Атлас правядзе па Капыльшчыне

0

Унікальны навуковы праект здзейснілі вучні другой сярэдняй школы горада Капыля: разам з выкладчыкам геаграфіі Анатолем Сікорскім яны склалі «Даведачны інфармацыйна-краязнаўчы атлас «Капыльшчына». Ён утрымлівае шмат цікавых звестак пра раён, багата ілюстраваны фотаздымкамі, картамі, схемамі, графікамі, дыяграмамі і табліцамі. Раней такі вялікі, глыбокі і разнастайны матэрыял пра гэтыя мясціны ў адно выданне ніхто не зводзіў.Анатоль Сікорскі - настаўнік вышэйшай катэгорыі. Яго даўно ведаюць за межамі Капыльшчыны: два дзесяткі гадоў Анатоля Мікалаевіча запрашалі чытаць лекцыі калегам, якія займаліся на курсах павышэння кваліфікацыі. Прычым, чытаў ён тыя лекцыі толькі на роднай мове. У сааўтарстве з групай спецыялістаў капылянін напісаў «Дапаможнік для настаўнікаў па геаграфіі для 9-га класа». Акрамя таго, сам напісаў кнігі «Геаграфія для кемлівых і дапытлівых», «Геаграфія Беларусі: тэсты, дыктанты, творчыя заданні», «Геаграфія Беларусі: ведай і ўмей». А яшчэ Анатоль Сікорскі мае каля шасьцідзесяці навуковых публікацый у розных спецыялізаваных беларускіх часопісах.

Да навуковай работы Анатоль Мікалаевіч актыўна далучае і сваіх вучняў (дарэчы, у далёкія 70-ыя гады мінулага стагоддзя ён вучыў і мяне). Дзеці разам з выкладчыкам рэалізавалі мноства краязнаўчых праектаў. Яны, напрыклад, стварылі энцыклапедыю «Капыльшчына — ад, А да Я», у якой расказалі пра ўсе славутасці горада і раёна — на кожную літару алфавіта. Вельмі ўдалым быў і праект «Паэтычнае слова аб родным краі»: хлопчыкі і дзяўчынкі самі пісалі вершы, прысвечаныя Капыльшчыне.
Стварыць жа той самы даведачны інфармацыйна-краязнаўчы атлас было даўняй марай Анатоля Сікорскага. Праца над гэтым выданнем пачалася ў 2009-ым. За справу ўзяліся вучні 11-га класа Аляксандр Прадун, Аліна Плотка, Яўген Шэлег і дзесяцікласнік Ілля Браўко.

Разам яны склалі першую частку атласа. Яна апавядае аб тым, як ствараўся Капыльскі раён, утрымлівае яго фізіка-геаграфічную ды эканоміка-геаграфічную характарыстыкі, а таксама хроніку важнейшых падзей за апошнія дзесяць гадоў.
Акрамя таго, тут мноства матэрыялаў наконт мясцовых прыродных умоў і рэсурсаў, дэмаграфічнай сітуацыі, развіцця галін народнай гаспадаркі: прамысловасці раёна, сельскай гаспадаркі, будаўніцтва, транспарту і іншых. Маецца інфармацыя пра знешнія эканамічныя сувязі рэгіёна. Зноў жа тут нямала звестак і пра развіццё невытворчай сферы — адукацыі, медыцыны, культуры, спорту. Ёсць матэрыялы пра мясцовыя славутасці, пра знакамітых землякоў, карты маршрутаў экскурсій і паходаў па родным краі. І шмат чаго іншага яшчэ.

Реклама

У 2010-ым годзе юныя капыляне (на той час з таго невялікага творчага калектыву ў школе, стаўшы адзінаццацікласнікам, вучыўся толькі Ілля Браўко) прадставілі атлас на абласным конкурсе навукова-доследных работ па геаграфіі і занялі першае месца. Літаральна праз месяц атлас быў прадстаўлены на першай рэспубліканскай канферэнцыі навукова-доследных работ па геаграфіі і замежных мовах. І зноў поспех: складальнікаў выдання ўзнагародзілі дыпломам III ступені, Ілля Браўко атрымаў ганаровае права стаць членам Беларускага геаграфічнага таварыства.

Аднак тым юныя капыляне не абмежаваліся. Да Іллі далучыўся яшчэ адзін адзінаццацікласнік Аляксей Шарыпаў. Разам з настаўнікам яны склалі другую частку атласа. Яна прысвечана ўжо больш Капылю. Тут апавядаецца, адкуль пайшла назва райцэнтра, змешчана схема горада, дадзены назвы вуліц. Дарэчы, адна з іх названа ў гонар Я. Ш. Абрамовіча. Дзеці доўга шукалі, хто гэта такі. І знайшлі: аказалася, класік яўрэйскай літаратуры Мендэле Мойхер-Сфорым, які нарадзіўся ў Капылі.
Маюцца звесткі па перапісах насельніцтва, аб перспектывах землекарыстання, аб дынаміцы імпарту-экспарту, аб прыватных прадпрыемствах і шмат іншым. Не так даўно юнакі са сваёй работай, аб’ём якой даволі значны, удзельнічалі на раённым этапе конкурса навукова-доследных прац і сталі пераможцамі.

Што ж, застаецца пажадаць, каб гэтая грунтоўная работа, якой зараз пры падрыхтоўцы да правядзення заняткаў з задавальненнем карыстаюцца выкладчыкі геаграфіі раёна, а таксама студэнты, была абязкова надрукавана. Яна таго дастойна! А юным капыльскім географам, выпускнікам школы, — поспехаў у выбары жыццёвага шляху. Няхай у іх будзе шмат такой удалай творчай працы.

Сяргей Любшын


ПЛЁННАЯ ПРАЦА. Ілля Браўко і Аляксей Шарыпаў, юныя географы СОШ № 2 горада Капыля, складалі атлас Капыльшчыны.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии