Гумны — хлебныя тылы даваеннай вёскі

0

Cёння ў вёсцы рэдка хто з пажылых людзей адкажа вам, што азначае слова «гумно» — сам апытваў неяк. Паціскалі людзі плячыма, усміхаліся, бо большасць іх вырасла ў тыя гады, калі ў сям'і гэтае слова не ўспаміналася. А між тым у даваенныя і першыя пасляваенныя гады гумны за сядзібамі былі хлебнымі тыламі вёскі, куды і пры калгасе звозілі ў іх пасля жніва снапы збожжавых культур, складвалі сена.


ЧАСТКА СЯЛЯНСКАГА ПЕЙЗАЖУ. Памер гумна залежыў ад заможнасці гаспадара.

У вёсцы, дзе я вырас, на 25 двароў было аж 15 гумнаў - вялікіх і малых. Узводзіліся яны гаспадарамі ў залежнасці ад памеру надзелу зямлі ў полі. Гэта былі драўляныя, пад саламяным дахам, з глінабітным таком на ўсю даўжыню гэтага будынка. З гумнамі і вёска тады глядзелася збоку болей багатай, чым цяпер, калі ў ёй засталося толькі восем абжытых двароў.

Реклама

Самае вялікае гумно меў Васіль Малевіч. Яго — удаўца — у 1931 годзе раскулачылі і выслалі за Котлас, у тайгу. Хату сельсавецкія актывісты разабралі і кудысьці вывезлі, гумно пакінулі, бо меркавалі звозіць туды снапы ўжо з калгаснага палетка. Каля гумна засталася і конная малатарня, якую Васіль паспеў набыць у гады НЭПа. У яго гумне мне не раз па позве брыгадзіра даводзілася з хлапчукамі-аднагодкамі стараніць падчас жніва снапы ў сцірты абапал тока. Мужчыны з павозак скідвалі іх віламі, а мы ўкладвалі ўшчыльную: радок у радок. Пад вечар вярталіся дамоў з паколатымі ад зрэзаных сцяблоў рукамі.
Памятаю, як мяне, дзесяцігадовага, уражвалі высокія (мо, метраў па 15) дубовыя слупы абапал тока, паверх іх на чатырохгранных кроквах трымаўся дах. Нават у летнюю спёку гумно «патыхала» прахалодай, якая, напэўна, ішла ад глінабітнага тока.

Калі вясной 1942 года калгасную зямлю падзялілі па дварах, то і гумны — таксама. Бацьку і нашаму суседу Андрэю Балавановічу дасталося жукава гумно, што стаяла за сядзібай. Перад вайной Іван Жук — нежанаты, немалады ўжо мужчына — прадаў хату і выехаў у Слуцк да свайго брата, які меў уласны дом. А гумно яго і стала «дахам» для захоўвання збожжавых снапоў двух гаспадароў. Бацька два леты звозіў туды снапы, а ўвосень мне і брату Антосю даваў па цапу, сам браўся за яго, і мы ўтрох малацілі снапы, пачынаючы з жытнёвых і заканчваючы прасянымі і аўсянымі. Работа была нялёгкай, пад вечар на далонях у мяне з’яўляліся мазалі ад тронку цэпа. Але мы з братам бачылі, як свяціўся ад аб’ёму намалотаў твар бацькі, які спазнаў гэту работу яшчэ ў раннім дзяцінстве.

Частку зерня здаваў па позве старасты вёскі ў нарыхтоўку: вазіў на нейкую базу ў мястэчка Урэчча. Частку пазней, у 1943 го- дзе, аддаваў партызанам, але і сабе заставалася столькі, што хлеба на восем душ хапала да новага ўраджаю. Немцы восенню 1943 года ўсчынялі начныя і дзённыя аблавы на маладых дзяўчат і хлапцоў з мэтай вывазу на працу ў Германію, то яны хаваліся хто дзе мог. Тады ж і партызаны праводзілі мабілізацыю мужчын прызыўнога ўзросту для адпраўкі за лінію фронту. Як сведчаць дакументы з кнігі «Памяць» па Слуцкім раёне, праз нейкі лясны калідор у лініі фронту за Глускам прызыўнікоў праводзілі для папаўнення парадзелых у баях савецкіх дывізій. Толькі партызанскай брыгадай імя Чкалава было мабілізавана такіх навабранцаў звыш за 700 чалавек. То нашы вясковыя мужчыны зладжвалі ў гумнах, хлявах схованкі, прыкрывалі іх стаўпом саломы, а выхад рабілі з тылу ад увахода. І бацька з маім старэйшым, 18-гадовым братам таксама начавалі ў жукавым гумне.
У пачатку 1950-х гадоў, калі раённыя МТС ужо мелі збожжаўборачныя камбайны, патрэба ў гумнах знікла: салому сталі складваць у сцірты, сена гуртаваць на сенажацях у стагах. Таму гумны ўсе да аднаго разабралі, а бярвенне вывезлі на цэнтральную сядзібу калгаса. Такое руйнаванне прайшлося па ўсіх вёсках, а заадно з імі разабралі і ветравыя млыны. А іх на Случчыне было не меней за дзесятак.

Міхась Тычына

Даведка «Кур'ера»

Гумно (або ток, клуня, рыга) — драўлянае гаспадарчае збудаванне сялянскай сядзібы, прызначанае для прасушвання і абмалоту снапоў зерня. Слова «гумно» сустракаецца з ХІ ст. і этымалагічна паходзіць ад Гу — гавяда і мен — мяць, што значыла памяшканне, дзе жывёлаю мялі зерне. Характэрнымі прыкметамі гумна як збудавання былі нізкія сцены і высокая чатырохсхільная страха, якая рабілася часцей за ўсё на сохах (ставілі папарна). Вароты рабіліся з тарца або ў падоўжанай сцяне. Гумно на Беларусі магло мець сушылку (еўня, асець), а магло будавацца без яе. Слова «гумно» ў сялянскім побыце мае шырокі сэнс. Прыклад: у некаторых мясцінах Беларусі (паўночна-ўсходняя Меншчына) функцыі гумна пераймалі пуня і адкрыты ток. У такім выпадку месца, дзе стаяла пуня, называлі гумнішчам, а адкрыты ток — гумном. На Вілейшчыне гумном называлі частку двара, дзе знаходзіліся ток, азярод і сеннік. Звычайна гумно асацыіруецца з месцам захоўвання снапоў, сена і кармавых. Месца, дзе стаяла гумно, называлася гумнішча. Часам словы «гумно» і «гумнішча» варта разглядаць як сынонімы. Пры аднабаковай забудове вёскі гумно маглі выносіць на другі бок вуліцы. Памер гумна залежаў ад заможнасці гаспадара. Унутры рабіліся засекі для снапоў розных відаў зерня.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии