Драуляныя карункі

0

Любанскі музей традыцыйных промыслаў і рамёстваў падрыхтаваў чарговую выставу для сваіх наведвальнікаў. «Драўляныя карункі» — так яна называецца. На ёй прадстаўлены вырабы таленавітага разьбяра Віктара Дудзіка.

Паглядзець на скразную ці ажурную разьбу (яе яшчэ называюць прапілоўка) будзе цікава кожнаму. Але найбольшую папулярнасць выстава набыла сярод дзяцей. Падзівіцца на незвычайныя экспанаты прыходзяць і прыязджаюць малыя з усіх куточкаў Любанскага раёна. И гэта невыпадкова. Вялікую ўвагу майстр надзяляе вырабам для дзяцей. Вясёлыя пано ў выглядзе казачных жывёл.

Мара кожнай маленькай дзяўчынкі—мэбля для лялек: сталы, стульчыкі, этажэркі, ложкі, калыскі, прагулачныя каляскі, канапы, крэслы і нават крэслы-качалкі. Адным словам, усё для цікавай і захапляючай гульні ў дочкі-мацеры. Аднак гэтая «мэбелька», кожны прадмет якой вылучаецца прапарцыянальнасцю, багатым упрыгожаннем тонкай разьбой, зручнасцю, здольна не толькі забаўляць, але і прывіваць дзецям эстэтычны густ.

Реклама

А вось мадэлі розных транспартных сродкаў: аўтамабілі, паравоз, самалёты, матацыклы, сані, ваенная тэхніка. Усе проста выпеставаны рукамі майстра, бо кожная з іх складаецца з мноства драбнейшых дэталяў, кожную з якіх трэба прадставіць, выверыць, начарціць, выпіліць лобзікам, падагнаць адну да адной і толькі потым сабраць у адзінае цэлае. Такая работа патрабуе ад аўтара не толькі ўмення выпільваць і выразаць, але і аб’ёмнага ўяўлення, матэматычных і тэхнічных ведаў, дакладнасці і цярпення.

Для больш дарослых дзяцей Віктар Дудзік прыдумаў шэраг прылад для больш зручнай вучобы: прыгожыя аловачніцы, падстаўкі для падручніка, стойкі для кніг і сшыткаў, полку для лазерных дыскаў.
У асобы раздзел вылучаны вырабы майстра, якія выконваюць асабліва эстэтычную функцыю. Як кажуць, рэчы для душы. Мініяцюрныя мадэлі сусветнавядомых архітэктурных збудаванняў, жывёлы, рыбы, птушкі, якія насялялі Зямлю шмат тысячагоддзяў таму назад і жывуць побач з намі зараз. Велізарныя насякомыя, якія з-за сваіх гіганцкіх памераў ператвараюцца ў незнаёмыя казачныя істоты.

Зараз Віктар Дудзік працуе на Салігорскім калійным камбінаце і жыве ў вёсцы Пагост. А нарадзіўся ён на Любаншчыне, у вёсцы Кузьмічы. Мінавіта тут, у Кузьміцкай школе, на ўроках працоўнага навучання ён першы раз за жыццё ўзяў у рукі лобзік і паспрабаваў выпіліць з фанеры просценькую фігурку. Тады гэты занятак асабліва не ўражыў падлетка. Цікавасць да ажурнай разьбы абудзілася зусім нечакана, усяго чатыры гады таму.

Неяк трапіў у рукі Віктара часопіс аднаго майстра-рэзчыка па дрэве. «А ці атрымаецца так ў мяне?"—падумаў ён і вырашыў паспрабаваць. Атрымалася прагожая ажурная хлебніца. І пайшла справа. Кожная наступная ўдала зробленая рэч падштурхоўвала да новых ідэй і іх рэалізацыі. Зараз у капілцы майстра больш за дзве сотні цудоўных, сапраўды карункавых вырабаў.

Сярод іх — рэчы бытавога прызначэння, якія робяць наша паўсядзённае жыццё зручным і разам з тым радуюць вока сваёй вытанчанасцю і далікатнасцю. Шматлікія рамкі для фотаздымкаў, партрэтаў, ікон; куфэркі і ларцы для захавання розных дарагіх сэрцу дробязей; полачкі рознага дызайну; разнастайныя вазы для садавіны, цукерак, пячэння, торта, эрэхаў, пірагоў, падстаўкі для яек, якія не толькі аблегчаць гаспадыні сервіроўку, але і самі стануць цудоўным ўпрыгожаннем любога стала; усемагчымыя падстаўкі, кашпо для хатніх раслін, вазы для букетаў, падсвечнікі, бра. Настольныя лямпы з абажурамі, якія, калі запальваецца святло, пакрываюць сцены і столь узорнымі ценямі, ператвараючы любое памяшканне ў казачны разны домік.

У кожным вырабе Віктара Дудзіка адчуваецца душа майстра, якую ён ўкладвае ў кожную, нават самую маленькую, дэтальку, адчуваецца цеплыня, любоў да прыроды, да ўсяго наваколля. І канешне ж, вялікая любоў да людзей, для якіх ён сваімі таленавітымі рукамі стварае прыгажосць і хараство.

Аляксандра Квіткевіч

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии