Квецень пачырванела ад сораму

0

Узрадавалася старая Палашка, што суседні дом купілі нейкія маладыя людзі. Будуць суседзі, будзе з кім пагаварыць хоць у той кароткі час, калі яны прыедуць. Бо жыць у вёсцы, як адразу заявілі, яны не збіраюцца. Але дзякуй лёсу і за гэта: усё ж не адна на апусцелай вуліцы. Калі-небудзь загляне да іх, а мо і яны да яе завітаюць.

У той першы дзень, калі новыя суседзі «замочвалі» сваю сядзібу, Палашка сціпла прыняла прывітанне з рукі новай гаспадыні, прыгубіла і паставіла чарачку на стол, чым пакрыўдзіла гаспадароў. «Да дна, да дна», — громка патрабавалі тыя, але Палашка спаслалася, што яшчэ на агародзе пасля зімы работы многа, ды здароўе не дазваляе. На гэтым першае знаёмства і скончылася.

Реклама

Пазней, як толькі новыя суседзі прыязджалі, яны не міналі Палашку: часцей прыходзілі пазычыць сем-дзесяць рублёў да зарплаты. Палашка даставала з шафы свой «збербанк» — некалі да вяселля купленную мужам сумачку, — адлічвала і падавала, не прамінуўшы выказаць: «Як гэта, працуеце і без грошай?». У тым, што новыя суседзі любяць выпіць з прычыны ці проста так, яна ўпэўнілася і ўжо не сумнявалася. Але апошнім часам усё больш заўважала, што новая суседка яшчэ і скупая: пазычанае аддавала цяжка. «Суседзяў Бог пасылае, — з усмешкай думала, — трэба жыць і з такімі ў згодзе». Неўзабаве падыйшоў час садзіць бульбу.

Суседзі прывезлі маленькі трактарчык, памочнікаў, але Палашка не ўтрымалася, каб не прыняць удзел у такой святой справе. Пазайздросціла на чужое насенне: што ні бульбіна — вялікая, добра прарослая, на парастках зялёныя лісткі. «Гэта бацька мой у калгасе аграном, новы сорт бульбы развёў, разварыстая», — хвалілася новая гаспадыня. І Палашка не ўтрымалася, папрасіла даць на развод. Насенкі ў суседкі засталося амаль поўны мяшок, але старая атрымала адзінаццаць бульбін, ды і ў тых былі абцёртыя парасткі.

Высадзіла Палашка на градзе свае адзінаццаць бульбін, праросшыя, нават ужо з карэньчыкамі. А тыя, чужыя, зварыла ў чыгунку. Сапраўды былі разварыстыя, але нічуць не лепшыя за яе бульбу. Калі прыйшоў час, пасаджаная бульба зацвіла ружовым цветам. У гэты час забегла суседка пазычыць грошай, убачыла, як цвіце бульба ружовым колерам, і здівілася: «А чаму наша ўся цвіце не белым?» Палашка толькі ўсміхалася, не стрымалася і сказала: «Квецень пачырванела ад сораму, бо шкадуючы давала насенку гаспадыня».

Хоць і жывуць побач людзі, але адчуванне адзіноты не пакідае Палашку. Няма з новымі суседзямі той сардэчнай блізкасці, з якой жыла яна з Маланняй, царства ёй нябеснае. Усё часцей наведваюцца думкі, ці не пакінуць ёй сядзібу ды кінуцца ў горад да зяця з дачкою.

Уладзімір Дамель

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии