Помнік ХVІІІ стагоддзя

3
Реклама

Кожны гістарычны будынак з’яўляецца не толькі захавальнікам эстэтычных густаў і напамінам пра будаўнічае майстэрства свайго часу, але і нясе ў сабе памяць аб падзеях і людзях, якім быў сведкай. Адзін з такіх помнікаў у Слуцку — будынак былога бернардзінскага кляштара, помнік архітэктуры ХVІІІ стагоддзя.


КАРЦІНКА СТАРОГА СЛУЦКА. Мураваны каталіцкі Антоніеўскі касцёл і драўляная праваслаўная Уваскрэсенская царква, сілуэт якой разам са званіцай віднеецца ўдалечыні, не захаваліся. Адзіным напамінкам аб колішнім архітэктурным ансамблі падзамчышча застаўся кляштарны корпус.

З гісторыі пытання

Як даносяць гістарычныя крыніцы, у свой час у хрысціянізацыі нашых зямель былі зацікаўлены місіянеры і з Усходу, і з Захаду. А склалася царкоўная арганізацыя на ўсходнеславянскіх землях як Кіеўская мітраполія ў межах Канстанцінопальскага патрыярхату. Пасля падзелу хрысціянскага свету на Заходнюю царкву (каталіцкую) і Усходнія цэрквы (праваслаўныя) хрысціянскае выравызнанне ў нас стала называцца праваслаўным (таксама прымянялася назва — вера грэчаская або вера грэка-руская). У часы феадальнай раздробленасці, калі ўдзельныя княствы ператварыліся ў самастойныя або напаўсамастойныя дзяржавы, царква ўяўляла сабою ланцуг, які злучаў усходнеславянскія землі ў агульную культурна-рэлігійную прастору.

Пасля ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага, у склад якога паступова ўвайшлі землі цяперашняй Беларусі, пачалося суіснаванне ў адзінай дзяржаве праваслаўнай і каталіцкай цэркваў. Бо вялікі князь ВКЛ і кароль польскі Ягайла, як вядома, у ХІV стагоддзі хрысціў балтаў-язычнікаў па каталіцкім абрадзе. Перавагу каталіцкая царква набыла ў выніку аб’яднання ў ХVІ стагоддзі ВКЛ з Польшчай і ўтварэння агульнай дзяржавы — Рэчы Паспалітай. Абвастрылася рэлігійнае пытанне падчас Рэфармацыі. Але асабліва супярэчнасці праявілі сябе ў ХVІІ стагоддзі, у часы Контррэфармацыі, якую ўзначалілі каталіцкія манахі і перш за ўсё езуіты. Тады ставілася задача: умацаваць дзяржаву за кошт пашырэння адзінай дзяржаўнай царквы, якой лічылася каталіцкая. На беларускіх землях у вялікай колькасці пачалі засноўвацца новыя каталіцкія кляштары (манастыры).

Реклама

Першымі каталіцкімі манахамі ў Слуцку сталі бернардзінцы і аўгусцінцы.
Аўгусцінцы заснавалі свой кляштар у Старым Слуцку па вуліцы Прозараўскай. Аднак звесткі пра іх дзейнасць мы маем сціплыя. Аўгусцінскі касцёл згадваецца ў гарадскіх інвентарах за 1689 і 1728 гады, у тыя часы пры ім мелася школа. Пра далейшы лёс слуцкіх аўгусцінцаў нічога невядома.
У гісторыі горада больш вядомымі засталіся бернардзінцы.

Слуцкія бернардзінцы

Спачатку, у 1661 годзе, з’явілася рэзідэнцыя нясвіжскіх бернардзінцаў, якія на падораным ім пляцы ў Старым Слуцку, на Падзамчышчы, узвялі капліцу. А ў 1734 годзе на тым жа месцы былі пабудаваны драўляныя карпусы кляштара і касцёла. Апошні асвяцілі ў гонар святога Антонія Падуанскага. Храм узвялі ў традыцыях заходнееўрапейскай архітэктуры. Ён уяўляў сабою прамавугольную у плане пабудову, падзеленую на тры часткі - нефы — з двума трох’яруснымі вежамі на галоўным фасадзе. Злева, з боку вуліцы Усцінаўскай, да яго прымыкаў двухпавярховы кляштар.

Задачай бернардзінцам ставілася місіянерская дзейнасць у асяроддзі некаталіцкага насельніцтва. Случчына ў ХVІ-ХVІІ стагоддзях была адным з найбольш значных асяродкаў праваслаўя ў Рэчы Паспалітай. У тыя ж часы ў Слуцку пражывала і вялікая колькасць пратэстантаў, апекавалі якіх гаспадары Слуцкага княства князі Радзівілы. Адзін з першых прыбыўшых у Слуцк манахаў-бернардзінцаў пакінуў свае ўражанні аб насельніцтве горада, адзначыўшы, што апынуліся яны ў атачэнні цэлага мора схізматыкаў і дысідэнтаў (так католікі тады называлі праваслаўных і пратэстантскіх вернікаў).

У 1793 годзе пачалося будаўніцтва новага мураванага кляштарнага корпуса: «П" — падобнага ў плане, аднапавярховага, са склепам. А пасля таго, як у 1810-я гады згарэў драўляны касцёл, яму на змену за кошт ахвяраванняў мясцовых памешчыкаў-католікаў пачалі ўзводзіць мураваны храм, які завяршылі ў 1820 годзе. Гэта была трохнефная бязвежавая базіліка ў стылі позняга барока з маленькім купалком над алтарнай часткай. Левым бокам храм прымыкаў да кляштарнага корпуса.

Да гэтага часу беларускія землі знаходзіліся ўжо ў складзе Расіі. Спачатку ўлады да каталіцкай царквы ставіліся прыязненна, аднак пасля падаўлення вызвольнага паўстання 1831−32 гадоў, якое падтрымлівала значная колькасць каталіцкіх святароў, пачалося закрыццё каталіцкіх кляштараў. Такім чынам, у 1832 годзе быў закрыты і слуцкі бернардзінскі кляштар. Яго маёмасць і манахаў адправілі ў Нясвіж.
Кляштар пераабсталявалі ў казармы, дзе размясціліся рускія казакі. У сувязі з гэтым вуліца Усцінаўская стала называцца Казачай. Касцёл пераасвяцілі ў праваслаўны храм, і на працягу 1833−1845 гадоў ён дзейнічаў як палкавая царква.

Далейшы лёс

У сярэдзіне 1840-х гадоў казакі пакінулі горад. Храм апусцеў, а ў кляштарным будынку размясціўся штаб пяхотнага палка.
Пасля таго, як у 1852 годзе з-за старасці быў закрыты, а потым разабраны драўляны фарны (парафіяльны) касцёл, мясцовыя ўлады дазволілі католікам у якасці кампенсацыі забраць сабе былы бернардзінскі Антоніеўскі касцёл.
З усталяваннем Савецкай ўлады ў кляштарным будынку нейкі час знаходзіўся акруговы ваенкамат. Асноўную частку корпуса адвялі пад вайсковы шпіталь. Вуліцу Казачую тады перайменавалі ў Чырвонаармейскую.
А касцёл быў закрыты ў 1933 годзе у сувязі з арыштам слуцкага ксяндза, якому прыпісвалася антысавецкая дзейнасць. У сярэдзіне 1950-х гадоў храм быў разбураны.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны нямецкімі захопнікамі стары кляштарны корпус выкарыстоўваўся ў сваіх мэтах. Пры набліжэнні ў 1944 годзе Чырвонай Арміі тут абсталявалі бомбасховішча, размясцілі акупацыйны архіў.
Пасля вызвалення горада ад захопнікаў, калі наладжвалася мірнае жыццё, у старым гістарычным корпусе абсталявалі маслабазу, якая застаецца там да цяперашняга часу.
Былы бернардзінскі кляштар разам з Домам дваранскага сходу (тут цяпер краязнаўчы музей) на сёння з’яўляюцца ў горадзе самымі старымі мураванымі пабудовамі, помнікамі архітэктуры канца ХVІІІ стагоддзя.

Ігар Ціткоўскі

Реклама