Пішыце матулі

0

Тэлефон, інтэрнэт, мабільная сувязь. У любую хвіліну родныя, знаёмыя могуць пагутарыць адно з адным. А раней? Гадоў 10−15 таму самай надзейнай сувяззю паміж людзьмі была пошта. Напісаў ліст і праз 3−4 дні атрымаеш адказ. Але мне хочацца расказаць не пра сувязь пошты, а пра мацярынскія лісты, якія яны дасылалі да сваіх дзяцей — дачушак і сыночкаў.

Прашу дараваць мне і ім за некаторыя вытрымкі з лістоў, такія, як яны ёсць: матулі пішуць, як чуюць, адчуваецца старасць і недавучанасць у школе. Але пішуць яны гэтыя лісты не літарамі, а сваім мацярынскім сэрцам, сваёй любоўю, турбуючыся за здароўе, за вучобу, за паўсядзённае жыццё дзетак, якія знаходзяцца дзесьці далёка ад роднага «гнязда». Арфаграфію і пунктуацыю захоўваю.

Реклама

8-ІІІ-1978г. — Здраствуй дарагая дочачка, падпаліўшы печ, рашыла табе напісаць пару слоў. Я вельма за цябе перажываю, як ты даехала, абралася, вельмі ж дарога склізкая. Ты ужэ напішы, як там у цябе дяла.
А вось другі ліст ад маці. Дачка не пісала ўсяго адзін тыдзень, і яна занепакоілася.

18-ІІІ.1978 — Дочачка мая набіраюся цярпення і чакаю ад цябе вестачку, сэрца па табе ўсё ізбалелася, мо ты там захварэла, а мо где тваё пісьмо заблуділася… — і тут жа маці піша аб усіх вясковых навінах… — дачушка прыягжай у гэтую суботу, будзем калоць кабанчыка. Аднаго мы здалі, зацягнуў ано 252 рублі і важыў 8 пудоў і 3 кг, буде табе свяжына, а то ў тябе там, ніякіх жыроў няма, няведама што ты тамака ясі…

А гэта вытрымка з другога ліста, да сына, які нясе службу далёка на поўначы.
— Дарагі сынок, мы з бацькам очень безпакоімся што ужэ месяц ад цябе не аднаво пісьма, хаця бацька кажа што ты там далёка на северы і туды толька верталёты пошту вязуць. Але ж у мяне сэрца па табе баліт. Напішы што ты жывы і здаровы, бо пасленяе пісьмо было, як ты палучыў сяржанта…

Я прывёў толькі некалькі вытрымак з лістоў нашых матуль. І гэта ўжо памяць, якая засталася жыць з намі. З вышыні пражытых гадоў думаецца, як мы часам маглі пакрыўдзіць нашых бацькоў няўважлівасцю, словам, сваімі ўчынкамі. Перагортваючы пажоўклыя ад часу лісты, хочацца зноў стаць маленькім, каб матуліны рукі прыгарнулі да сябе. Як хочацца пачуць матуліна супакойлівае слова: «Нічога, сынок (дачушка), усё будзе добра». Але іх няма, і міжволі на вочы набягае сляза.
І вось я зварочваюся да вас, дзеці: «Шануйце сваіх бацькоў, пакуль яны яшчэ з вамі. Пастарайцеся стрымліваць сваю маладую амбіцыёзнасць. Бацькі любяць вас і жадаюць вам толькі дабра. Не забывайце пра іх, пішыце ім, тэлефануйце».

Усім бацькам я прысвячаю гэты верш:
За вакном мяце зіма,
Сядзіць матуля ля вакна,
Чакае пісьманосіцу.
Няма даўно ад дочачкі ліста,
І сэрца заклапочана.

Ну вось і вестачка прыйшла,
Усё добра ў дачушачкі,
Жанчына сэрцам адыйшла
І справы лепей рупяцца.
Так дзень за днём ідзе жыццё
У справах ды турботах,
Але калі няма ліста
То сэрца б’е трывогу.

Са службы не піша сыночак,
А сыну ніяк неўдамёк,
Не ведае ён, што прад божаю маткай
Свечкі блішчыць аганёк.
Гэта просіць Заступніцу маці,
Каб у сына ўсё добра было.

Прашу я вас, дзеці, пішыце,
Пакуль з вамі вашы матулі,
Дабро ім дарыць спяшайце,
Любоўю сваёй акружыце,
Бо прыйдзе пара, і вы самі
Будзеце ў гэткім чаканні.

Мікола Корань

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии