Помнік, які чакае рэстаўрацыі

0

Адзін з нешматлікіх помнікаў слуцкай старасветчыны, які чакае сваёй рэстаўрацыі, — Слуцкая паштовая станцыя. Яна складаецца з чатырох будынкаў. Комплекс з’яўляецца помнікам архітэктуры позняга класіцызму і знаходзіцца пад аховай дзяржавы.


СЛУЦКАЯ СТАРАСВЕТЧЫНА. Паштовая станцыя афіцыйна знаходзіцца пад аховай дзяржавы.

Ад пачатку сваёй гісторыі Слуцк ляжаў на перакрыжаваннях шляхоў, што вялі з Кіеўскіх зямель на Полаччыну і з Прыдняпроўя на Панямонне. Меў вядомасць «Слуцкі гасцінец» («Слуцкая дарога»), што ішоў цераз Слуцк з Мінска да Кажан-гарадка.

Реклама

З гісторыі паштовай сувязі

У старажытнасці для дастаўкі карэспандэнцыі ўдзельныя і вялікія князі мелі спецыяльных ганцоў-кур’ераў. Пачатак жа дзяржаўнай паштовай сувязі прыходзіцца на ХVІІ стагоддзе.
У гарадах, асобных мястэчках і замках, цераз якія праходзілі паштовыя тракты, меліся паштова-кур’ерскія станцыі, але ўзводзіліся яны без загадзя абумоўленых правілаў. Адпачыць або застацца на начлег можна было і ў прыдарожных корчмах.
У выніку падзелу Рэчы Паспалітай у канцы ХVІІІ стагоддзя частка яе зямель была далучана да Расіі. Тады ўзнікла неабходнасць злучыць добрымі шляхамі цэнтральныя раёны імперыі з новымі тэрыторыямі. Расійскімі ўладамі пачалі прыводзіцца ў парадак старыя і стварацца новыя паштовыя дарогі.

Адзін з «гасцінцаў», што канчаткова ўступіў у эксплуатацыю ў 1846 годзе, — гэта шаша Масква — Варшава, адрэзак якой (Бабруйск — Брэст) прайшоў цераз Слуцк. У межах Слуцкага павета ён быў завершаны да 1831 года, а ў 1832 годзе створаны Слуцкі паштовы тракт. Да пачатку Першай сусветнай вайны раз за суткі па шашы правозілася пошта.
Новая дарога ў межах горада стала галоўнай магістраллю і атрымала назву вуліца Шасейная. Па ўсёй даўжыні новай дарогі праз інтэрвалы, роўныя аднаму коннаму перагону (прыкладна 20 вёрст), па загадзя распрацаваным «узорным» праектам узводзіліся паштовыя станцыі. У вялікіх населеных месцах, як правіла, узводзіліся станцыі першага разраду. Паміж імі, прыкладна пасярэдзіне, знаходзіліся станцыі другога разраду. А на працягу двух або трох конных перагонаў паміж станцыямі другога разраду размяшчаліся станцыі трэцяга разраду.

Станцыямі карысталіся паштовыя кур’еры, якія перавозілі дзяржаўную карэспандэнцыю: пісьмы, пасылкі, пакеты. Тут таксама маглі астанавіцца тыя, хто рухаўся па службовых справах і меў адпаведны дакумент — «падарожную». На станцыі можна было адпачыць, паесці, замяніць коней. За рухам па дарозе даглядалі наглядчыкі, якія жылі пры станцыях.

Паштовыя паслугі былі платнымі. Казённыя перасылкі каштавалі 12 капеек за аднаго каня на кожныя 10 вёрст, за прыватныя перасылкі плацілі даражэй: 18 капеек за каня. Беларускія паштальёны мелі сваю форму: чырвоны суконны кафтан з зялёнымі абшлагамі, на галаве — зялёны картуз, на грудзі — зроблены з медзі дзяржаўны герб. На правым плячы на чырвона-жоўтым шнурку вісеў паштовы ражок.

Слуцкая станцыя

У Слуцку комплекс паштовай станцыі пабудаваны з цэглы і дрэва паводле «ўзорнага праекта» 1846 года. Узвялі яго ў тыя ж 1840-я гады на правым баку шашы на выездзе з горада ў бок Брэста (цяпер знаходзіцца па адрасе: вуліца Леніна, дамы №№ 153, 155, 157, 159).
Фронтам комплекс павернуты да дарогі. Яго архітэктурная кампазіцыя сіметрычная. Галоўны корпус, што знаходзіцца пасярэдзіне, уключае памяшканні для наглядчыка, афармлення дакументаў, месца для падарожнікаў. Па яго баках сіметрычна пастаўлены два аднолькавыя флігелі: адзін для фурманаў, другі выкарыстоўваўся як кладоўка для захавання неабходных у гаспадарцы прылад.

Будынкі злучаны між сабой мураванымі сценкамі з уязднымі брамамі. За імі — прамавугольны двор, які некалі быў брукаваным і меў пасярэдзіне калодзеж. З тылу комплекс замыкае «П»-падобны гаспадарчы будынак, дзе ў свой час знаходзіліся стайні, паветка для фурманак, захоўвалася сена. Усе пабудовы аднапавярховыя, пакрытыя вальмавымі дахамі, іх фасады апрацаваны пілястрамі. Уваход у галоўны корпус з боку вуліцы вёў у калідор, з якога можна трапіць у бакавыя памяшканні, а таксама на двор. Вылучаўся ўваход атыкавым фігурным франтонам.

Першапачаткова галоўны корпус меў пакрыццё бляхай, а флігелі і стайня — гонтай. Цалкам цагляным быў галоўны цэнтральны корпус. Бакавыя флігелі мелі цаглянымі толькі фасадныя сцены, павернутыя да вуліцы. Іншыя сцены, як і сцены гаспадарчага будынка, былі складзены з бярвенняў у тэхніцы «ў шулы» з выкарыстаннем цагляных слупоў. Па рангу слуцкая станцыя адносілася да трэцяга класу, які патрабаваў, каб пры ёй на стайні мелася каля 18-19 коней.

Перад падрыхтоўкай горада да свята «Дажынкі-2005», калі чысціліся фасады будынкаў, па баках галоўнага корпуса былі выяўлены надпісы: «до Омухович 14,5» і «до Сенницы 16,5», якія ўказвалі адлегласць у вёрстах да бліжэйшых станцый у абодвы бакі.
Станцыя ў Амухавічах знаходзілася ў напрамку Старых Дарог, за Вясеяй. Цяпер гэта былая амухавіцкая сядзіба дарожніка адносіцца да вёскі, перайменаванай у Чырвонае Сяло. У агульных рысах яна нагадвала Слуцкую станцыю. Аднак у 2006 годзе яе галоўны корпус перабудавалі, і ён атрымаў новы выгляд, а бакавыя флігелі былі разабраны.

Да пачатку ХХ стагоддзя значэнне паштовых станцый, у тым ліку і слуцкай, істотна зменшылася. Гэта было звязана са з’яўленнем новых, больш дасканалых формаў сувязі, у першую чаргу з пашырэннем сеткі чыгуначных дарог і развіццём тэлеграфа. Тым не менш, неабходнасць у старой Слуцкай паштовай станцыі не адпала. Тут размяшчаліся дарожныя службы. З пасляваенных часоў частка будынкаў занята пад жыллё, іншыя цяпер перыядычна здаюцца ў арэнду розным установам.

У горадзе даўно вітае ідэя рэстаўрацыі Слуцкай паштовай станцыі, якая пакуль што не можа быць рэалізаванай з-за адсутнасці сродкаў. Можна таксама пачуць меркаванні аб прыстасаванні яе пасля рэстаўрацыі для сучасных культурніцкіх запатрабаванняў горада. Тут, напрыклад, можна было б стварыць цікавую музейную экспазіцыю, праводзіць мясцовыя або рэгіянальныя этнаграфічныя святы, адкрыць сувенірныя крамы або кавярні для турыстаў. Хочацца спадзявацца, што час, калі цікавы архітэктурны комплекс паўстане ў сваім першапачатковым выглядзе, прыйдзе, і чакаць гэтага нядоўга.

Ігар Ціткоўскі

 

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии