Цікавая служба

0

Успамінаючы сваю маладосць, прыпомніў провады ў рады Савецкай арміі і флоту. Мяне прызвалі ў верасні 1965 года. Вось і рашылі зрабіць провады з музыкай. У бацькі быў добра знаёмы баяніст-гарманіст Ян Міцкевіч з вёскі Круглае.

Музыканта добра ведалі ў навакольных вёсках як добрага, вясёлага баяніста. Ён сыграў вельмі шмат вяселляў, вечарынак, добра «рэзаў» полькі, вальсы, кракавякі… Ведаў нямала народных песень і баек, падыгрываў пры застоллі. За сталом заўсёды быў жаданым, вясёлым госцем, мог крыху перакуліць чарак. Раней у нашу вёску Мацкевіча прывозіла моладзь, а ён дзень ці два весяліў вяскоўцаў на свяце ў мясцовым клубе, якога зараз ужо няма. Вядома, начаваць музыка заставаўся ў нашай хаце.
Я прывёз на кані дзядзьку Яна на вечарынку. Вечарам ён адыграў там, а раніцай правёў мяне з маршам у Слуцк.
…Адышлі провады. І вось пасля медкамісіі нас — 28 хлопцаў Міншчыны — у пасажырскім цягніку вязуць у Крым, у горад Севастопаль. За вокнамі вагона засталіся беларускія гарады і вёскі, палі і лясы, украінскія землі і воды Сіваша, а перад намі - горы Крыма, горад Севастопаль, горад рускай славы, горад-герой.

Реклама

Вячэрні Севастопаль сустрэў нас яркім рознакаляровым святлом ліхтароў на вуліцах і ілюмінацыяй на караблях, якія стаялі ў бухтах, быццам у якой нізіне ці яме. Ваенныя караблі на рэйдзе былі ярка расквечаны сцягамі. Эсмінцы, супрацьлодачныя караблі, ракетаносцы стаялі ў адным страі, падводныя лодкі - крыху далей, у другім.

І мне, вясковаму хлопцу, было вельмі цікава: як гэтыя жалезныя грамадзіны трымаюцца на вадзе? І яшчэ нейкі страх ахапіў за людзей, якія былі на караблях, калі ўявіў, што такія аграмадныя пасу-дзіны могуць нырнуць і больш не ўсплыць наверх.
З прышвартаванага да пірса вялікага карабля з дзівосным перапляценнем тросаў, труб, мачтаў узвышаліся крылы лакатараў, надбудовы, гарматы і тарпедныя апараты. Чуліся нейкія ўзмоцненыя дынамікі каманды, якія то выклікалі наверх старшын, боцмана, то нешта каму-та загадвалі ўключыць, ці, наадварот, адключыць.

З суседняга, крыху меншага карабля лілася песенка пра Чорнае мора, потым яна змянілася голасам спявачкі, якая прызнавалася, што кахае марака і таму за усіх маракоў заўсёды ў трывозе. На чыстай цёмна-блакітнай вадзе, паміж караблямі, плавалі (то ўзнімаліся, то садзіліся) марскія чайкі, громка пераклікаючыся.
У гэтай прыгожай бухце і цудоўным відовішчы адчуваўся нейкі сум па роднай Беларусі - маёй роднай старонцы.
Амаль год вучобы ў вучэбным атрадзе, прыняцце ўрачыстай прысягі на Малахавым кургане. Потым пачэсная, цяжкая небяспечная служба і праца мінёра; на год па 5−6 парадаў на плошчы горада і праход па вуліцах; цікавыя, пазнавальныя прагулкі па горадзе, гістарычных мясцінах і музеях. Некалькі месяцаў была праца ў крымскім саўгасе на ўборцы вінаграду, міндалю і фруктаў.

Хутка і непрыкметна праляцелі амаль чатыры гады службы, за якія я ўзмужнеў, пабачыў, як гавораць у народзе, свет і людзей. Тады хлопцы са многіх савецкіх рэспублік на флоце служылі дружна і мірна. Нават у маёй камандзе сярод дзесяці матросаў былі прадстаўнікі сямі нацыянальнасцей. Ніколі ў дружнай камандзе мінёраў-маракоў не ўзнікалі недаразуменні, а дзедаўшчыны навогул не было на флоце.

Сустрэла мяне родная Случчына старшыной першай стацці, выдатнікам ВМФ і спецыялістам першага класа.
Такія былі маладыя, вясёлыя і трывожныя гады службы, якія ніколі не забудуцца, ніколі не сатруцца з памяці.=

Міхась Раманаў

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии