Не легенды — былі вёскі Мялешкі

0

Гэтую адзінокую жанчыну-пенсіянерку з таго часу, як яна гадоў пяцьдзясят таму купіла ў нашай вёсцы апусцелую хату, вяскоўцы — мужчыны і жанчыны, — нібы згаварыўшыся, сталі зваць Любкай. Магчыма, таму, што Любоў Фёдараўна Міхалевіч не ўступала ні з кім у свары-перасуды, паціху працавала ў брыгадзе на палявых работах і на сваім агародзе.

У апошнія гады стала на зіму вяртацца да сына ў вёску Мялешкі, дзе  нарадзілася і вырасла. А вясной – назад, да сваёй хаты, якую ахоўваюць два старыя клёны. Калі неяк наведаўся я да яе і загаварыў, то пашкадаваў, што не зрабіў гэтага раней: жанчына ў свае восемдзесят шэсць гадоў здзівіла добрай памяццю, жвавасцю мовы, цікавымі ўспамінамі пра падзеі ваеннай пары.
А асабістае жыццё ў Любкі склалася драматычна. У дзевяць гадоў яна засталася без рана памерлай маці. Бацька, пакінуўшы чатырох дзяцей, пайшоў у прымы да нейкай жанчыны ў няблізкую вёску. Старэйшы брат Алёша перад вайной ужо служыў у Каўнасе, там і прапаў летам 41-га. Усе клопаты па доме ляглі на яе і васямнаццацігадовую сястру Марыю. Трэцяй – Валі — ішоў толькі сёмы гадок. Калі ў 42-м годзе   падзялілі калгасную зямлю, дзяўчатам, каб выжыць, давялося самім абрабляць надзел.

Реклама

З успамінаў Любові Фёдараўны:
Харошага, як і ва ўсіх, было мала. Ад шашы “Варшаўкі” да вёскі было ўсяго чатыры кіламетры, таму немцы і паліцаі часта наведваліся. Людзі ад іх не чакалі нічога добрага. А з восені 42-га па начам зачасцілі і партызаны. Да іх падалося чалавек восем ці болей нашых хлопцаў. Мне было ўжо шаснаццаць гадоў, старэйшай сястры Марыі – васямнаццаць, то днём трэба было хавацца, каб немцы не залыгалі на работу ў Германію. Але, калі на стале быў хлеб, у хляве стаяла карова, рохкаў парсючок, то была і свая радасць.

У канцы 1943 года Мялешкі ледзь не сталі папялішчам ад помсты немцаў.  Было гэта 5 снежня  1943 года. Надвячоркам у вёску зайшло чалавек сорак ці болей немцаў. Разышліся па хатах, нікога не чапалі, нічога не патрабавалі, палеглі на падлозе ў сваіх шынелях і паснулі. Ніхто не спадзяваўся, што ноччу партызаны могуць замініраваць тую дарогу, што вядзе да вёскі Вясея, адкуль прыйшлі немцы. Раніцай фашысты сабраліся на вуліцы і пайшлі з вёскі. Паперадзе верхам на конях ехалі два афіцэры і салдат. Як толькі яны адышлі ад вёскі метраў за трыста, узарвалася міна. Трох верхавых з конямі разнесла на кавалкі. Пазней ў вёсцы гаварылі, што міну заклала партызанка па прозвішчы Рыбакова, як яе звалі, не памятаю. Немцы пасля выбуху павярнулі назад.

Перад гэтым  адзін з іх даў доўгую чаргу з кулямёта па вёсцы. Ад запальваючых куль загарэлася крайняя хата, а за ёй яшчэ дзве. Мужчыны паспешна сталі хавацца хто дзе мог, бо ведалі, чым для іх можа скончыцца гэты выбух на дарозе. Усё ж немцы застрэлілі двух мужчын і адну жанчыну, а астатніх жыхароў — жанчын, дзяцей, старых дзядоў з кійкамі — выгналі з хат на вуліцу і пагналі паперадзе сваёй калоны па той дарозе з разлікам, што чарговая міна ўзарвецца у вяскоўцаў пад нагамі. Дзеці плакалі ад страху, жанчыны маліліся, канваіры бізунамі хлясталі іх па спінах, лаяліся. Так дайшлі да Вясеі і спыніліся. Паміж сабою немцы гергеталі, чуліся словы “шыссэн” (па-іхняму – расстрэл). Але   неўзабаве з вёскі падышоў афіцэр у шапцы з высокім тулем і загадаў адпусціць людзей дамоў. Хіба такое забудзеш?

Восенню 1941 года трое хлопцаў з нашай вёскі добраахвотна пайшлі ў паліцыю. Дарэчы, з шасці навакольных вёсак ніхто не падаўся на службу акупантам.

Першым у паліцыю пайшоў Іван Сыцька. Бацьку яго ў 1937 годзе ноччу арыштавалі, і ён недзе знік. Жонка засталася з семярымі дзецьмі. Старэйшы сын Андрэй, які ўжо быў жанаты, стаў вясковым старастам. Яго ў 1943   го-дзе партызаны застрэлілі непадалёку ад дома. Кастусь Ванькевіч і Кастусь Сучок нічым да вайны не выдзяляліся, выраслі ў сялянскіх сем’ях. Сучок паспеў нават адслужыць да вайны тэрмін у Чырвонай Арміі. Ванькевічу было васямнаццаць гадоў. Ён быў хуліганістым, працаваў радавым калгаснікам. А пайшлі абое ўслед за тым Іванам Сыцькам. Службу неслі ў паліцэйскім гарнізоне ў вёсцы Вясея. А ў сваёй застрэлілі мужа і жонку Жыжкевічаў. Казалі, што паліцаям схацелася разжыцца багатым па тым часе сямейным набыткам гэтых няшчасных. Яны ж адправілі ў Слуцкае гета сям’ю яўрэяў, што пражывала даўно, а іх дарослага сына Муліка, які вярнуўся дамоў з акружэння летам 41-га, паліцаі расстралялі.

Пасля вайны Івана Сыцьку затрымалі недзе ў Калінінградскай вобласці, а ў 1951 годзе судзілі ў Слуцку і прыгаварылі да расстрэлу. Ванькевічу далі дзесяць гадоў лагераў, пасля чаго ён вярнуўся ў вёску, працаваў у брыгадзе паляводам. Сучок падаўся за немцамі. Калі летам 1944 года іх пагналі на захад, так і след яго прастыў.

Пасля вайны Любоў Фёдараўна вышла замуж, але сямейнае жыццё не склалася: з нараджэннем дачкі муж праз два гады пакінуў іх і выехаў у Расію. Яна яго і не шукала.

…Сярод пяці самых старэйшых жанчын з Мялешак, якім па 87, 88, 89, 91 году, Любка ў свае 86 самая маладзейшая. Што характэрна: сёлета 9 мая, на свята Перамогі, з усяго сельгаскааператыва — а гэта шэсць абжытых вёсак і вёсачак — да помніка-абеліска ў цэнтры Мялешак у памяць аб 154 загінуўшых на франтах воінаў-землякоў прыехаў адзін 84-гадовы дзядуля з вёскі Боркі. З суседняй — Папоўцы — з дваіх ветэранаў, якім па  90 гадоў, па стане здароў’я не прыехаў ніводзін. Здзівіла і тое, што па дадзеных з Вясейскага сельсавета, у вёсцы Мялешкі, дзе звыш за 200 двароў, не засталося ніводнага мужчыны, якому б было за восемдзесят. Жанчыны болей жывучыя, мусіць.

Міхаіл Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии