Чвэрць веку ў птушыным царстве

0

Месцам яе паўсядзённых, у будні і святы, клопатаў быў будынак інкубатара ў цэнтры вёскі Боркі тутэйшага калгаса «Агра-Мялешкі». Чвэрць веку з ранняй вясны да позняй восені яна выводзіла там качанят для іх далейшай дагадоўлі на размешчанай паблізу, узбоч рэчкі Слівянкі, качынай фермы.

Закладвала ў награвальныя шафы адразу 5 000 яек, а праз 21 дзень пры тэмпературы 37,5 градусаў з іх вылузваліся жоўтыя, з дзюбкамі, шарыкі. Іх адразу закладвалі ў скрынкі і адпраўлялі на ферму, дзе жанчыны-птушніцы бралі пад свой нагляд. А Зінаіда Адамаўна Андрусевіч са сваёй напарніцай Аляксандрай Ёсіпаўнай Масквіной ужо закладвалі чарговую партыю яек. І так да самых зазімкаў.

Реклама

Сустрэўся я з ёю ў яе доме на краі вёскі. Сюды яны з мужам Вячаславам пераехалі ў 1951 годзе з яе роднай вёсачкі Таковішча Гольчыцкага сельсавета, у якой ім пасля шлюбу фактычна не было дзе жыць. Справа ў тым, што, паколькі вёсачка двароў на пятнаццаць знаходзілася ў партызанскай зоне, то людзі ўжо ў восень 1942 года выбраліся ў лес, жылі ў зямлянках, а зімой 1943 года немцы-карнікі спалілі яе ўшчэнт. З вяртаннем нашых войскаў летам 1944-га года бацьку забралі на фронт, адкуль ён ужо не вярнуўся, толькі пахавальную даслалі з ваенкамата. На папялішчы засталіся маці і чацвёра дзяцей. Зіне тады было трынаццаць гадоў. Каб маці магла займацца будаўніцтвам новай хаты — вядома, з дапамогай суседзяў - Зіна цэлае лета пасвіла калгасных цялятак. Трэба ж было зарабіць нейкія працадні на пражыццё. Пазней яна ўзяла шлюб з Вячаславам Андрусевічам, ветэранам вайны. Праз нейкі час ён успомніў, што ў вёсцы Боркі ёсць дом, які належаў да высылкі за Котлас яго дзядулі Язэпу Малевічу. І рашылі яны абжыцца там.

Працавала спярша Зінаіда Адамаўна на палявых работах. А калі ля рэчкі Слівянкі калгас зладзіў качыную ферму, шэсць гадоў адпрацавала там даглядчыцай маладняку, які завозілі з Салігорскага і Слуцкага племптушкакамбінатаў.

«Неяк старшыня калгаса Сяргей Сямёнавіч Паляшчук кажа, што хоча паслаць мяне на курсы, каб потым я працавала на інкубатары на Слуцкім племптушкакамбінаце, — успамінае жанчына. - Я дала згоду. Два тыдні старалася ля іхняга інкубатара, жыла паблізу ў інтэрнаце. А свой інкубатар адкрылі 1 лютага 1972 года. Вахта на ім была кругласутачнай. Мне ў памочнікі далі вяскоўку Аляксандру Ёсіпаўну Масквіну, ужо ў гадах жанчыну. Дзень я дзяжуру, ноч — яна. Назаўтра мяняемся. Трэба было сачыць за тым, каб тэмпературны рэжым быў нармальным, бо здараліся і збоі. Вядома ж, электрыка вакол у шафах вывадных, на шчытах уздоўж сцяны. Ды і за вартаўнікоў мы былі там. Пазней, калі Масквіна па хваробе звольнілася, мне падаслалі суседку, таксама немаладую жанчыну, Марыю Юльянаўну Сінькевіч. За сезон — з канца лютага па канец кастрычніка — мы давалі для фермы 12−13 вывадкаў, а гэта 65−70 тысяч качанят. Работа мне спадабалася, плацілі за яе нядрэнна: спярша 90 рублёў за месяц, пазней — 110. Таму пенсію зараз маю ў памеры 680 тысяч рублёў». Мне хацелася пачуць што-небудзь пра ферму і інкубатар ад былой загадчыцы яе Зінаіды Данілаўны Масюк, пенсіянеркі з суседняй вёскі Папоўцы. Пазваніў ёй па хатнім тэлефоне і вось што пачуў:

— Мы штогод здавалі ў сярэднім па 160−170 тон качынага мяса, а здаралася, што і 200 тон. Ферма была прыбыльнай, я адпрацавала на ёй дваццаць гадоў. Што магу сказаць пра Зінаіду Адамаўну. Вельмі шчырая, добрасумленная, працавітая жанчына, умела ладзіць не толькі з апаратурай у інкубатары, а таксама і з людзьмі, што працавалі з ёю.
— Магчыма, у вас былі праблемы з экалогіяй? Усё ж качанят пасля таго, як яны набралі рост, выпускалі ў рэчку — іх стыхію.
— Так, спярша для выгулу маладняку мы перагарадзілі ў рэчцы невялікую затоку, а калі эколагі ўсё ж настаялі, то бульдозер паблізу выкапаў сажалку са шлюзам. Там качаняты хутка абжыліся. Чаму ферму потым закрылі, не магу дакладна сказаць -гэта ўжо рабілася без мяне.

Гутарка з былым старшынёй тутэйшага калгаса Анатолем Іванавічам Дулям, які там адпрацаваў 22 гады, праясніла сітуацыю.
— Ферма, як я прыняў справы там, мела рэнтабельнасць 50 працэнтаў. А калі ў сярэдзіне 90-х гадоў цана на камбікорм вырасла болей чым удвая, а на качынае мяса засталася ранейшай, прыбытак сыйшоў на нуль. Таму не было сэнсу трымацца за стратную ферму, а сваіх паўнацэнных камбікармоў мы не маглі вырабляць — іх трэба было закупляць па цане, якая раней і не снілася.

Зінаіда Адамаўна пасля смерці ў мінулым годзе мужа засталася адна. Дзеці і ўнукі з горада наведваюць, не забываюць маці і бабулю. Пенсіі на пражыццё ёй хапае. Рэгулярна вёску наведвае аўталаўка, у якой можна купіць усё неабходнае з прадуктаў. Але калі часам жанчына праходзіць міма таго месца, дзе дваццаць пяць гадоў адпрацавала на інкубатары, штосьці зашчымлівае ў грудзях. Ад будынка там засталася куча аброслых пустазеллем цаглінаў з падмурка. Ніхто так і не паклапаціўся іх убраць і вывезці.

Міхаіл Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии