Белыя буслы — сімвал Беларусі

0

Слуцкае аддзяленне ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны», якое працуе на базе эколага-біялагічнага цэнтра навучэнцаў, рэалізуе праект «Захаваем белага бусла на Случчыне». Падчас рэалізацыі праекта вывучаецца колькасны склад, асяроддзе жыхарства, ягоныя біялагічныя асаблівасці. Неабходна зафіксаваць усе гнёзды, занятыя бусламі гэтай вясной, а таксама тыя, што засталіся пустымі.
Паважаныя случчане, паведамляйце ў Слуцкі эколага-біялагічны цэнтр навучэнцаў любую інфармацыю пра белага бусла. Магчыма, вы ведаеце цікавыя гісторыі, якія звязаны з гэтай птушкай. Нам важна валодаць любой інфармацыяй. Званіце па тэлефоне 6 69 16.
Чытачы «Кур'ера» адгукнуліся на гэты заклік, і ніжэй мы друкуем матэрыял Міхася Масюка.


БУСЛЫ СТАНОВЯЦЦА НА КРЫЛО. Птушаняты, якія падраслі, не адважваюцца пакінуць свой прытулак. Бацькі перастаюць іх карміць. Пачуццё голаду надае ім рашучасць, і яны пакідаюць гняздо, вылятаючы за бацькамі на лугі.

Прыгожая частка роднага пейзажу

Гэтую прыгожую птушку вельмі любяць і аберагаюць у народзе. Яна з’яўляецца сімвалам шчасця, сям'і і дабрыні. Іх прылёт чакаюць людзі. Многа перашкод трэба перадолець буслам, каб прынесці на сваіх магутных крылах нам вясну і вярнуцца туды, дзе ўпершыню яны ўзняліся ўвысь з бацькоўскага гнязда. Белы бусел ляціць…

Реклама

***

Вельмі даверлівы белы бусел звычайна не ўцякае ад чалавека, а, наадварот, шукае яго суседства і нават будуе гнёзды на дахах будынкаў, на высокіх дрэвах, якія растуць побач, на слупах, на воданапорных вежах. Гнёзды ўсюды. Ганарліва шыбуе бусел побач з касцом на сенажаці, з пастухом за статкам, за касілкай і камбайнам на палетку.
Да нас паданні з даўніны дайшлі,
І помню, мне не раз казала маці,
Што там, дзе пасяліліся буслы, —
І мір, і дабрабыт заўсёды ў хаце…
Уладзімір Правасуд

Хатнія справы

Вясною, вярнуўшыся з зімоўкі ў родны край, буслы адразу ж распачынаюць рамонт і абнаўленне леташніх гнёздаў. З году ў год яны займаюць адны і тыя ж гнёзды, а маладыя ў гэтую вясну сем'і не ўтвараюць. Каля буслянак чуецца безгалосая песня, частае і гучнае цёканне, лясканне, шчоўканне дзюбай. Маўкліва і засяроджана будуе бусел сваё жыллё. Селіцца ён абавязкова паблізу сажалак, мокрых лугоў, балот або рачной поймы, дзе можна лёгка здабыць корм.

Як толькі крыху пацяплела, у нашай вёсцы з’явіліся два буслы. Спачатку яны падрулілі задубелымі нагамі к буслянцы на воданапорнай вежы, прыдзірліва аглядзелі пільнымі вачыма сваё жыллё і вітальнай песняй азначылі сваё вяртанне з далёкіх краін. Засталіся задаволены, бо зімовы вецер амаль не пашкодзіў добра зробленае гняздо. Крыху адпачыўшы, раніцай безгалосыя буслы клёкатам зацягнулі сваю, не зусім удалую, але радасную шчырую песню — песню нараджэння новага дня. А вясновы дзень у іх, як і сялянскі, — заўсёды ў працы. Потым узняліся і паляцелі на сенажаць, якая ў нізінах яшчэ была мокрая, месцамі стаяла вада. Наведалі невялікі вадаём, дбайна патапталіся ў канаве, прайшліся па беразе, па палетку. Затым падняліся і наведалі дробналессе побач з вёскаю. Да вечара вярнуліся да свайго гнязда, узяліся рамантаваць буслянку. Бусел некалькі разоў прыносіў галлё, а бусліха нешта папраўляла, выкідвала ўніз нейкае смецце і весела сустракала гаспадара. Дарэчы, тут буслы жывуць ужо шмат гадоў і заўсёды выводзяць пару буслянят.

Строгія бацькі

Буслы — дружная пара і вельмі клапатлівыя бацькі. Пакуль адзін лятае за кормам, другі не пакіне буслянку: ці сядзіць на яйках, ці даглядае буслянят. Самка адкладвае 2−4 буйных яец. Паколькі яйкі адкладваюцца з прамежкамі ў два-тры дні, а выседжванне пачынаецца адразу ж пасля першага яйца, то бусляняты вылупліваюцца неадначасова. Буслы пакідаюць столькі буслянят, колькі здольны пракарміць, а таксама самых моцных і здаровых. Астатніх выкідваюць. Праз 2−2,5 месяцы птушаняты дасягаюць памераў бацькоў. Яны, часта і падоўгу стоячы ў гняздзе, махаюць крыламі, не адважаючыся пакінуць свой прытулак. Бацькі перастаюць іх карміць. Пачуццё голаду надае ім большую рашучасць, і яны, ўпершыню пакідаючы гняздо, вылятаюць за бацькамі на лугі. У хуткім часе вывадак пачынае весці вандроўнае жыццё і бацькі вучаць буслянят самастойна здабываць корм. Нярэдка буслы аб’ядноўваюцца ў чароды, якія налічваюць да часу адлёту некалькі дзясяткаў птушак. Вандруючы па наваколлі, яны прытрымліваюцца забалочаных месцаў, паплавоў. Буслы калі-некалі кінуць сярод родных сенажацяў, гоняў, балот свой голас, выб’юць пошчак сваімі дзюбамі. Нібыта каморнікамі мераюць і мераюць яны палеткі, балоты, канавы, падоўгу ўглядаюцца сумным вокам у нікуды. Ці то імкнуцца зазірнуць, што там, за даляглядам, ці то слухаюць самі сябе і шапаценне траў.

Буслінае журы

У другой палове жніўня на шырокі адкрыты поплаў злятаюцца навакольныя буслы. Нейкі час шпацыруюць туды-сюды. Затым у цэнтры застаюцца стаяць некалькі старых буслоў. Гэта непадкупнае буслінае журы. У паветра ўзлятаюць маладыя, сёлетнія буслы. Махаючы чорна-белымі крыламі, набіраюць вышыню і планіруюць у небе разам са старымі, кружаць па нейкім плане, плаваюць шырокім колам над тымі, што засталіся на поплаве. І так дні з тры. Нарэшце, карагоды ў паветры канчаюцца. Усе зноў шпацыруюць на зямлі, потым разам пачынаюць адганяць ад грамады аднаго ці двух-трох маладых. Гэтыя буслы свой галоўны ў жыцці экзамен не вытрымалі - іх выключаюць з чарады. Яны пакорна, тужліва адыходзяць на край поплаву.

Шлях у Афрыку

Нейкі час адборная чарада клякоча і буслы, разбегшыся, узлятаюць адзін за адным. Робяць развітальныя кругі над роднымі палеткамі, над сваімі буслянкамі і узнімаюцца так высока, што знікаюць з вачэй. Далёкае падарожжа пачалося. На поплаве пуста. Толькі застаўшыяся небаракі развітальна-тужліва клякочуць услед…
Летась я наглядаў чараду буслоў штук сорак, на сенажаці каля лесу. Яны былі тут дні два і, відаць, праводзілі свае заняткі-экзамены. А праз тыдзень над вёскаю кружыліся тысячы буслоў і потым накіраваліся на поўдзень. Цяжкі шлях прывядзе буслоў на зімоўку ў Афрыку.
…Іх гоніць з дому подых маразоў,
Ды адлятаюць з думкаю адною,
Каб хутчэй вярнуцца зноў дамоў,
Прынёсшы вестку пра вясну з сабою.
Уладзімір Правасуд

Міхась Масюк

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии