На Случчыне заснавана алея Васіля Віткі

0

Чацвёртыя Віткаўскія чытанні пачаліся на Случчыне 17 мая. У мерапрыемствах, прысвечаных 100-годдзю з дня нараджэння Васіля Віткі, нашага земляка, вядомага паэта, класіка беларускай дзіцячай літаратуры, прынялі ўдзел беларускія пісьменнікі і літаратуразнаўцы, родныя паэта, прадстаўнікі слуцкай грамадскасці, дзеці і навучэнцы Случчыны.


ПАМЯЦЬ. Каля Акцябрскай школы былі пасаджаны цудоўныя дрэвы — ліпы. Раней на гэтым месцы ўсталявалі памятную шыльду з надпісам, які тлумачыць, у чый гонар закладзена алея.

Реклама

З раніцы на радыё «Весткі Случчыны» пра Васіля Вітку прагучала радыёгутарка «Сеяў сонцам свой палетак». Бліжэй да поўдня ў раённай цэнтральнай бібліятэцы адбылася прэзентацыя выставы да 100-годдзя з дня нараджэння пісьменніка, а з удзелам дзяцей прайшлі інтэлектуальны марафон і літаратурна-музычная імпрэза па творчасці Васіля Віткі.

Пасля ўдзельнікі мерапрыемства адбылі ў вёску Акцябр, дзе была ўрачыста закладзена «Алея Памяці». Каля мясцовай школы былі пасаджаны цудоўныя дрэвы — ліпы. Раней на гэтым месцы ўсталявалі памятную шыльду з надпісам, які тлумачыць, у чый гонар закладзена алея. З прамовамі выступілі настаўнікі, пісьменнікі, словы ўдзячнасці прагучалі ад родных паэта. Вершы Віткі, канешне ж, прачыталі дзеці. Наконт апошніх Васіль Вітка неяк сказаў, што быў шчаслівы чалавек, бо ўсё жыццё працаваў з імі.
Галоўныя мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю з дня нараджэння Васіля Віткі, адбыліся ў гарадскім Доме культуры моладзі. Паэт і празаік, драматург і перакладчык, настаўнік і публіцыст, крытык і сатырык, журналіст і выдавец — такім прадстаў у прамовах выступаючых на мерапрыемстве наш земляк, які лічыцца класікам беларускай дзіцячай літаратуры і адным з лепшых казачнікаў свету.

Было адзначана, што своеасаблівым помнікам паэту з'ўляецца часопіс «Вясёлка». Гэта дзіцячае выданне не толькі было заснавана Васілём Віткам — яно фактычна з’яўлялася жыццёвай калыханкай пісьменніка.
Чацвёртыя Віткаўскія чытанні працягваліся на Случчыне 18 і 19 мая. Яны ахапілі школы і бібліятэкі раёна. На мерапрыемствах гучала думка, што Васіль Вітка быў сапраўдным патрыётам сваей малой радзімы. Невыпадкова з-пад яго пяра выйшлі такія словы: «Случчына, ты — запаветная паэма мая, якую я пішу ўсё жыццё, збіраю па словах, па радках. Але вось паспрабаваў скласці іх разам і бачу: паэма яшчэ не напісана. Мабыць, аднаму не пад сілу напісаць яе, вартую дзівоснай прыгажосці і крынічнай чысціні роднай зямлі».

Па словах Людмілы Гурыновіч, дырэктара Слуцкай раённай сістэмы публічных бібліятэк, асаблівасці Віткаўскіх чытанняў у тым, што яны заўсёды набліжаны да дзяцей, да тых, каму і прызначана дзіцячая літаратура. «Мяркую, што гэтая рыса Віткаўскіх чытанняў ужо стала традыцыйнай», — сказала яна ў размове з карэспандэнтам «Кур'ера».

Сяргей Багдашыч

З біяграфіі беларускага класіка дзіцячай літаратуры

Нарадзіўся Васіль Вітка (Цімох Васільевіч Крысько) 16 мая 1911 года ў вёсцы Еўлічы. Праз год абставіны склаліся так, што Цімох з сям’ёй апынуўся ў Сібіры, у горадзе Омску, дзе яны пражылі шэсць гадоў. Пасля рэвалюцыі маці з дзецьмі вярнулася ў родныя Еўлічы. Хутка пасля дэмабілізацыі прыехаў туды і бацька паэта. Пасля сямігодкі Цімох паступіў у слуцкую прафтэхнічную школу, якую скончыў у 1928 годзе.
Працаваў слесарам на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце, у завадской шматтыражцы, у рэдакцыі абласных, потым рэспубліканскіх газет.
У час Вялікай Айчыннай вайны — рэдактар масавых выданняў для акупаваных раёнаў Беларусі. Тады ён і ўзяў сабе псеўданім Васіль Вітка.
На працягу 1944−1947гг. быў адказным сакратаром, потым намеснікам рэдактара часопіса «Беларусь».
З 1948 Васіль Вітка — намеснік рэдактара, потым галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва» (1948−1957).
З дня стварэння дзіцячага часопіса «Вясёлка» быў яго галоўным рэдактарам (1957−1974).
Васіль Вітка выдаў болей за 25 кніжак.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1972). У 1978 годзе адзначаны Міжнародным ганаровым дыпломам імя Х. К. Андэрсена. Прозвішча яго занесена ў ганаровы спіс лепшых казачнікаў свету. Заслужаны дзеяч культуры Беларусі.
Памёр Васіль Вітка 5 ліпеня 1996 года. Пахаваны ў Мінску.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии