Творчыя сем'і паказалі сябе

0

У Салігорску 15 мая прайшоў чацвёрты Абласны фестываль сямейнай творчасці, на які ад кожнага раёна сталічнай вобласці былі запрошаны па тры лепшыя творчыя калектывы ўсіх відаў і жанраў аматарскага мастацтва.


МЯСЦОВЫ КАЛАРЫТ. Сямейны калектыў «Згода» з вёскі Цясова Салігорскага раёна ўразіў публіку не толькі сваім знешнім выглядам, але і цудоўным майстэрствам.

На цэнтральнай плошчы выступалі аматары сцэнічнай творчасці, а у парку «Чатырох стыхій» сваё майстэрства паказвалі ткачы, ганчары, майстры вырабаў з саломкі, разьбы па дрэву і іншыя. Атрымаўся своеасаблівы этнаграфічны фэст Міншчыны. Цікава было паглядзець, на што здатны наш люд.
З усіх калектываў мастацкай самадзейнасці гледачам вельмі спадабаліся выступленні ансамбля «Весялуха» сям'і Сак (Вясейскі ДК Слуцкага раёна), народнага ансамбля сям'і Бойка Гаўрыльчыцкага ДК, сямейнага калектыву «Згода» вёскі Цясова (Салігорскі раён), а таксама калектыў сям'і Хадароўскіх з вёскі Ямінск (Любанскі раён). Як пасля высветлілася, гэтыя калектывы маюць багатую гісторыю ў мастацкай самадзейнасці.

Реклама

Добра вядомы ў рэспубліцы гурт сям'і Сак з вёскі Вясея Слуцкага раёна. Дырэктар мясцовага клуба Галіна Сак прыцягнула да мастацкай самадзейнасці двух дачок, Алу і Святлану, ды так, што для Алы мастацкая самадзейнасць стала жыццём у «культурным асяроддзі». Яна скончыла Мінскае вучылішча мастацтваў, пасля — дзяржаўны ўніверсітэт культуры. Ансамбль «Весялуха» быў удзельнікам фестываляў-дажынак у Бабруйску, Рэчыцы, Нясвіжы, Кобрыне, Оршы, Лідзе.
Калектыву сям'і Бойка яшчэ ў 1994 годзе было прысвоена ганаровае званне «народны». Ён неаднаразовы лаўрэат абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, а ў 2006 годзе за захаванне песеннай спадчыны атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта РБ.
Вялікую павагу атрымалі ад слухачоў і другія калектывы.

У парку «Чатырох стыхій» бясконца можна было любавацца і дзівіцца залатымі рукамі Анатоля Вітольдавіча Малюткі з Валожынскага раёна, які ткаў рушнікі прылюдна на самаробным станку. За гэтым станком дэманстраваў сваё майстэрства і яго ўнук. Многія прысутныя спрабавалі пераняць сакрэты ткацтва, але ніхто не сказаў, што здолее паўтарыць тое, што выходзіла з-пад дзедавых рук.

Прыгожае ткацтва, вышыўкі, вырабы з саломкі дэманстравала сям’я Уладзіміра Ціханоўскага з вёскі Рачэнь Любанскага раёна, а таксама народны клуб майстроў Бярэзінскага раёна пад кіраўніцтвам Ніны Насульскай. Зачароўвалі сваім мастацтвам і іншыя ўдзельнікі фестываля. Салігарчане ахвотна куплялі рэчы, якія спадабаліся. Усе ўдзельнікі фестывалю атрымалі ўзнагароды: сямейныя калектывы да 15 чалавек — па тры, а калектывы звыш 15 чалавек — па чатыры базавыя велічыні.
Па словах супрацоўнікаў абласнога ўпраўлення культуры, фестываль у Салігорску прагучаў завяршальным акордам у святкаванні Дня сям'і на Міншчыне. Яго мэта — падтрымка і заахвочванне сямейных калектываў, папулярызацыя іх творчых работ і культурных ініцыятыў. Адзначым, што фестываль сямейнай творчасці праводзіцца з 1998 года. Да гэтага часу ён традыцыйна праходзіў у Дзяржынску, а з мая гэтага года прапішацца ў Салігорску.

Уладзімір Амяльчэня

Сям’я Хадароўскія з Любаншчыны.

Ансамбль сям'і Бойка з вёскі Гаўрыльчыцы.

Ткацтва Анатоля Малютка.

Уладзімір Ціханоўскі, вёска Рачэнь.

Народны клуб майстроў, Бярэзінскі раён.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии