Манастыр на Трайчанах

2
Реклама

Гісторыя слуцкага манастыра на Трайчанах непарыўна звязана з гісторыяй горада і з гісторыяй беларускай Праваслаўнай царквы.


ХРАМ-ПОМНІК. На працягу стагоддзяў ён быў сведкай важных падзей у гісторыі нашага горада. Малюнак: Ігар Ціткоўскі

Слуцк з даўніх часоў і амаль да пачатку ХХ стагоддзя меў выразны падзел на ўласна горад (месца) і прадмесці: Востраў і Трайчаны. Напрыканцы ХVІІІ стагоддзя дадалося яшчэ адно прадмесце — Выгода. Трайчаны туліліся да заходняй ускраіны Слуцка. Цяпер гэта жылы раён уздоўж вуліцы Віленскай ад Чортавага мосціка да медыцынскага каледжа. Назва прадмесця ўтварылася ад Троіцкага манастыра, што знаходзіўся тут. А пасля таго, як у 1879 годзе Троіцкі манастыр перавялі ў Мінск, а ў вызваленых будынках размясціўся прыбыўшы з Грозава Іаана-Багаслоўскі манастыр (у сувязі з чым павінна была б змяніцца і назва слуцкага манастыра), у горадзе пачалі карыстацца кампрамісным варыянтам: называлі па найменню прадмесця — Трайчанскім. Таму цяпер у літаратуры можам сустрэць старажытны слуцкі мужчынскі манастыр і пад адной, і пад другой назвай.

Калі быў заснаваны Троіцкі манастыр, невядома. У нясвіжскім архіве Радзівілаў некалі знаходзіўся дакумент, у якім прыводзілася, што гэты манастыр быў абрабаваны ў 1205 годзе падчас вайны. З гэтага можна зрабіць выснову, што з’явіцца ён мог у ХІІ стагоддзі. Спачатку размяшчаўся ў пэўнай адлегласці ад горада, ніжэй па цячэнню ракі Случ, на правым яе беразе. Паўз манастыр праходзіла дарога. Калі побач з ім вырасла прадмесце, адрэзак дарогі да горада стаў вуліцай Трайчанскай.
Манастыр быў адным з галоўных цэнтраў духоўнага і культурнага жыцця краю. Яго значэнне ўзрасло пасля прыняцця ў 1596 годзе царкоўнай Уніі. Тады праваслаўная Кіеўская мітраполія, у склад якой уваходзіла Случчына, спыніла сваё існаванне. Праваслаўныя цэрквы Случчыны Уніі не падтрымалі. Захоўваючы падпарадкаванне Канстанцінопальскаму патрыярху, кіраўніцтва Троіцкага манастыра ў перыяд 1596−1620 гг. фактычна самастойна ладзіла праваслаўнае жыццё краю. Акрамя прыходскіх храмаў, архімандрыту Троіцкага манастыра і заснаванай пры ім кансісторыі падпарадкоўваліся больш дробныя манастыры Случчыны: Слуцкія Ільінскі і Прэабражэнскі, Мікалаеўскі і Іаана-Багаслоўскі ў Грозаве, Морацкі Успенскі і Старчыцкі Петрапаўлаўскі. Калі ў 1620 годзе праваслаўная Кіеўская мітраполія была адноўлена, Слуцкія архімандрыты сталі намеснікамі Кіеўскага мітрапаліта.
У манастыры мелася вялікая бібліятэка. Таксама пры ім дзейнічаў скрыпторый, а зробленымі тут рукапіснымі кнігамі забяспечваліся цэрквы Случчыны. Акрамя перапісчыкаў, над кнігамі працавалі мастакі, якія ўпрыгожвалі іх ілюстрацыямі, а таксама ювеліры, якія рабілі металічныя абклады. Працавалі таксама майстры-алавяннікі. Яны адлівалі свечнікі, посуд, іншыя неабходныя рэчы. Царкоўныя заказы спрыялі развіццю залаташвейнага і ткацкага мастацтва, іканапісу, кавальства, ліцця званоў.

Реклама

Архімандрыты Слуцкага Троіцкага манастыра Феадосій Васілевіч (з 1678 года) і Серапіён Палхоўскі (з пачатку XVIII cтагоддзя), захоўваючы сваю пасаду ў Слуцку, станавіліся епіскапамі Беларускімі і Магілёўскімі. З канца ХVІІІ стагоддзя па 1840 год пры манастыры дзейнічала Мінская праваслаўная духоўная семінарыя. Тады ж пры ім была заснавана епіскапская кафедра. У перыяд з 1772 па 1793 гг. манастыр быў самым буйным праваслаўным цэнтрам Рэчы Паспалітай.
Комплекс манастырскіх пабудоў, якія ўзводзіліся з дрэва, неаднойчы мяняў выгляд. Галоўнай святыняй быў Троіцкі сабор. Разам з іншай манастырскай забудовай ён не раз цярпеў ад ворагаў, у тым ліку ад татарскіх нападаў пачатку XVI стагоддзя. У 1505 годзе па фундацыі княгіні Анастасіі Алелькавіч замест старога драўлянага з’явіўся новы мураваны храм. Узводзіўся ён у памяць аб удалай абароне горада і перамогі над перакопскімі татарамі. Такім чынам, манастырскі Троіцкі сабор мы можам разглядаць як першы ў нашым краі помнік абаронцам Айчыны. Ёсць падстава гаварыць, што ў агульных рысах узведзены княгіняй Анастасіяй храм быў падобны на Успенскі сабор Кіева-Пячэрскай лаўры, за сорак гадоў да таго адноўлены яе сваяком князем Сімяонам Аляксандравічам Алелькавічам. Акрамя галоўнага прастола, у храме таксама меліся і бакавыя, асвечаныя ў гонар святога Дзімітрыя і святых Глеба і Барыса. Тэрыторыю бараніла драўляная агароджа. Уваход быў з боку вуліцы Трайчанскай праз драўляную браму. Па баках браму фланкіравалі дзве драўляныя вежы, паміж імі ўзвышалася надбрамная царква святога Мікіты. На працягу ХVІІІ і ХІХ стагоддзяў ім на змену прыйшлі мураваная сцяна і мураваная брама з надбрамнай царквой Іаана-Багаслова. Акрамя сабора, мелася цёплая зімовая царква, гаспадарчыя пабудовы. На беразе ракі размяшчаліся могілкі. У манастыры былі пахаванні і простых інакаў, і іерархаў, якія ўвайшлі ў гісторыю праваслаўнай царквы, сярод якіх — архімандрыт Міхаіл Казачынскі, вядомы як царкоўны дзеяч, беларускі і ўкраінскі пісьменнік, пачынальнік сербскай драматургіі. Хавалі тут і знакамітых людзей горада і краю. У іх ліку адзін з апошніх князёў Алелькавічаў - Аляксандр Юр’евіч, а таксама першы губернатар далучаных да Расіі земляў Рэчы Паспалітай рускі генерал Міхаіл Мікітавіч Крачэтнікаў. У храмавым склепе стаяла труна княгіні Марыі Лупулі-Радзівіл, жонкі вялікага гетмана ВКЛ Януша Радзівіла, і іх сына.
Троіцкі сабор атрымаў пашкоджанні падчас войнаў ХVІІ і ХVІІІ стагоддзяў. Канчатковая адбудова, якая прыдала храму барочны характар, прыходзіцца на 1785 -1789 гады. Ён меў у плане форму крыжа. Галоўны фасад фланкіравалі дзве чацверыковыя трох’ярусныя вежы. На левай меўся гадзіннік з курантамі, правая служыла званіцай. Для выгляду храма было характэрным спалучэнне даволі масіўных і выразных асноўных частак аб’ёмаў, верагодна, узыходзячых да ХVІ-ХVІІ стст., з вытанчанымі барочнымі завяршэннямі вежаў і купала, крывалінейнымі франтонамі галоўнага і бакавых фасадаў. Цяпер правы прыдзел быў асвечаны ў гонар святой пакутніцы Кацярыны, левы — у гонар святога благавернага князя Аляксандра Неўскага.
На старой драўлянай званіцы на пачатку ХІХ стагоддзя вісела восем званоў. Большы з іх, адліты мясцовымі майстрамі ў 1799 годзе замест разбітага ў сярэдзіне XVII стагоддзя вялікага звона, меў 207 пудоў і 10 фунтаў вагі. Падчас пераводу ў Мінск Троіцкага манастыра туды быў адпраўлены і гэты звон. Па дарозе ў Мінск ён зваліўся з воза і трэснуў. У Мінску быў пераліты і ўсталяваны на званіцы кафедральнага Петрапаўлаўскага сабора.
У 1865−67-я гады ў стылі позняга класіцызму ўзведзены мураваны корпус, дзе размясціліся пакоі архімандрыта, келлі манахаў і цёплая царква Благавешчання, куды перанеслі мошчы блажэннай княгіні Сафіі Слуцкай.

Пасля рэвалюцыі і ўсталявання Савецкай улады на манастырскай тэрыторыі пачаў фарміравацца першы вайсковы гарадок. Манастыр закрылі, яго жылы корпус ператварыўся ў казарму, сабор жа дзейнічаў да 1930 года.
У цяперашніх даведніках можна знайсці, што манастырскі комплекс разбураны ў Вялікую Айчынную вайну. Аднак аўтару гэтых радкоў прыходзілася сустракацца з відавочцамі, якія сведчылі, што адбылося гэта ўжо пасля вайны. У гады акупацыі мясцовымі жыхарамі сабор быў падрыхтаваны да адкрыцця, але адкрыць яго не паспелі. Падчас вызвалення Савецкай арміяй горада ад акупантаў на храмавай званіцы знаходзіліся нямецкія назіральнікі-наводчыкі, і па іх быў скіраваны агонь савецкіх гармат. Пасля вызвалення горада храм стаяў без вярхоў. Па заканчэнні вайны тут зноў размясціўся вайсковы гарадок, і ўжо тады храм быў знішчаны канчаткова. Манастырскі корпус выкарыстоўваўся пад казармы, але ў 1960-я гады быў разбураны і ён.

Ігар Ціткоўскі

P.S. У наш час пакрысе адкрываюцца многія невядомыя раней старонкі нашай гісторыі. Аднаўляюцца страчаныя помнікі. Рэстаўрыруюцца і рэканструююцца замкі. У Мінску і Магілёве адноўлены будынкі гарадскіх ратуш, У Полацку — помнік 1812 года, у Віцебску паўсталі з небыцця Благавешчанская і Уваскрэсенкая цэрквы, Успенскі сабор. Хочацца спадзявацца, што ў нейкі час чарга прыйдзе і да нашага старажытнага Слуцка. І першым адноўленым помнікам, несумненна, павінен стаць Троіцкі сабор — храм-воін, помнік абаронцам краю, сведка гісторыі нашага горада.

Реклама