Пятнаццаць сутак — за «каралеву прыгажосці»

0

Для пачатку хачу напомніць чытачам, што сапраўдныя імёны і прозвішчы названых у гэтым артыкуле людзей заменены, а вось факты жыццёвай гісторыі не выдуманыя, а сапраўдныя. На ўспаміны пра іх падштурхнула выпадковая сустрэча з чалавекам, якога калісьці ў абласной газеце ў сваім фельетоне я абараняў як пацярпелага за неабразлівую рэпліку ў адрас прадстаўніка сельскай улады.

Сустрэча гэта адбылася ў прыгарадным аўтобусе, які вяртаўся у горад з вёскі Паўстынь. На прыпынку ў суседняй па шляху вёсцы да мяне на свабоднае месца прысеў пажылы, з маршчыністым тварам і кійкой у руцэ дзядуля. Ён ледзьве адолеў прыступкі ўваходных дзвярэй. І нечакана заўважыў мяне: «Я вас ведаю: у 1969 годзе па маім пісьме ў абласную газету вы надрукавалі там фельетон „Пятнаццаць сутак за каралеву прыгажосці“. Вы паведалі праўду аб тым, за што мяне асудзілі на тыя суткі. Я скупіў у кіёсках горада штук восем нумароў той газеты і разаслаў іх у абласныя інстанцыі - аблвыканкам, пракуратуру, Міністэрства ўнутраных спраў - для таго, каб разабраліся».

Реклама

І тут я прыпомніў, з-за чаго заварыўся той канфлікт. У невялікую вёску Радовішчы на сельскі сход завітала старшыня тутэйшага сельсавета Дар’я Паддубская, жанчына гадоў за сорак. Зрабіўшы даклад, яна напомніла, каб жадаючыя выказалі свае заўвагі і прапановы. Мясцовы трактарыст Віктар Гаўрылюк, які толькі вярнуўся з поля, спытаў у старшыні, калі, нарэшце, сельсавет выдзяліць яму лес для рамонту прагніўшай у хаце падлогі, заяву на які падаў тры гады таму. Болей — ні слова.

Што было потым — Гаўрылюк успомніў пры сустрэчы ў аўтобусе: «У адказ на мой запыт Паддубская ўсміхнулася, заківала галавой. Я ад крыўды не стрымаўся і кінуў ёй рэпліку: „Што вы ўлыбаецеся, як каралева прыгажосці?“ Зала сельскага клуба змоўкла, а старшыня палічыла мае словы абразай, выклікала ўчастковага інспектара Бугарэвіча. Той пад яе дыктоўку склаў акт, пад якім сам падпісаўся, а таксама і старшыня калгаса Валевіч. І мяне асудзілі на пятнаццаць сутак арышту. Пазней па маіх скаргах у сталіцу прыехала адтуль камісія. Апыталі людзей, што былі на сходзе, а той госці ўцямілі: мяне асудзілі несправядліва. Участковага потым разжалавалі, старшыні калгаса аб’явілі вымову. Толькі жыць мне потым у вёсцы стала складана: мне помсцілі, мае правы ўшчамлялі.

І тады я мусіў прадаць хату і выехаць у Слуцк на пастаяннае пражыванне. Знайшоў работу ў адной рамонтна-будаўнічай арганізацыі, пазней атрымаў кватэру ў „хрушчоўцы“, але набыў інваліднасць па хваробе».
Дадам да сказанага, што пасля выхаду фельетона ў газету даслала скаргу і старшыня сельсавета. З рэдакцыі прыязджаў загадчык сельгасаддзела Васіль Бахар, і мы з ім апыталі амаль усіх дарослых жыхароў той вёскі. Але ніхто не сказаў нічога дрэннага пра Гаўрылюка. Пазней старшыню сельсавета вызвалілі ад займаемай пасады.

Міхаіл Барысевіч

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии