцы Крыж. Яму было ўжо 12 гадоў. На другі дзень адбылося першае іх знаёмства. Калі малады салдат падышоў да вальера, аўчар ашчэрыўся і паглядзеў на яго з-пад ілба, маўляў, а ты хто такі, пах ад цябе зусім другі, не такі, як ад былога майго гаспадара.
«З характарам», — падумаў Сяргей, а ў голас сказаў:
— Нічога, мы павінны пасябраваць, — сабака толькі гэркнуў і адышоў углыб вальера.
Да абеду былі тэарытычныя заняткі, а пасля маладыя пагранічнікі-кінолагі ішлі да сваіх «напарнікаў» і вялі з імі размову, каб сабакі прывыклі да іх голасу.

Крыж толькі бурчэў, сумна адыходзіў, клаў галаву на пярэднія лапы і ціха скуголіў. Так у размовах з сабакам прайшло тры тыдні, але той усё сумаваў па былому гаспадару. Праз месяц Крыж пачаў браць ежу з рук Сяргея і больш не гыркаў на яго. А аднойчы прасунуў лапу праз сетку і паглядзеў свайму напарніку ў вочы, быццам гаворачы: «Ну што, давай знаёміцца».

Яшчэ праз тыдзень Крыж пусціў Сяргея ў вальер і дазволіў яму адзець на сябе аброжак. Затым яны ўдваіх зрабілі першую прагулку па тэрыторыі трэнажорнай пляцоўкі. Паколькі Крыж быў «адукаваны» і ўжо даўно «служыў», то праз тры месяцы, здаўшы разам з Сяргеям іспыт на «пяць», адправіўся да месца службы пад Брэст.
Праляцеў час, ужо мінула паўтара года, як Сяргей пазнаёміўся з Крыжам, і цяпер яны былі сябрамі. Нават нешта большае аб’ядноўвала іх.

У вольны час, калі не было трывог, іх часта бачылі разам. За тэрмін службы на долю Сяргея — цяпер ужо сяржанта — выпала чатыры затрыманні парушальнікаў мяжы, але самае запамінальнае адбылося напрыканцы службы. Паступіў трывожны сігнал «Застава на ружьё», і народ выехаў на месца парушання. Крыж узяў след. А праз гадзіну хуткага бегу, адарваўшыся ад асноўнага народа, на ўскрайку леса Сяргей раптам заўважыў парушальнікаў. Іх было двое.
— Узяць! — скамандаваў сяржант.
І Крыж кінуўся на незнаёмцаў і заваліў аднаго з іх. А другі, выхапіўшы нож, замахнуўся на сабаку. Сяргей выстраліў, але нечакана нешта цяжкае апусцілася яму на галаву і ён страціў непрытомнасць.
Ачуняў ад таго, што Крыж торкаў сваім халодным носам яму ў твар. Побач стаялі хлопцы з атрада і ўсміхаліся.
Парушальнікаў затрымалі. Аказалася, што іх было трое. Крыж вёў барацьбу з адным, а другога падстрэліў Сяргей, не заўважыўшы, як трэці агрэў яго па галаве. У гэты час падаспела падмацаванне.

Рана на галаве Сяргея зажыла, а за затрыманне парушальнікаў яму далі званне старшага сяржанта і ўзнагародзілі. Настаў час дэмабілізацыі. Цяжка было раставацца з Крыжам: у абодвух былі слёзы на вачах.
Потым сябры пісалі яму з заставы, што аўчарка вельмі скуліла, нічога не брала есці, схудзела і нікога да сябе не падпускала — прыйшлося яе «ўсыпіць».
Вось так і закончыў несці сваю нялёгкую службу выдатны аўчар па мянушцы Крыж.

Мікола Корань

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии