А памяць жыве…

0

Калі чалавек цудоўны, то добрая памяць аб ім і пасля смерці доўга жыве ў людскіх сэрцах. Менавіта такім быў выкладчык Слуцкай дзіцячай музычнай школы па класе кларнета Аляксандр Чарняўскі.


ПЛЁННЫ КІРАЎНІК. Духавы аркестр Слуцкай дзіцячай музыкальнай школы пад кіраўніцтвам Аляксандра Чарняўскага (на здымку крайні справа) на дэманстрацыі ў Слуцку. Фота сярэдзіны 1980-х гадоў з архіва ДМШ

У свой час Аляксандр Іванавіч скончыў Маладзечанскае музычнае вучылішча (зараз музычны каледж імя М. К. Агінскага). На працу ў Слуцкую дзіцячую музычную школу малады спецыяліст уладкаваўся ў пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя. За час работы выявіў сябе як таленавітага музыканта і педагога. Сярод яго вучняў было нямала пераможцаў і дыпламантаў рэспубліканскіх і абласных конкурсаў інструментальнага мастацтва. Больш за тры дзесяткі юнакоў і дзяўчат, што займаліся ў яго, звязалі свой лёс з прафесійнай музыкай: уліліся ў айчынныя аркестровыя калектывы, сталі выкладчыкамі ў вышэйшых і сярэдніх навучальных установах, у музычных школах.

Реклама

Гэтая абаяльная асоба заўсёды прыцягвала да сябе людзей. Ён, энергічны і лёгкі на пад’ём, часцяком быў завадатарам розных цікавых творчых праектаў. Да таго ж Аляксандр Чарняўскі вылучаўся спакойным і добразычлівым норавам, асаблівай душэўнасцю і тактам, інтэлігентнасцю і працалюбствам, быў надзвычай шчырым, безадмоўным і надзейным сябрам. Але, на вялікі жаль, пажыў Аляксандр Іванавіч мала: у 1998 годзе ён трагічна загінуў…

Сёлета яму б споўнілася шэсцьдзесят. Гэтай даце Слуцкая дзіцячая музычная школа і прысвяціла вечарыну. Ушанаваць памяць Аляксандра Чарняўскага сабраліся яго калегі з музычных школ раёна, вучні, былыя выпускнікі ўстановы і проста аматары інструментальнага мастацтва, развіццю і прапагандзе якога Аляксандр Іванавіч аддаў шмат сваіх сіл і часу.
На запрашэнне случчан адгукнуўся выкладчык Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага Юлій Дзмітрыенка, які некалі быў педагогам у Аляксандра Чарняўскага. А таксама былы выхаванец Аляксандра Іванавіча — старшыня цыклавой камісіі аддзялення духавых і ўдарных інструментаў, дырыжор духавога аркестра Мінскага музычнага вучылішча імя М. І. Глінкі Аляксей Чарапко.

Яны ўспаміналі юбіляра цёплымі і добрымі словамі. А пасля ў зале ўладарыла музыка. Цудоўныя класічныя і сучасныя творы выканалі кларнетысты — навучэнцы Мінскага музвучылішча, пераможцы і дыпламанты міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў Аляксандр Шпаковіч і Сяргей Юшкевіч (канцэртмайстар Іван Жукаў).

Мноства твораў заходнееўрапейскіх і амерыканскіх кампазітараў выканаў заслужаны артыст Беларусі, дацэнт нацыянальнай Акадэміі музыкі Генадзь Забара (канцэртмайстар Павел Кашчэва). Асабліва ж случчанам спадабаўся кларнетны квартэт у складзе Забары, Чарапко, Шпаковіча і Юшкевіча.

У другім аддзяленні выступаў узорны духавы аркестр Слуцкай дзіцячай музычнай школы (мастацкі кіраўнік Пётр Лазука). Дарэчы, некалі гэтым аркестрам вельмі плённа кіраваў сам Аляксандр Чарняўскі.
Многія з тых, хто прымаў удзел у вечарыне, выказвалі думку: маўляў, было надта добра, каб раённыя ўлады ўвекавечылі імя Аляксандра Чарняўскага — таленавітага музыканта і педагога, які зрабіў важкі ўклад у развіццё інструментальнага жанра на Случчыне, — у назве якой-небудзь новай гарадской вуліцы. Што ж, з такой прапановай, бадай, сапраўды варта пагадзіцца.

Сяргей Любшын

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии