Вольга Сітнік: Вікіпедыя спраўдзіла мае мары

4
Реклама

Адміністратар беларускага раздзела Вікіпедыі, аднаго з самых папулярных інтэрнэт-рэсурсаў у свеце, — Вольга Сітнік. Яна нарадзілася і вырасла ў Слуцку і з’яўляецца адзінай жанчынай сярод каардынатараў электроннай энцыклапедыі, якая карыстаецца беларускай мовай, нарматыўным правапісам.


ПРАЦУЕМ У СВЯТА. Вольга Сітнік і аўтар інтэрв'ю Васіль Кісляк на святкаванні дзесяцігоддзя Вікіпедыі.

— Вольга, адкуль у вас з’явіўся інтарэс да Вікіпедыі?
— Пошукавы сэрвіс Google ведаеце? Дык вось гэта ад яго. Шукала патрэбныя звесткі, трапіла на Вікіпедыю, была прыемна ўражана дакладнасцю зместу і адсутнасцю рэкламы. Паспрабавала зрабіць першую праўку — атрымалася. Так вось і захапілася.
Наогул з дзяцінства мне марылася пра які-небудзь сродак даступных ведаў для ўсяго свету. Вікіпедыя якраз спраўдзіла такія мары. Гэта крыніца ведаў, якую супольна ствараюць і падтрымліваюць яе чытачы, незалежна ад месца жыхарства і прыналежнасці да акадэмічных колаў.

— Вы адразу ўключыліся ў працу беларускага раздзела?
— Спачатку я пісала артыкулы на рускай мове. Пісала шмат. Спасцігала асаблівасці рэдагавання артыкулаў, назірала за тым, як працуюць іншыя аўтары. Прыкладна год таму пераключылася на беларускі раздзел, таму што ён далёка не такі развіты, як рускі.
Мне вельмі падабаецца гучанне нашай мовы. Мая школьная настаўніца — Ларыса Іванаўна Пшанічная — паказала мне, які цудоўны падарунак пакінулі нам нашы продкі.

Реклама

— Гэта праўда, што беларуская Вікіпедыя на працягу апошняга года даволі дынамічна ідзе наперад?
— Так. На працягу апошняга года колькасць артыкулаў беларускага раздзела Вікіпедыі ўзрасла напалову. Надзвычай дынамічнае развіццё гэтага праекта ў хуткім часе можа зрабіць Свабодную электронную энцыклапедыю самай вялікай з усіх, якія мела дагэтуль беларуская нацыя.
Нядаўна наш раздзел выйшаў на першае месца сярод 280 астатніх моўных раздзелаў Вікіпедыі па такому крытэрыю, як звязнасць. Гэта азначае, што артыкулы беларускай Вікіпедыі добра прыстасаваныя адзін да аднаго, звязаныя спасылкамі, у кожным ёсць магчымасць перахода да сумежнай тэмы. Ізаляваных артыкулаў амаль не засталося, хаця год таму іх было звыш за 7 тысяч.

— Якія яшчэ праекты ажыццяўляе беларуская Вікі?
— Амаль увесь час мы ладзім тэматычныя тыдні. Іх ініцыятарамі з’яўляюцца самі рэдактары (тыя, хто стварае артыкулы). Абвяшчаецца якая-небудзь тэма, напрыклад, «Мексіканская кухня», «Птушкі Беларусі», і ўсе жадаючыя робяць пасільны ўклад, каб пашырыць колькасць артыкулаў прапанаванай тэматыкі, палепшыць іх якасць.
На працягу 2010−2011 гг. паслядоўна прайшлі «Беларускія тыдні», прысвечаныя ўсім шасці абласцям Беларусі і г. Мінску. Падобныя мерапрыемствы мы збіраемся ладзіць і надалей.
А яшчэ ў беларускай Вікіпедыі з лютага 2011 года была ўведзена практыка догляду. Усе артыкулы цяпер падзяляюцца на дагледжаныя і недагледжаныя.
Першыя змяшчаюць даведку пра тое, што артыкул прайшоў першасны догляд, мае прымальны выгляд і не ўтрымлівае сур’ёзных парушэнняў правілаў Вікіпедыі і вандалізму. Чытачы могуць такім чынам бачыць, якія матэрыялы заслугоўваюць большага даверу.
Сёння мы дасягнулі становішча, калі кожны пяты з усіх артыкулаў з’яўляецца дагледжанымі.

— Вольга, вы можаце вылучыць адметныя рысы беларускай Вікіпедыі ў параўнанні з рускай, польскай, украінскай?
— У вялікіх моўных раздзелах шмат людзей удзельнічае ў напісанні аднаго артыкула. У нас склалася камерная атмасфера. Актыўных рэдактараў не так шмат. Калі нехта стварае артыкул, то яго часта потым ніхто не папраўляе, не пашырае, і ён застаецца ў такім першасным выглядзе на доўгі час.
З другога боку, у такіх умовах даволі лёгка адсочваць працэсы, аказваць дапамогу навічкам.

— Як у беларускай Вікіпедыі прадстаўлены ваш родны Слуцк?
— Ёсць артыкулы пра наш краязнаўчы музей, першую гімназію, слуцкае гета, таксама пра вядомых ураджэнцаў Слуцка і раёна: С. А. Козберга, Сафію Слуцкую, Язэпа Дылу, Паўла Місько і г. д.

— А колькі людзей дапамагаюць праекту беларускай Вікіпедыі сёння?
— Мы маем каля 170 чалавек, якія хаця б раз за месяц робяць свае праўкі. Хачу запэўніць: пісаць у Вікіпедыю зусім няцяжка, авалодаць майстэрствам вікі-фарматавання атрымаецца пасля некалькіх спроб. Хай гэтая справа не прыносіць чалавеку грошай, але дае задавальненне ад сур’ёзнасці і карыснасці зробленага.
Напісаныя чалавекам радкі застаюцца ў электронным вікі-сховішчы назаўсёды, імі можа карыстацца не адно пакаленне. Таму, як гаворыцца, дзверы адчынены.

Васіль Кісляк

Даведка «Кур'ера»

Вікіпедыя складаецца з больш як 280 моўных раздзелаў. Існуе сярод іх і беларускі, які быў створаны ў жніўні 2006 г. Сёння, апроч іншых галін ведаў, ён змяшчае карысныя звесткі па гісторыі і культуры Беларусі, яе адміністрацыйным падзеле, геаграфіі, жывёльным свеце, помнікам архітэктуры і вядомым асобам краіны. Але тэрыторыяй Беларусі інтарэсы гэтага раздзела не абмежаваныя. Як кажуць удзельнікі, «Мы не пішам энцыклапедыю пра Беларусь, мы ствараем беларускамоўную энцыклапедыю пра ўсё значнае ў свеце».

Реклама