Вушасты «музыка»

0

Жнівень, мабыць, атрымаў сваю назву за тое, што пачынаецца жніво, ідзе барацьба за тое, без чаго неабходзіцца ні адзін стол, што «усяму галава»: хлеб.

З самай раніцы, як толькі спадзе раса, і да позняга вечара, нават пад ліхтарамі плывуць, як караблі, на жытнёвых палетках камбайны. Фёдаравіч ужо не адзін дзесятак гадоў кіруе сваім «караблём». Памочнікам у яго вось ужо трэці год працуе сын-студэнт. Глядзіш, у сямейнай кішэні прыбытак і да студэнцкай стыпендыі дабаўка. Камбайнёры дажыналі палетак, засталося сотак дваццаць, зладжана працавалі ўсе механізмы, і раптам Толік — так звалі памочніка — крыкнуў:
— Бацька, стой, зайцы.
— Дзе тых іх убачыў? — схамянуўся стары камбайнёр, астанавіўшы машыну. Прыглядзеўся Фёдаравіч і сапраўды ўбачыў трох зайчанят, якія згрудзіліся ў жывы шэры камячок, прыціснуўшы да спіны свае доўгія вушаняткі.
— Забяры іх у торбу, потым падумаем, што з імі рабіць.
Зайчанятак аддалі пляменніцы, у якой было трое малых дзетак. Вялікая ім была радасць. Вушасцікаў памясцілі ў шырокую кардонку з-пад тэлевізара, накідалі туды лісце з-пад капусты, морквы ды яблык, а самы меншы з дзяцей нават ахвяраваў сваю цукерку.

Реклама

Прайшло два ці тры дні, двое зайчанят загінула. Яны з самага пачатку былі нейкія кволыя і не браліся піць і есці. Трэцяе зайчанё выжыла, яно было крыху большае за сваіх братоў, але самая галоўная адносіна яго — непамерна доўгія вушы. Калі ён клаў вушкі на спіну, то яны звісалі недзе там, каля караценькага хвосціка. Таму дзеці далі яму мянушку «вушасцік». У канцы жніўня сям’я пераехала з дачы ў горад. Зайчаня знайшло сваё месца ў кватэры. Дзеці, прыходзячы са школы, кармілі зайца і забаўляліся з ім. За зіму вушасцік падрос. Гуляючы з ім, дзеці вучылі яго біць лапамі ў невялікі бубен. Спачатку касому гэта не падабалася, а потым дзеці сталі заўважаць, як вушасцік сам падыходзіў да бубна і пачынаў стукаць лапкамі па ім, прыслухоўваўся да гукаў, як сапраўдны музыка. Асабліва любіў ён біць у бубен, калі гучала якая-небудзь мелодыя з магнітафона. Нават суседзі прыходзілі паслухаць вушастага «музыку».

Так і пражыў заяц у кватэры ўсю зіму, толькі вось чамусьці не захацеў мяняць сваё футра на зімовае, белае. Маўляў, мне маё шэрае больш да спадобы. Адна бяда была з ім:зайцавыя «гарошкі» вымяталі з усіх вуглоў.

Хутка прыйшла вясна, і з вушасцікам нешта пачало рабіцца. То залезе ў сваю каробку і цэлы дзень носа не пакажа, а то пачынае гойцаць па кватэры, кідацца на канапу, з канапы — на падаконнік, становячыся на заднія лапы, а пярэднімі пачынаў барабаніць у вакно, асабліва раніцою, калі сонейка выплывала на небасхіл. Аднойчы жанчына, развесіўшы бялізну, на хвіліну адлучылася ў другі пакой, а вушасцік шмыгануў у адчыненыя дзверы, ускочыў на табурэт, а з табурэта сігануў уніз… Кватэра знаходзілася на сёмым паверсе…

Суседзі казалі, што бачылі, як блудныя сабакі цягнулі нешта да ракі: ці то ката, ці то зайца. Дзеці доўга гаравалі па вушасціку, нават хадзілі да ракі, але нічога не знайшлі. Зайчаня для іх было не проста цацкай ці забавай, а як адзін з членаў сям'і.

Мікола Корань

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии