Сустрэча з першым каханнем праз сорак гадоў

0

Першае каханне! Што гэта такое? Мабыць, нейкі Божы цуд. З’яўляецца жаданне быць лепшым, быць першым, падскочыць да нябёсаў, дастаць зорку, ахвяраваць каханай, залезці на самую высокую гору і прынесці сваёй абранніцы кветку эдэльвейса. Падыйшоў, мабыць, і Іх час. Не маглі Яны і дня пражыць адзін без аднаго. Было Ім па чатырнаццаць.

Школьны навагодні баль. Яна ў вобразе цыганкі. Ён прадстаўляў вандроўніка акіянаў - карсара (пірата). Падыйшоў нясмела, запрасіў Яе на першы ў сваім жыцці танец — ігралі вальс. Яна згадзілася. За лепшае выкананне танца Іх чакаў прыз-падарунак: мяккая цацка — кацяня ў кошыку.

Реклама

Прайшоў год, а Яны ўсё мацней кахалі, бегалі на спатканне, хаваючыся ад выхавацеляў. Яны вучыліся ў школе-інтэрнаце. Скончыўшы восем класаў, Ён прадоўжыў навучанне ў ПТВ. Яна засталася ў інтэрнаце заканчваць дзесяцігодку. Яго прызвалі ў салдаты. Яна вучылася ў радыётэхнічным, выйшла замуж. Але потым хутка разбегліся з першым мужам.
З таго часу прайшло сорак гадоў. У Яго сям’я, трое дзетак, добрая праца, кватэра. Што яшчэ трэба для поўнага шчасця?
Вечар. Званок у дзверы. На парозе сусед зверху.
— Здароў быў. — І табе не хвараць, — пачуў сусед у адказ.
— Дзе гэта ты прападаў, цэлага паўгода цябе не бачыў, — спытаў Ён суседа.
— Ды з зяцем на хаўтуры быў: у Мінску будаваў катэдж, дарэчы, тваёй знаёмай. Але пайшлі на кухню, згарбузуй чаго закусіць, я пляшку прынёс, пасядзім, а я ўсё табе распавяду.

Выпілі па кілішку, закусілі, і палілася гаворка.
— Дык вось, будавалі мы пад Мінскам катэдж, а гаспадыня — чарнявая прыгажуня — пацікавілася, хто мы ды адкуль. Ну, кажам, жывём у Слуцку. Бачу, Яна неяк схамянулася, а потым спытала, ці не ведаю я… і назвала тваё прозвішча. «Дык гэта ж мой сусед з сёмага паверха», — кажу ёй я. Яна паднялася, дастала з шафы візітку і папрасіла перадаць табе. Вось яна.
Ён прабег вачыма, толькі і змог вымавіць: «Сорак гадоў, першае каханне». Сусед усё зразумеў ды засабіраўся дадому. Успаміны пабеглі перад вачыма, і з нейкай асалодай зашчаміла сэрца.
Праз дзень патэлефанаваў.
— Добры вечар, Цыганачка, — так Ён называў Яе калісьці.
— Добры, — адказала Яна. — Я вас слухаю, — а потым, мабыць, зразумела, ці, можа, прачнулася памяць. — Божа, гэта ты, мой далёкі Вандроўнік, — так звала Яна Яго.
Па тэлефоне дамовіліся сустрэцца ў школе-інтэрнаце на вечары з нагоды пяцідзесяцігоддзя заснавання школы. Размовам і ўспамінам не было канца. Прасядзелі за столікамі да самай раніцы.

У Яе дзве дачкі, жыве з другім мужам, вельмі дружная сям’я. У свой час прыйшлося папрацаваць на «Байкануры». Узнагароджана ордэнам «Дружбы». Пасля распаду СССР вярнуліся на Радзіму, паціху пачалі будавацца.
Яна і Яе другі муж запрасілі да сябе ў госці. Добра Ён з жонкай пагасцяваў. Была спачатку парыльня, а потым шашлыкі і да шашлыкоў. Гулялі дапазна. На растанне нават пацалаваліся, а Ён пажартаваў: «Ну, вось і першы пацалунак, бо, калі кахаліся, не было нічога такога». Усе толькі пасмяяліся.
І цяпер яны ездзяць адзін да аднаго ў госці, сябруюць сем’ямі. Вось такая гісторыя пра першае каханне, якое застаецца ў памяці на ўсё жыццё.

Мікола Корань

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии