Пра ката Рыжыка — джэнтэльмена і паляўнічага

0

Сонца даўно схавалася на захадзе, каб там зноў прадоўжыць свой светавы рабочы дзень. А да горада, як бы крадучыся, падплываў рагаты месяц.

У паветры разліваўся водар ад ліпавых кветак. На двары ў поўную сілу гаспадарыў ліпень.
Маладыя мужчына і жанчына вярталіся з гасцей, разважаючы пра тое, як правялі вечар, калі раптам пачулі: «Мяў».
— Глянь, адкуль гэтае рыжае стварэнне з’явілася? — спытаў мужчына.
— А я яго ўжо даўно заўважыла, ад самога моста за намі ідзе.
«Мяў», — паўтарыла кацяня. Яно было рыжай масці, з белым каўнерыкам, а спераду, з-пад шыйкі звісала вузенькая белая палоска шорсткі, як невялічкі гальштучак, пярэднія лапкі таксама былі беленькія, быццам у белых пальчатках.
— Бач ты, джэнтльмен, — адзначыў мужчына.
Так утраіх яны дайшлі да пад’езда. Узыйшоўшы на прыступкі, мужчына і жанчына зноў пачулі: «Мяў». Цяпер ужо тройчы. Кацяня, прысеўшы на заднія лапкі, глядзела ў вочы людзей, як бы гаворачы: «Вазьміце мяне да сябе».
— Ну што з табою рабіць, Рыжык, заходзь.
А праз два дні яны адвезлі кацяня ў вёску. «Вось, мама, табе падарунак», — сказала дачка і выняла з сумкі рыжы камячок, апусціўшы яго долу. «Гэта ён з вамі павітаўся», — сказаў зяць.
Усміхнуўшыся, Анюта — маці жанчыны — пайшла за малаком. Рыжык увідавочкі выхлябаў са сподачка малако, некалькі разоў мяўкнуўшы, уладкаваўся ў Анюты на каленях і пачаў муркаць і ласкава церціся сваім рыжым бокам аб яе рукі.
— Гэта ён дзякуе, — сказаў зяць.
Так душа ў душу пражылі Анюта з Рыжыкам амаль што дзесяць гадоў.
Ці то ад старасці, ці то ад цяжкай працы ў Анюты здарылася катаракта. І што цікава, Рыжык таксама пачаў слепнуць: адно вока зусім зацягнула белая плеўка.
І смех і грэх было назіраць, як каля Анюты, за сталом, на лаве сядзіць Рыжык, а тая, жуючы мякіш, дае потым яму. Вось жанчына задумалася аб чымсьці сваім, і кацяня ўжо таўчэ рыжай галавой у бок жанчыны, як бы кажучы: «Ну што ты спынілася — давай мякіш».
Праз год Анюты не стала, адыйшла ў лепшы свет, а яшчэ праз паўгода прапаў і Рыжык.
Неяк увосень зяць разбіраў на гарышчы розны хлам і пад старым ватоўнікам знайшоў засохшыя астанкі Рыжыка. Хавалі яго, як чалавека, усёй сям’ёй. Дзеці нават шыльду змайстравалі з надпісам: «Тут пахаваны наш Рыжык».
Заслужыў, бо ў свой час добра ганяў мышакоў і пацукоў, а бывала, і крата прыцягне з поля ды пакладзе на ганку, як бы кажучы: «Вось бачыце, не дарма я ем свой хлеб». Да кошак ён таксама быў заўзяты хадок. Як толькі надыходзіў сакавік, то Рыжыкавы «спевы» чула палова сяла. Таму і сёння бегае шмат яго патомкаў, адзін з якіх як дзве кроплі вады падобны на «бацьку». А гэта значыць, што жыццё працягваецца.

Реклама

Мікола Корань

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии