Дурань добрага генерала

Невялічкі пакойчык у навучна-даследчым медыцынскім інстытуце на два ложкі. На адным з іх пенсіённага ўзросту мужчына чакае прызнання сваёй інваліднасці, на другім — малады салдацік родам з Кармянскага раёна, дзе водарам радыяцыі напоена паветра, чакае вырашэння свайго лёсу: ці адправяць яго дадому, ці будуць лячыць, бо пяць пазванкоў у яго хрыбце на рэнтгенаўскім здымку чорныя. Нечакана ў пакойчык уваходзіць санітарка з раскладушкай — гэта азначае, што ў палату прыбывае папаўненне.

За ёю чуць праціскаецца кабета ў цывільным з паласатым матрацам. Прысутных яна нават не заўважыла і, ўладкаваўшы ложак будучаму «жыхару», громка сказала санітарцы: «Прыглядайце за ім — мы аддзякуем». Неўзабаве кабета з санітаркай прывялі новага жыхара палаты. Гэта быў мужчына, калісьці моцнага целаскладу, не меней двух метраў росту. Гадоў яму было паміж васьмюдзесяццю і дзевяноста. Працаваў сваё жыцце ён цяжка фізічна, аб чым гаварылі шырокія мазолістыя далоні. На развітанне жанчына — а гэта была яго дачка — вынула з кішэні кашалёк і без усялякага сораму перадала бацьку стодаляравую купюру са словамі: «Гэта дасі доктару, які будзе лячыць цябе, а я скора наведаюся». Калі ўладкаванне закончылася, дзед праявіў цікаўнасць да суседзяў. Яго зацікавіў малады салдацік: і чаму ён тут апынуўся, ці не хітрыкі ладзіць, каб не служыць? Пасля дзед выслухаў адказ, што ў час прызыву той скардзіўся на боль у спіне, а камісія ваенкамата нічога не прызнала. Забралі ў армію, дзе ён дажыўся датуль, што не здолеў нават выходзіць на работу. У Мінску салдацікі рамантавалі трамвайныя пуці. Яго адправілі ў ваенны шпіталь, а адтуль ужо — сюды, у інстытут. Тады дзед паверыў і ў знак згоды прызнаўся, што служыў у войску доўга і цяжка. А пасля вячэры разгаварыўся.

Реклама

— Родам я з Палескай вобласці, з-пад Пінску. У партызанскім атрадзе Каржа быў не апошнім байцом. Часта Васіль Іванавіч асабіста даручаў адказныя заданні па выяўленню здраднікаў і паліцаеў. Калі выгналі немцаў, мяне мабілізавалі ў спецвойска, падначаленае самому Цунаве. Я суправаджаў дзяржаўных злачынцаў у Вярхоўны Суд. Большасці з іх выносілі смяротнае пакаранне. Усе яны нейкім чынам мелі адносіны з акупантамі. Таму смяротныя прыгаворы ўспрымаў спакойна, лішніх пытанняў начальству не задаваў, чым спадабаўся свайму генералу. Ён быў са мною амаль у бацькоўскіх адносінах, ніколі не павысіў голасу, таму я лічыў яго добрым генералам.

Аднойчы я атрымаў пісьмо з роднай вёскі. Почырк на канверце быў чужы. Пісала суседка пра тое, што майго бацьку з сям’ёю выслалі з вёскі за тое, што ён адказаўся ісці ў калгас. Настрой мой сапсаваўся, і скора генерал спытаў, чаму я такі невясёлы. Я расказаў пра пісьмо. Праз некалькі дзён генерал паведаміў мне, што бацькоў знялі з поезда за Масквою і хутка яны будуць дома. За гэта ў душы я яшчэ больш палюбіў генерала. Аднойчы пасля такога ўчынку генерал павёў мяне на вышку (гэта такое збудаванне над дваром, у які выводзяць на прагулку асуджаных). Там заўсёды стаіць за кулямётам ахоўнік. Дык гэтага ахоўніка генерал адправіў уніз, і мы засталіся ўдваём. «Вось вывядуць чалавека, ты яго запомні, — сказаў ён. — Калі спатрэбіцца, каб не памыліўся».

Пытанняў я не задаваў. Сапраўды, у круглым дворыке хутка з’явіўся малады, даволі жвавы мужчына. Ён дарма не траціў часу і адразу займаўся фізкультурай. Рукамі адпіраўся ад бетоннай сцяны, якой быў агароджаны дворык. «Гэты злачынец рыхтуецца да пабегу», — сказаў генерал. Так некалькі дзён у назначаны час я назіраў з вышкі за новым дзяржаўным здраднікам. Інакш пра такіх людзей я не думаў.

Аднойчы генерал вызваў мяне ў кабінет і сказаў, што, калі новы знаёмы будзе спрабаваць лезці на сцену (адпірацца рукамі), я павінен яго расстраляць. Гэтага часу чакаць доўга не давялося. Мне далі водпуск дадому. Генерал даў для бацькоў каўбасу, рыбныя кансервы і абавязкова прасіў перадаць ад яго прывітанне і падзяку за такога добрага сына, гэта значыць, за мяне. Я, дурань добрага генерала, радаваўся і абяцаў выканаць любы яго прыказ. Пасля водпуску служба пайшла наперакос. Нашу часць распусцілі, генерала кудысьці адправілі, а Цунава скончыў самагубствам. Мяне звольнілі.

Я пабудаваў сабе дом пад Мінскам, там жыву і цяпер. Сюды, у інстытут, мяне прывезла дачка. Яна працуе на Камароўскім рынку. Толькі праз некалькі гадоў, калі стала мучыць мяне сумненне, я разумеў, што многае рабіў не так. Напрыклад, у час партызанкі разбурыў хату адзінокай жанчыне з дзеткамі на хутары толькі за тое, што яна пякла хлеб бульбаўцам. Гэта таксама былі партызаны, толькі за самастойную Беларусь. А ці магла яна адказацца? Яна пякла хлеб і нам, калі прыказвалі. Шкада, што аб гэтым я задумаўся толькі перад смерцю.

Дзеда слухалі моўчкі. Назаўтра малады доктар адправіў яго ў Бараўляны з дыягназам «Рак». Калі за дзедам зачыніліся дзверы, малады салдат сказаў: «Сапраўдны дурань добрага генерала! Яны і сёння яшчэ не звяліся». Што меў на ўвазе гэты салдацік, невядома, але я думаў пра сваё.

Уладзімір Дамель

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии