Цудоўны месяц май

0

Непрыкметна бяжыць час. Прыйшла вясна, прыйшоў май.
Мабыць, Бог зрабіў гэты месяц для таго, каб чалавек адчуў сябе дзіцём прыроды.

Які прыемны водар стаіць над роднай зямелькай! Выходзіш раненька на двор (яшчэ над вёскай толькі-толькі з’явіліся першыя праменьчыкі сонейка) — ураз пеўні пачынаюць аб’яўляць пра нараджэнне новага дня, і нясецца над вёскай іх галасістае «Ку-ка-рэ-ку!».
Сонейка выпаўзла ўжо напалову свайго чырвона-аранжавага дыска, як бы гаворачы: «Я вас сёння добра пагрэю — радуйцеся».
Бабы, падаіўшы кароў, выганяюць іх на пашу. Вішчаць у лежніках парасяты, кудахчуць хахлаткі.
Блуднікі-каты, пацягваючыся, падстаўляюць да сонейка свае бакі пасля сакавіцка-красавіцкіх «гуляў».
І ўжо ва ўсёй красе сонейка выкацілася на небасхіл, пачало паціху прыпякаць, як і абяцала. Ідзеш у сад — Божа, які цуд! На ўзмежку, паабапал яшчэ не засеяных градак, у белай кішні стаяць вішні, слівы-венгеркі, алыча. А вось і мая любіміца, яблынька-пуцінка, уся ў белым, як нявеста на вяселлі.

Реклама

У народзе існуе павер’е, што пуцінка — гэта нявеста, якая збегла са свайго вяселля ад нелюбімага і пераўвасобілася ў яблыньку, стала пры дарозе, каб путнікі зрывалі з яе плады, якія напоўнены жывіцельным сокам, наталяючы смагу. Можа, таму і назву ёй такую далі - «пуцінка».
А вось і знакамітая наша слуцкая бэра, уся ў бела-ружовых кветках. Шмат будзе груш, яблык, сліў, калі не ўпадуць на гэтую прыгажосць майскія замаразкі.

Як толькі сонейка вышэй паднімаецца на небасхіл, на зямлі запальваюцца сотні дзьмухаўцоў.
Над садам чуецца гул. Гэта дружна снуюць працаўніцы-пчолкі, творачы сваё адвечнае прызначэнне: сумленна збіраюць нектар ды акрыжоўваюць кветкі садоў.
Сонейка «перабралася» за поўдзень.

Раптам наляцеў гарэза-ветрык, збіваючы з яблынь, груш, сліў белую кіпень кветак, і ляцяць пялёсткі, як сняжынкі, усцілаючы матухну-зямлю.
Насупілася неба, і воблакі, быццам іх нехта пакрыўдзіў, заплакалі дажджом. Але летні цёплы дожджык, кароткачасовы, хутка скончыўся, і зусім другі водар паплыў над вёскай. Ад свежаскошаных траў першага майскага ўкосу ішоў пах малачая, падарожніка, крапівы…

А як добра пасядзець увечары на лаўцы пад толькі што распусціўшымся бэзам, паслухаць вячэрнія спевы птушак, якія таксама прытаміліся за дзень, шукаючы сабе корм, будуючы свае хаты-гнёзды для патомства. Слухаць птушыныя спевы — для чалавека асалода. І на душы становіцца спакойна, нават не хочацца ісці ў хату, хаця на двары ўжо вечар.
Каторы раз сам сабе кажу: «Божа, якая цудоўная пара — месяц май! Хочацца ўдыхаць гэты водар, слухаць спеў птушак і хочацца жыць. Жыць ў ладзе з матухнай-прыродай, якую мы часта незаслужана крыўдзім.
Чалавек, памятай, хто ты і адкуль ты».

Мікола Корань

ПІШЫЦЕ. Вашы жыццёвыя гісторыі і гісторыі кахання прысылайце на адрас: 223 610, Слуцк-9, а/с 53 ці прыносьце ў рэдакцыю: г. Слуцк вул.Камсамольская, 1

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии