Мужчынскія слёзы

0

На вуліцы асенняя пара, але сонейка яшчэ добра прыпякае. У дзіцячым доме ідзе ўстаноўка новай сантэхнікі. Стары зваршчык Пятровіч спецыяльна, па асабістай ініцыятыве, выйшаў на працу ў свой выхадны, каб хутчэй закончыць аб’ект і даць дзеткам цяпло, бо спачуваў дзяддомаўскім. Пасля вайны ён застаўся без бацькоў - яны загінулі - і выхоўваўся ў дзіцячым доме. На дапамогу запрасіў сына, які таксама быў зваршчыкам і сантэхнікам. Удваіх яны справіліся з работай да абеду. Памыўшы рукі і пераапрануўшыся, Мікола — так звалі маладога чалавека — выйшаў на вуліцу, закурыў. На пляцоўцы, у пясочніцы, гулялі дзяўчынкі і хлопчыкі 3−4-х гадовага ўзросту. За імі наглядала маладая выхавальніца. На лаўцы, асобна ад ўсіх, сядзела прыгожанькая дзяўчынка, калыхала ляльку. Міколу ўразіла яе прыгажосць. Вялікія, валашковыя вачаняткі, белакурыя завітушкі валос спадалі на худыя плечыкі, а сама яна спявала ляльцы нейкую сумную песенку і была падобна да Мальвіны з казкі пра «Бураціна».
Заўважыўшы Міколу, дзяўчынка паклала ляльку на лаўку, падыйшла да яго, узяла за руку і амаль што пацягнула за сабой да выхавальніцы.
— Машы ты ізноў… — але малая перабіла яе, — цёця Валя, — так усе дзеці называлі выхавальніцу, — вось мой тата, ён прыйшоў за мной, я пайду з ім дадому, — і абедзвюма ручаняткамі ўчапілася ў ягоную руку.
Мікола разгубіўся, а выхавальніца тым часам адцягвала дзяўчынку ад яго. Маша закаціла істэрыку і вырывалася з рук выхавальніцы.
— Як вы не зразумееце? Гэта ж мой татка, ён прыйшоў за мной.
У маладога чалавека на вочы навярнуліся слёзы, у грудзях нешта зашчаміла.
— Ідзіце адсюль хутчэй, — папрасіла выхавальніца, — яны ў кожным мужчыне бачаць свайго татку, а Маша ў нас самая ўражлівая.
Малады чалавек развярнуўся і, як ні на сваіх нагах, пайшоў да брамкі, а вочы залівалі слёзы.
— Божа, як жа так можна? Што гэта за звяры — жанчыны, што пакідаюць сваіх немаўлят? Ваўчыца і тая не кіне ваўчаня… а гэтыя… зязюлі… Божа! Абярэж гэтых дзетак! — думаў пра сябе Мікола, а ля плота стаяў Пятровіч, і слёзы цяклі па ягонаму маршчыністаму твару. Ці то ад успамінаў свайго дзяддомаўскага жыцця, ці то ад толькі што ўбачанага.

Мікола Корань

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии