Малыя вёскі чакаюць фермераў

0

Складана знайсці чалавека, у якога б не было вясковых каранёў. Таму ў лістах, адрасаваных «Кур'еру», чытачы часта выказваюць свой пункт гледжання на лёс вёскі. Ёсць ён і ў нашага пастаяннага аўтара Міхася Тычыны.

Неяк трапіла мне ў рукі дыспетчарская карта Слуцкага раёна за 1990 год з пералікам усіх вёсак і з лічбамі пражываючых у іх жыхароў. Зацікавілі, у прыватнасці, вёскі, што ўваходзілі тады ў калгас імя Калініна — цяперашняе сельгаспредпрыемства «Агра-Мялешкі». Іх там было восем.
У вёсцы Мялешкі, на цэнтральнай сядзібе пражывала тады 648 чалавек. Там былі Дом культуры, магазін, бібліятэка, амбулаторыя, дзіцячы сад, базавая школа, вузел сувязі. Штодзень праз вёску хадзіў тры разы прыгарадны аўтобус. Аднак за дваццаць гадоў колькасць жыхароў тут паменшылась на 246 чалавек. У суседняй вёсцы Папоўцы звыш ста двароў. Жыхароў паменшылась на 104 чалавекі і засталося 250. Амаль трэць хат тут ужо апусцелыя.

А вось у астатніх шасці малых вёсках лічбы пражываючых людзей не радуюць. Напрыклад, у Лошыцах з трыццаці шасці чалавек засталося ўсяго шасцёра пенсіянерак — і ніводнага мужчыны. А ў вёсцы Ліпнікі, на радзіме вядомай беларускай пісьменніцы Алены Васілевіч, з 18 чалавек засталося пяцёра.

Реклама

Як і ў пасляваенныя гады, калі моладзь пасля заканчэння школы накіроўвалася на вучобу ці ў пошуку працы ў горад, далей ад фактычна пустога працадня калгаснага, то і цяпер мала хто з маладых хлопцаў жадае набыць прафесію механізатара, каб застацца ў калгасе. Хоць там ўжо можна атрымаць на ільготных пачатках жылы дом у аграгарадку. У той жа вёсцы Боркі на ферме па адкорму буйной рагатай жывёлы з тутэйшых жыхароў працаваць няма каму — прыязджае кармач з суседняй вёскі. А быць сёння так званым паляводам, свайго роду падручным брыгадзіру па прынцыпе «куды пашлюць», нявыгадна, бо заробак яго мізерны.

Абмялелі малыя вёскі не толькі людзьмі, а і хатняй жывёлай, аб чым нядаўна ў «Кур'еры» біў трывогу чытач Міхаіл Тарасевіч. Рэдка дзе там убачыш у двары карову, што спрадвеку была сямейнай карміцелькай. Па-першае, пажылым людзям цяжка ўпраўляцца з ёю, а калі паблізу няма пашы, тым болей. Дарэчы, гадоў шэсць таму амаль ва ўсіх калгасах пазаворвалі пашы для выпасу кароў калгаснікаў. Для чаго? Каб расшырыць збожжавы клін!
У вёсцы Боркі жанчына-фермерша, якая купіла хату, пераехаўшы з суседняй вёскі Мялешкі, трымае чатыры каровы. А вось пашы ёй не выдзелілі - пасі, дзе хочаш! То тыя каровы жанчына ужо ў гадах выводзіць улетку на вяроўках за два кіламетры і прыпінае ўзбоч меліярацыйных каналаў, або выпускае на апусцелыя сядзібы, якія зараслі крапівой і палыном.

У перспектыве роля малых вёсак бачыцца мне як месца, дзе пры падтрымцы дзяржавы могуць заснавацца фермерскія гаспадаркі. Іх здолеюць абжыць ініцыятыўныя прадпрымальнікі з ліку гараджан, бо ў вёсках іх амаль не засталося. Такі фермер засяродзіўся б на вырошчванні не збожжавых культур, а такіх, якія маглі б даць прыбытак, у прыватнасці, грэчкі, гародніны. А таксама адкормліваць свіней, бычкоў, разводзіць авечак, як гэта, дарэчы, зрабіў Фёдар Балвановіч, мінчанін, ураджэнец вёскі Ліпнікі. Адным словам, ёсць надзея на гараджан з незабытай любасцю да вёскі, прыроды, да зямлі-карміліцы. І з верай, што дзяржава падасць ім руку дапамогі для закладкі трывалага падмурку фермерскай гаспадаркі.

Міхась Тычына, спецыяльна для «Кур'ера»


ЁСЦЬ НАДЗЕЯ. Пакуль малышы бегаюць па вуліцам вёсак, ёсць надзея, што не ўсе з іх знікнуць з карты Случчыны.

ПІШЫЦЕ. Чакаем вашых меркаванняў, разважанняў на розныя тэмы. Наш паштовы адрас: а/с 53, 223 610, г. Слуцк-9; электронны — info@kurjer.info.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии